Прачытаў я (так, толькі цяпер) выдадзены ў 1990 годзе зборнік рэпрэсаванага ў сталінскія часы Сяргея Грахоўскага (1913 — 2002), у які ўвайшлі яго ўспаміны пра кашмарныя дзесяць гадоў лагернага жыцця (праўда, у тым кашмары ён знайшоў верную спадарожніцу жыцця і пад канец тэрміну стаў бацькам), пра шэсць гадоў высылкі, куды трапіў у хуткім часе пасля лагера, а таксама вершы, напоўненыя ў асноўным думкамі пра тую клятую эпоху, пра адабранае ў яго мярзотнікамі юнацтва і пра несправядлівасць лёсу, які гэтых вылюдкаў так і не пакараў: пражылі яны бязбедна, і зараз (па стане на момант напісання верашў, вядома ж) шмат хто жыве, атрымліваючы сваю персанальную пенсію і не пакутуючы ад згрызот сумлення.
Упершыню я пачуў імя паэта ў 1995-м, калі закончыў дзясяты клас і, як звычайна на летніх канікулах, гасцяваў у вёсцы ў дзеда з бабай. Аднойчы ўвечары, калі сонца ўжо садзілася за далягляд, ляжаў у хаце, адпачываў (гаспадарка там была вялкая, даводзілася шмат працаваць), бабуля штосьці рабіла, размясціўшыся каля стала на табурэтцы, дзед быў нечым заняты ў двары. Гаманіла радыё, ішла нейкая літаратурная перадача. Мы з бабуляй гутарылі, але змоўклі, калі ў эфіры пачаў чытаць свае вершы Сяргей Грахоўскі: бабуля заслухалася імі. Была яна малапісьменнаю, з цяжкасцю пісала і чытала, аднак ведала шмат народных песень, казак і містычных гісторый нібыта з жыцця (як нябожчыкі прыходзяць да жывых і інш.), вызначалася дасціпнасцю, размаўляла заўсёды эмацыянальна, вобразна, нярэдка выказваючы свае думкі ўскладнена-красамоўна-іншасказальна, з усялякімі мудрагелістымі прыказкамі, заблытанымі намёкамі і найтанчэйшаю іроніяй.
Адзін з агучаных паэтам вершаў заканчваўся вось якімі радкамі:
А я не шкадую сівую,
Кладу на калодку: сячы.
Кладу на калодку: сячы.
Гэтымі словамі аўтар з выклікам абвяшчаў бязлітаснаму жыццю, што не трымаецца за яго і гатовы без шкадавання памерці.
— А каму гэта ён так гаворыць: «Сячы»? — спытала ў мяне бабуля, як мне здалося, разумеючы, да каго звернуты словы паэта, але жадаючы на ўсялякі выпадак удакладніць у маладога і вучонага (у параўнанні з ёю), ці правільна яна іх зразумела.
— Жыццю, — адказаў я.
— Вой-вой, і праўда... Праўду напісаў, жыццё гэта нашае, жыццё гаротнае... — штосьці ў такім сэнсе прамовіла бабуля, здзіўленая тым, як дакладна, трапна перадаў паэт трагічныя аспекты існавання чалавека. Сама яна таксама радасці на сваім вяку пабачыла няшмат: дзень і ноч працавала, ведучы амаль натуральную гаспадарку (а зямлі за саветамі давалі мала, даводзілася таемна распрацоўваць мноства невялікіх лапікаў па навакольных лясах), перажыла ў акупацыі вайну, выгадавала пяцёра дзяцей, таму, хоць рэпрэсіі яе, на шчасце, не зачапілі (ды пра іх, здаецца, і не было гаворкі ў той радыёперадачы), настрой верша аказаўся блізкім яе светаўспрыманню, уразіў і выклікаў глыбокую павагу да аўтара.
У той момант я яшчэ не ведаў пра лёс паэта і яго радкі ўспрыняў проста як развагі стомленага чалавека на падыходзе да канца жыццёвага шляху. А калі праз год паступіў на філалагічны факультэт, то паспеў убачыць Сяргея Грахоўскага наяве. Ён і яшчэ некалькі паэтаў (дакладна памятаю, што былі Леанід Дранько-Майсюк і Валянціна Аколава) прыйшлі на сустрэчу са студэнтамі: увечары (за вокнами ўжо было цёмна, ці то кастрычнік, ці то лістапад) у актавай зале чыталі свае вершы, дзяліліся ўспамінамі і сваімі поглядамі на сучаснасць. Па заканчэнні сустрэчы ўсе сталі разыходзіцца, а я з кімсьці са студэнтаў занёс з актавай залы ў аўдыторыю некалькі крэслаў, якія мы бралі для паэтаў (яны сядзелі на сцэне), і калі, ужо адзін, кіраваўся па пустым змрочным калідоры (былі ўключаны не ўсе свяцільні) да выхаду, насустрач мне ішоў (напэўна, у аўдыторыю, дзе яшчэ заставаліся выкладчыкі) Сяргей Грахоўскі, хударлявы, у чорным скураным пінжаку. Мы моўчкі абмяняліся кароткімі позіркамі. Падчас сустрэчы са студэнтамі паэт не дзяліўся перажытым, не скардзіўся, таму трагічных падрабязнасцей яго жыцця я тады ўсё яшчэ не ведаў і бачыў у ім проста паважанага старога чалавека ды аўтара добрых вершаў, а ён, мабыць, убачыў ува мне тое светлае, бесклапотнае юнацтва, якое павінен быў пражыць і сам, але праз чыюсьці злую волю страціў.
Праз год пасля той сустрэчы яго не стала.
© Сяргей Абрамовіч, 2022