09.06.2021

Пацыент, бяры прыклад з урача — хварэй і не скардзіся

Вясковая бабулька прыехала ў раённую бальніцу на прыём да хірурга, вядомага абыходжаннем з пацыентамі паводле прынцыпу «не дурыце мне галаву, само пройдзе, скажыце, няхай наступны заходзіць». Перад эскулапам ужо маячыла пенсія, чым, не выключана, і былі абумоўлены яго адносіны да скаргаў хворых: надакучыла ўсё, стаміўся. А яшчэ ён быў знакаміты тым, што яго жонку злавілі на спробе вынесці з супермаркета прадукты пад спецыяльна зробленым двайным дном сумкі (хірург пасля бедаваў у гутарках са знаёмымі, маўляў, зганьбіла яго на ўвесь раён, але злыя языкі казалі, што гэта сам ён і падбіў яе на такі промысел, і двайное дно ўладкаваў, і што нібыта правалам скончылася далёка не першая спроба няправеднай здабычы хлеба надзённага, г.зн. пара доўга жыравала на дармовых харчах). Зрэшты, гэты эпізод яго біяграфіі адносін да справы не мае — проста штрых да партрэта.

Бабулька пераступіла парог кабінета, і хірург, які ў той момант сядзеў за сталом, незадаволена скрывіўся, сказаўшы выразам твару: во, яшчэ адна, паўзуць і паўзуць бесперастанку!

— Доктар, у мяне вось тут баліць увесь час, — паведаміла наведніца прычыну свайго прыходу, паказаўшы на частку цела, якая яе турбавала.

З прыкрасцю ўздыхнуўшы (о божа, як жа вы, такія вось, мяне дасталі!), паслядоўнік Гіпакрата з'едлівым тонам спытаў:

— А яшчэ дзе баліць?

— Ну, яшчэ тут бывае, — злёгку збянтэжыўшыся, паказала пацыентка на іншае праблемнае месца.

— А яшчэ? — гэтае не менш з'едліва прамоўленае пытанне ўжо насцярожыла шукальніцу пазбаўлення ад болю, навяло яе на думку, што нешта тут нячыста.

— Больш нідзе, — адказала няўцямна, зніякавела.

— А колькі табе, бабка, гадоў? — ранейшым ядавітым тонам працягваў лекар збор анамнезу.

— Восемдзясят.

— Восемдзясят? А мне вось яшчэ шасцідзесяці няма, — сказаў носьбіт белага халата, устаючы і павышаючы голас, пераключаючы інтанацыю з саркастычнай на абураную, — а ў мяне і тут баліць, і тут, і тут вось, і вось тут таксама, — пляскаў сябе па плячы, шыі, калене… — Дык чаго ж ты ад мяне хочаш?! Я табе, можа, чараўнік які, ці хто?!

І пайшла бабулька туды, адкуль прыйшла, нялечаная і нават не агледжаная.

© Сяргей Абрамовіч, 2021