Чэрвеньскім днём я рамантаваў каля пад'езда сваю машыну (лекгавік, 21-гадовае «Пежо»). Паломка была нескладаная, але я ніяк не мог даць ёй рады — нервы мае напяліся, час ішоў, а справа пасоўвалася вельмі марудна: у цяжкадасягальным месцы пераламіліся два страшэнна акісленыя правадкі, і мне трэба было да бляску адшараваць іх, злучыць, абматаць месца злучэння ізаляцыйнай стужкай. Церпячы боль у крыжы і каленях, я навісаў калодзежным жураўлём над маторам і маніпуляваў рукамі ў абмежаванай прасторы ледзь не навобмацак.
У такую няпростую хвіліну да мяне падышоў хлопчык гадоў, мабыць, васьмі. Паважліва-ліслівым тонам павітаўся:
— Добры дзень.
Я адказаў.
— А вы машыну рамантуеце?
Я пацвердзіў.
— А можна я пагляджу?
Я дазволіў. Хлопчык на імгеннне зазірнуў у матор і пацікавіўся:
— А вы хутка яе адрамантуеце?
— Не ведаю. Як атрымаецца, — адказаў я.
— А вы на ёй грошы зарабляеце? Гэта для працы машына? — здзівіў мяне сталым і прагматычным для яго ўзросту пытаннем.
— Не, — адказаў я, — проста езджу па сваіх справах.
— Эх, а я вось з пачатку лета яшчэ ні на адной машыне не пракаціўся, — тужліва-летуценна падзяліўся ён клопатам.
Тут я насцярожыўся — падумаў, што яго цікаўнасць да мяне небескарыслівая. Адказваць на рэпліку не стаў, гэта ж было не пытанне і не просьба. Аднак доўга чакаць не давялося — і пытанне, і просьба (два ў адным) адразу прагучалі:
— А пакатаеце мяне, калі адрамантуеце?
Мне не шкада было паліва правезці яго па горадзе, але ж чужое дзіця — гэта і адказнасць, і верагоднасць непаразумення з яго бацькамі, і, не выключана, усялякія іншыя далікатныя пытанні, што паўстануць, непрадбачаныя, калі раптам адбудзецца якое здарэнне. Таму я адказаў дыпламатычна:
— Гэта павінны бацькі дазваляць.
— Мне мама заўсёды дазваляе катацца з кім-небудзь, — з надзеяй у голасе прамовіў ён.
— А тата? — удакладніў я таксама з надзеяй — на тое, што з татам атрымаецца якая-небудзь загвоздка, акажацца ён не такім згаворлівым, і мне можна будзе спаслацца на яго, аргументуючы адмову. Загвоздка сапраўды атрымалася, але не на маю карысць:
— А таты ў мяне няма, — збянтэжыў мяне хлопчык, спакойна, без жалю, крыўды ці разгубленасці раскрыўшы далікатную дэталь свайго асабістага жыцця.
— Зразумела, — кінуў я, імкнучыся ўдаць максімальна нейтральную і абыякавую інтанацыю, каб загладзіць няёмкасць моманту і адвесці размову ад патэнцыяльна балючай тэмы.
Але суразмоўца і сам не збіраўся на ёй затрымлівацца — адразу паўтарыў пытанне:
— Ну, дык вы мяне пакатаеце?
— Не магу сказаць, машына ж яшчэ не адрамантавана, і невядома, як атрымаецца. Што, калі я да вечара пракалупаюся? Трэба спачатку ўсё зрабіць, а пасля ўжо гаворку весці.
— А можна мне ў машыне пасядзець?
— Пасядзі.
Ён сеў за руль. Праз імгенне вылез і сеў на пярэдняе пасажырскае сядзенне. Пасля — на задняе. Пасля вярнуўся за руль. Пасля адкрыў багажнік. Мяне, і без таго напружанага цяжкай працаю, гэтае мільганне чужога дзіцёнка пад ляпанне дзвярэй напружыла яшчэ мацней.
— Давай дзверцамі стукаць не будзем, бо мне гэта замінае, — сказаў я стрымана.
— Добра, — згадзіўся няўрымслівец, і зноў — ляп, ляп, ляп...
Відавочна, адчыняючы-зачыняючы дзверы і залазячы-вылазячы, ён несвядома замяняў гэтымі дзеяннямі выкананне невыканальнага ў той момант жадання: паколькі машына заставалася нерухомаю, шукальнік магчымасці пакатацца стаў у якасці сурагату язды рухаць у ёй усё, што паддавалася дзіцячым рукам.
Я напоўніў нездаволенасцю і павысіў голас:
— Так, што гэта такое?! Я ж сказаў не стукаць мне! Што незразумела?
Адразу паля гэтай заўвагі праблемны госць без ніякіх ваганняў і без ніводнага слова пакінуў машыну і не азіраючыся пайшоў у напрамку свайго дома (перад гэтым ён, размаўляючы са мною, між іншым сказаў, дзе жыве). А хвілін праз дзесяць праляцеў паўз мяне на ровары.
© Сяргей Абрамовіч, 2021