Нічым не адметны, някідкі, дробны і бледны юнак у чорных джынсах і карычневай ці то вятроўцы, ці то кофце на маланцы, седзячы бліжэй да хваста ў прыгарадным аўтобусе, што кіраваў з вясковай глыбінкі ў райцэнтр, лузгаў семкі і кідаў шалупінне пад ногі.
Шафёр, сівы і мажнаваты, але відавочна яшчэ моцны і энергічны дзядзька, заўважыў абуральнае відовішча ў люстэрка, спыніўся сярод поля, паднёс свінтуху венік з шуфлікам і, назваўшы яго ўсялякімі словамі, самым добразычлівым з якіх было «малакасос», загадаў прыбраць шкоду. Той не крануўся з месца і нічога не адказаў (відаць, мову заняло), заліўся чырванню, набычыўся, прыўзняў плечы і развёў локці, без слоў даючы зразумець, што такі паварот справы яму не даспадобы і што хлопец ён дастаткова баявы, нягледзячы на неўнушальную камплекцыю і зялёны ўзрост, кошт сабе ведае і папіхаць сабою не дазволіць, рабіць прылюдна брудную працу яго не прымусіш. Аднак шафёр пантаміму не ацаніў і, не зацягваючы нямую сцэну, дадаў да толькі што агучаных моўных канструкцый фразу ў сэнсе «зараз па саплях надаю і выкіну, як шчанюка». Герой адразу звяў, абмяк і, сарамліва апусціўшы галаву, стараючыся ні з кім не сустрэцца позіркам, узяўся за справу.
Вымеў і вынес на ўзбочыну шалупінне, прыхіліў венік з шуфлікам да кола (шафёр у той момант курыў побач) і стаў караскацца ў салон, удаючы моцнае ап'яненне, хаця яшчэ колькі хвілін таму быў бадзёрым, годна і ўпэўнена глядзеў шырока раскрытымі вачыма. Ускараскаўшыся, гэтак жа п'яна, хапаючыся за поручні і абапіраючыся на спінкі сядзенняў, на непаслухмяных нагах дацягнуўся да свайго месца, плюхнуўся, скурчыўся, звесіў галаву і прыкінуўся, што спіць. Па дарозе перыядычна паглядаў спадылба, імітуючы п'яна-сонны выгляд, у акно, каб не прапусціць свой прыпынак, і зноў бяссільна кідаў галаву. Густая, ледзь не да чарнаты, чырвань твару спрыяла поспеху ігры. Нейкая бабулька, што сядзела за акторам, час ад часу тармасіла яго, спагадліва прыгаворваючы штосьці кшталту «асцярожна, не спі, бо стукнешся, дарога кепская, падкідвае моцна».
Зняважаны гонар быў уратаваны: п'яны ён, і гэтым усё тлумачыцца, сам не свой чалавек, лыка не вяжа, не ўсведамляе, што вакол робіцца і што сам ён робіць, таму і смецце сыпаў, таму і за венік узяўся замест таго, каб даць шафяругу добры адлуп.
© Сяргей Абрамовіч, 2021