22.12.2021

Дзве праблемы беларускай мовы, якіх я шукаў дваццаць гадоў

З таго часу, як у 2001 годзе я закончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта, мне двойчы даводзілася чуць у шматлюдных гутарках (першы раз — у асяроддзі педагогаў, другі — журналістаў) сцвярджэнне, што нібыта беларускай моваю можна выказаць не ўсе думкі. Абодва разы на гэтыя глупствы я не адрэагаваў, пашкадаваўшы бісеру. У другім выпадку (з журналістамі) цяпер ужо нежывы беларускі паэт, які быў удзельнікам той гутаркі, абурана парыраваў: «Гэта таму, што вы ёю не валодаеце!» Заўвага аказалася трапнаю, аспрэчваць яе апанентам не было чым, дыскусія не разгарэлася.

Але нядаўна я ўсё ж сутыкнуўся з цяжкасцю выбару патрэбнага беларускага слова, да таго ж, як на тое, гаворка ішла не пра філасофію, медыцыну, матэматыку ці яшчэ якую-небудзь дасягальную не для кожнага розуму навуку, а пра ардынарную, звыклую сітуацыю, звязаную з эксплуатацыяй аўтамабіля.

У беларускамоўным тэксце мне трэба было напісаць, што я не захацеў ехаць на сваёй машыне па глыбокай лужыне, баючыся, каб вада не дастала да самых калодак. Маю на ўвазе не тармазныя калодкі, а тыя, у якіх размяшчаюцца падшыпнікі і якія ў рускай мове завуцца ступицами.


Калодкі і тармазныя калодкі знаходзяцца зусім недалёка адны ад другіх: калодка з падшыпнікам — у цэнтры дыска, да якога мацуецца кола, а тармазныя калодкі — па краях гэтага дыска. І аўтамабілісты звычайна, гаворачы пра тармазныя калодкі, слова «тармазныя» апускаюць: «калодкі з датчыкам зношвання», «настаў час мяняць калодкі» — гэта ўсё выказванні пра іх, тармазныя калодкі.

Калі вільгаць трапіць у падшыпнік, ён можа заржавець, і тады яго абавязкова трэба мяняць, а зрабіць гэта няпроста, і каштуе ён не капейкі. Непажадана мачыць і тармазныя калодкі, бо тады зніжаецца эфектыўнасць тармажэння (пасля выезду з лужыны калодкі рэкамендуецца прасушыць, праехаўшы крыху з націснутымі тармазамі, каб у выніку шаравання калодак аб дыскі вада выпарылася ад нагрэву).

Я ў сваім тэксце распавядаў, што баяўся менавіта за калодкі з падшыпнікамі. Дык як жа мне было сфармуляваць выказванне, каб чытач зразумеў, што менавіта я маю на ўвазе? Так і напісаў — «калодкі», і ў дужках удакладніў наконт падшыпнікаў. Можна запярэчыць, што паколькі мачыць непажадана і адны, і другія калодкі, то няма ніякай праблемы: назваў адным словам два размешчаныя побач элементы, якія баяцца вады, — і правільна зрабіў. Але з улікам таго, што для тармазных калодак вільгаць не настолькі крытычная, як для калодак з падшыпнікамі, дыферэнцыяцыя (наяўнасць асобнага слова для кожнай дэталі) пажаданая, так што недапрацоўка лінгвістаў відавочная, варта было б прыдумаць які-небудзь іншы тэрмін для абазначэння калодкі-ступицы або неяк на-іншаму назваць тармазныя калодкі (знешне яны больш падобныя да брускоў, асабліва ў дыскавых тармазах, так што я прапанаваў бы варыянт «тармазныя брускі»).

Ёсць у беларускай мове і яшчэ як мінімум адно праблемнае слова, што абазначае два розныя аб'екты. Ужываючы яго, у кожным выпадку таксама трэба дадаткова тлумачыць, што канкрэтна з'яўляецца прадметам гутаркі.

Слова «падбел» абазначае ў нас дзве расліны — тую, якой у рускай мове адпавядае найменне «мать-и-мачеха», і тую, якую расіяне называюць таксама подбелом.



Праўда, у акадэмічным руска-беларускім слоўніку ў артыкуле «мать-и-мачеха» побач са словам «падбел» змешчаны альтэрнатыўны варыянт «маташнік», але, па-першае, «падбел» знаходзіцца на першым месцы, г.зн. разглядаецца як больш прымальны варыянт, а па-другое, «маташнік» адсутнічае ў акадэмічным пяцітомным тлумачальным слоўніку беларускай мовы і ў акадэмічным граматычным слоўніку назоўніка. Да таго ж яшчэ і ў рускай мове ёсць слова «матошник», і абазначае яно таксама расліну, толькі не падбел. Такім чынам, «маташнік» — гэта нейкая сумніўная і недарэчная лексема, якая, магчыма, трапіла ў руска-беларускі слоўнік праз непаразуменне, а магчыма, каля яе павінна стаяць пазнака наконт прыналежнасці яе да дыялектаў.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што і падбел-мать-и-мачеха, і падбел-подбел выкарыстоўваюцца ў медыцыне, — вось і зразумей, што табе будзе прызначаць урач ці які-небудзь знахар...

У адрозненне ад сітуацыі з калодкамі, наконт размежавання двух розных падбелаў ніякіх ідэй у мяне пакуль што няма, так што нічога не прапаноўваю.

Карацей кажучы, пераканаўся я, што мелі рацыю мае апаненты, — не прайшло і дваццаці гадоў, як нават я, знаўца і актыўны карыстальнік беларускай мовы, аж два разы не здолеў сфармуляваць на ёй думку!