17.06.2021

Высветліў адносіны з быком і вымушаны быў прызнаць яго перавагу

Не ведаю, як цяпер, а ў гады майго дзяцінства сярод нас, хлопцаў, была шырока распаўсюджана завядзёнка высвятлення, хто за каго мацнейшы, праз бойку адзін на адзін. Удзел у такой бойцы называлі словам «выходзіць». Пад выхадам меўся на ўвазе, вядома ж, выхад на рынг, на бой, але вымаўлялася менавіта адно гэтае слова: «Выйдзем?» — пытаўся хтосьці, калі жадаў самасцвердзіцца, у кагосьці прыкладна роўнага сабе паводле сілы, або прапаноўваў: «Давай выйдзем». Адмовішся — прызнаеш сябе слабейшым, і той, хто прапаноўваў бойку, будзе пагарджаць табою, ды яшчэ і ўсім раскажа пра тваю адмову, і ўсе возьмуць гэта да ведама, палічаць цябе баязліўцам і пры выпадку нагадаюць табе пра тваю заплямленую рэпутацыю. Пагодзішся — дамаўляецеся пра час і месца паядынку, запрашаеце з сабою кожны са свайго боку каго хочаце ў якасці сведкаў, б'яцеся, і назаўтра ўся школа ведае, што той і гэты «выходзілі» і той ці гэты перамог.

Я «выходзіў» толькі адзін раз, таму што вызначаўся сярод равеснікаў больш унушальнымі габарытамі і выклікаць мяне ніхто не адважваўся. А той, хто адважыўся (ініцыятарам бойкі стаў менавіта ён), знаўся са старэйшымі абібокамі, займаўся з імі ў абсталяванай у падвале ўласнымі сіламі трэнажорцы і адпрацоўваў прыёмы ўсялякіх баявых мастацтваў, і быў ён, як сёння разумею, мацнейшым за мяне, спрытнейшым і больш трывалым, вынослівым (да прыкладу, на фізкультуры нарматывы выконваў, а я — не), але аказаўся слабейшым маральна і таму прайграў. Сышліся мы цёмным і туманным лістападаўскім вечарам у бязлюдным месцы. Аднак бойкі не атрымалася: хадзілі-хадзілі кругамі, махалі рукамі і нагамі, а злосці не адчувалі, шаленства, раз'юшанасць нас не ахоплівалі. Мы абодва характарамі былі добрыя, душэўныя людзі, і ні з таго ні з сяго саўгануць з усяго размаху бліжняму свайму духу не хапала. Тады вырашылі біцца на стаўкі: ён паставіў пачак цыгарэт старэйшых хлопцаў, якія прыйшлі з ім (сам не курыў), а я — свой ручны камандзірскі гадзіннік (да курыва таксама быў абыякавы, але вырашыў у выпадку перамогі аддаць выйгрыш сваім секундантам — двум маім аднакласнікам-курцам). Стаўкі былі відавочна няроўныя, мая ў шмат разоў больш салідная, тым самым я прадэманстраваў упэўненасць у сваёй перавазе і пазбавіў праціўніка баявога духу:

— Не, хлопцы, не буду я біцца, я прайграў, — сказаў ён бяссільна, асуджана, і мы разышліся.

Стаўку сваю яго апекуны нам не аддалі, а назаўтра яшчэ прыйшлі ў школу і прыгразілі мне расправаю, каб маўчаў пра ганебны для іх падапечнага паядынак.

У сувязі са звычаем «выхадаў» практыкаваўся такі від шкодніцтва, як звядзенне лбамі абыякавых адно да аднаго суб'ектаў. Кагосьці нацкоўвалі, нібыта, маўляў, той фанабэрыцца ў цябе за спінаю, кажа, што мацнейшы за цябе і можа «выйсці» з табою, і такую самую лухту ўводзілі ў вушы іншаму. Пры гэтым ахвяр правакацыі пад'юджвалі: а што, хіба не надаеш яму, каб перастаў язык распускаць? У выніку ў кагосьці канчалася цярпенне, ён прыходзіў да ўяўнага ворага з прэтэнзіяй, і правакатары паціралі рукі: ура, будзе відовішча!

Усе гэтыя агідныя з'явы прыгадаліся мне цяпер, калі я даведаўся, што нядаўна ў адным калгасе адбыўся вось які інцыдэнт з удзелам чалавека і быка.

У гаспадарку ўладкаваўся новы даглядчык жывёлы. Інструктуючы, яго папярэдзілі пра наяўнасць у статку шалёнага маладога бычка, які кідаецца на ўсіх незнаёмых людзей і з якім, значыць, трэба быць абачлівым. Даглядчык меў ужо сем гадоў стажу аналагічнай працы ў іншым калгасе, таму з выглядам дасведчанага чалавека махнуў рукою і сказаў літаральна так:

— Абы-што, я з ім разбяруся.

Ці пачуў рагаты бандыт такое пагардлівае выказванне пра сябе, ці хтосьці данёс яму, як вышэйпамянёныя правакатары ў маім дзяцінстве, не ведаю, але ў любым выпадку высвятлення адносін доўга чакаць не давялося. Ужо на трэці дзень працы новага даглядчыка, калі ён знаходзіўся адзін у пустым кароўніку, з якога жывёл выгналі на прагулку, зламыснік аддзяліўся ад статку, ціха, нікім не заўважаны (нібыта высочваў апанента, каб пагутарыць з вока на вока), увайшоў у памяшканне і бадануў чалавека, схіленага ў той момант над паільным абсталяваннем, у твар.

Наступствы аказаліся сур'ёзнымі, работнік доўга заставаўся на бальнічным. Калі вярнуўся, бычка ўжо не было: яго далей ад граху здалі на мясакамбінат. А з пацярпелага пасміхаліся:

— Ну, дык што, хто з кім разабраўся?

© Сяргей Абрамовіч, 2021