01.09.2022

Я ёй не афіцыянт! Расчараванне рамантыка прагматычнаю краляй

Восенню 1994-га, дзесьці ў кастрычніку-лістападзе, да нас, дзесяцікласнікаў, прыйшла выкладаць англійскую мову практыкантка, другакурсніца лінгвістычнага ўніверсітэта, якая жыла ў райцэнтры і прыязджала ў нашу вёску аўтобусам (не ведаю, чаму можа навучыць школьнікаў учарашні школьнік, але менавіта так гэтую дзяўчынку нам прадставілі — студэнткаю другога курса, — і так гаварыла пра сябе яна сама). Бледная, невысокая і худзенькая, з мышыным галаском, на першы ўрок з'явілася зусім невыразнаю, проста мізэрнаю, злілася з нашай масай і мяне зусім не ўразіла: цёмная пацёртая трыкатажная аблягальная міні-спадніца і не менш паношаная брудна-белая блузка рабілі яе вобраз будзённым і празаічным, па голых нагах ці то ад холаду (на дварэ начамі ўжо здараліся марозікі, а ацяпленне ўсё яшчэ не працавала), ці то ад стрэсу расплыліся чырвоныя плямы, прамыя русыя валасы былі сабраны ў куль на патыліцы, макіяж адсутнічаў, выраз твару здаваўся разгубленым, спалоханым, зацкаваным.

А ўжо на другім занятку, не ведаю, з якой нагоды такая метамарфоза, дзяўчынка выглядала шыкоўна: валасы распусціла, нафарбавалася, беласнежны світар і чорныя штаны хоць і балахоніліся крыху (віселі на адлегласці ад цела), але рабілі яе сілуэт вельмі вабным, загадкавым (убачыць бы цалкам тое, абрысы чаго месцамі спакусліва даюць пра сябе ведаць!), твар прамяніўся задаволенасцю і ўпэўненасцю ў сабе, і голас цяпер здаваўся мне не пісклявым, а звонкім. Я быў уражаны і ўтрэскаўся. Магчыма, на першы ўрок яна сябе наўмысна зніякавіла і змізарніла, каб хлопцы не ўз'юрыліся і не сталі выдурнівацца, прэтэндуючы на яе ўвагу, а пасля, пераканаўшыся, што пагрозы дысцыпліне з іх боку не назіраецца, паўстала ва ўсёй прыгажосці.

З гэтага самага, другога, урока наша пастаянная настаўніца, мажная цётка гадоў пяцідзесяці ў акулярах з тоўстымі лінзамі, аддала наш клас у поўнае распараджэнне практыканткі і да канца перыяду практыкі з'яўлялася зрэдку — зазірала на перапынку ў шуфляды свайго стала, клала туды ці брала адтуль нейкія сшыткі і знікала.

Англійскую мову я ведаў лепш за ўсіх у класе, практыкантка тое заўважыла і здзіўлялася, казала, што ў іх нават на другім курсе далёка не кожны так спікае. Яе захапленне мною падагравала мае пачуцці, але ілюзіямі я сябе не цешыў і закаханасці ніяк не выказваў, паколькі быў нясмелым нават з равесніцамі. У душы маёй разыгрывалася трагедыя: я з нецярпеннем чакаў урокаў англійскай мовы і са скрухаю — вяртання практыканткі ва ўніверсітэт, склаў пра яе маркотны верш развітальнага зместу на чатыры слупкі, з якога дагэтуль памятаю два радкі і абрывак трэцяга.

Трагізм перажыванняў узмацніўся, калі на перапынках вакол прадмета майго пакланення сталі ўвівацца мясцовыя абібокі, што скончылі школу і паступілі ў ПТВ у райцэнтры, але прагульвалі заняткі, апраўдваючыся спазненнем на аўтобус. Квапіліся гэтыя нікчэмнасці на маю мару паспяхова: дзяўчына ішла з імі на кантакт, ахвотна размаўляла, жартавала (гэта цяпер у школах прапускны рэжым, а ў тыя часы было бязладдзе).

На шчасце, у хуткім часе адбылася развязка, пакуты мае аказаліся нядоўгімі: пакідаючы нас па заканчэнні практыкі, студэнтка з коранем выдрала з маёй душы пачуццё да яе, незнарок жорстка мяне расчараваўшы. На апошнім уроку яна звярнулася да мяне з наказам — чарговы раз расхваліла мае здольнасці і сказала, каб паступаў абавязкова ў «ін'яз», а ў якасці аргумента распавяла вось такую гісторыю: «З добрым веданнем мовы можна шмат зарабляць, нават яшчэ з'яўляючыся студэнтам. Напрыклад, адзін мой знаёмы летам ездзіў у Англію і рабіў там афіцыянтам у начным клубе, дык там наведвальнікі даюць вялізныя чаявыя, а ўсялякія п'янтылы [гаварыла яна на рускай мове і ўжыла словазлучэнне «всякая пьянь»] увогуле не гледзячы грашыма раскідваюцца — запускае руку ў кішэню, жменю купюр і манет дастае, шпурляе на стол, бяры, рэшты не трэба, а яны сыплюцца, на падлогу падаюць, а ён на іх не глядзіць, так што пазней, пасля закрыцця бара, таксама можна сабраць. Карацей, хлопец добра на такіх наведвальніках пажывіўся тым летам».

Пры словах пра неабходнасць паступлення мне ў яе ўніверсітэт сэрца маё затрапятала, я загарэўся, уявіў, што сустрэну там яе — і хто ведае... Але пасаж пра збіранне шчодрых падачак п'янага буржуя імгненна мяне астудзіў: спачатку ўзнікла няўцямнасць («Што я чую?»), пасля — адмаўленне («Не, не можа мой анёл быць такім прыземленым і цынічным, я штосьці недачуў ці не так зразумеў!»), а далей, да вечара, прыйшло разуменне, што маё захапленне было памылкаю, якая, на шчасце, своечасова выявілася, не заслугоўвае маёй адданасці тая, у чыіх вачах жулікаваты прынясі-падай выглядае годным мужчынам (яна ж ставіла мне блюданоса і блюдаліза ў прыклад — значыць, паважала яго). Яшчэ некалькі дзён трымаўся сум, але паступова развеяўся.

На працягу таго і наступнага навучальнага года я захапіўся літаратураю і паступіў на філалагічны факультэт класічнага ўніверсітэта.

© Сяргей Абрамовіч, 2022