30.05.2021

Хірамантыя ў маім жыцці: навошта пачаў і як кінуў

У розныя часы і з рознай ступенню апантанасці я цікавіўся хірамантыяй, нумаралогіяй, картамі Тара і народнаю магіяй. Але зараз распавяду толькі, як дурыў галаву сабе і іншым першаю з вышэйпералічаных сістэм ведаў. Захапляўся ёю ў юнацтве на працягу дзесьці года з паловаю, а перадумовы таго захаплення бачу ў дзяцінстве, і з іх, перадумоў, пачынаю расповед.

Насталі 90-я, Саюз ці то разваліўся, ці то трашчаў па швах. Я вучыўся ў класе 8-9-м хоць і вясковай, але з вялікай напаўняльнасцю, школы: было па 4-5 паралеляў, заняткі нейкі час праходзілі нават у 2 змены, бо насельніцтва нашай вёскі сягала, напэўна, тысяч пад восем (цяпер, пасля працяглага дэмаграфічнага спаду, — шэсць з паловаю). Чумак і Кашпіроўскі ўжо не з'яўляліся на экранах са сваімі сеансамі, затое кожная газета, кожны тэле- і радыёканал практыкавалі бязглуздую псеўдаастралагічную рубрыку з прагнозамі для знакаў задыяка (да астралогіі такія гараскопы маюць вельмі ўжо аддаленыя адносіны, але заглыбляцца ў падрабязнасці зараз не буду, бо гаворку весці наважыўся не пра тое), шмат пісалася і гаварылася пра іншапланетнікаў, шырока рэкламавалі сябе чарадзеі, варажбіткі ды экстрасэнсы — і я, дзіця свайго часу, збіраў у альбом выразкі пра НЛА, вампіраў, палтэргейст, прароцтвы і да таго падобную непатрэбшчыну.

Аднойчы ў наш клас увайшоў хударлявы, бледнаскуры, рыжавалосы малады чалавек, сказаў, што ён вучань Паўла Глобы (былы, г.зн. прайшоў курс навучання), і запрасіў усіх у гурток па астралогіі: заняткі раз на тыдзень, пры сабе мець сшытак і асадку.

Ён, відаць, абышоў усю школу, бо на першы занятак з'явілася дзяцей хоць і няшмат, каля дзесяці, але розных узростаў, пачынаючы прадстаўнікамі малодшашкольнага звяна і заканчваючы навучэнцамі выпускных класаў. Пад гэтую першую сустрэчу нам адвялі актавую залу: напэўна, чакалі, што натоўп рынецца штурмаваць браму да таямніц светабудовы і лёсу чалавецтва.

Не ведаю, наколькі добрым астролагам быў гэты вучань знакамітасці, але педагагічнага майстэрства яму яўна не ставала. Даходліва тлумачыць, весці дыялог з дзецьмі на зразумелай ім мове не ўмеў (зрэшты, і прадмет гутаркі быў зусім не дзіцячы), гаварыў шмат і хутка, несупынным патокам, блытана і непаслядоўна, пераскокваючы з аднаго на другое, выкладаючы сутнасць думак то надта аддалена і цьмяна, то вельмі няўдалымі, недарэчнымі аналогіямі і параўнаннямі (напрыклад, тып разняволенага, упэўненага ў сабе і бесцырымоннага чалавека ахарактарызаваў наступным чынам: «Такі мог бы лёгка прама тут і зараз, на нашых з вамі вачах, прысесці і задаволіць натуральную патрэбу»).

Сыплючы свой боб з гарохам, астролаг раз-пораз паглядаў на гадзіннік і абвяшчаў штосьці такога кшталту: «Ну, вось, цяпер дваццаць пяць хвілін, стрэлка паказвае на лічбу пяць, а гэта значыць, што ў свае правы ўступілі адпаведныя ёй планета і знак задыяка — Юпітэр і Леў, і цяпер мы знаходзімся пад іх уплывам, таму цяпер наш настрой, лад думак, працаздольнасць, самаадчуванне могуць змяніцца такім і гэткім [тут ён гаварыў, якім канкрэтна] чынам». Калі два малодшакласнікі, засумаваўшы, сталі насіцца і крычаць, старэйшыя заклікалі іх да парадку, але астролаг, зноў зірнуўшы на гадзіннік, папрасіў не чапаць малых: «Няхай пабегаюць, яны зараз самі перастануць. Гэта проста мы перайшлі пад уплыў планеты і знака, якія ламаюць звыклыя ўяўленні, выходзяць за агульнапрынятыя рамкі, здзіўляюць, шакіруюць. Праз пяць хвілін у свае правы ўвойдуць іншыя знак і планета — і запануе спакой». Спакой, аднак, не запанаваў, пакуль дзецям паўторна і больш рашуча не зрабілі заўвагу.

Наступны занятак прайшоў ужо ў кабінеце. Нашыя шэрагі заўважна парадзелі, прыйшла палова папярэдняга складу (у прыватнасці, знікла малеча). Мы намалявалі ў сшытках умоўныя абазначэнні планет, запісалі адпаведныя ім лічбы, металы, дні тыдня, яшчэ нейкую інфармацыю зафіксавалі, атрымалі заданне ўсё гэта дома запомніць і разышліся.

Праз тыдзень, у дзень чарговага занятку, я ўбачыў на першым паверсе каля раскладу ўрокаў аб'яву: «Сёння гуртка па астралогіі не будзе». А яшчэ праз тыдзень не было ні занятку, ні аб'явы, я дарэмна прыйшоў у прызначаны час у прызначаны кабінет.

Больш той астролаг мне на вочы не трапляў, але кінутае ім насенне знайшло ў маёй душы прыдатную глебу: я захацеў навучыцца гэтак сама віртуозна жангліраваць лічбамі ў спалучэнні з назвамі нябесных аб'ектаў, на хаду вытлумачваючы любую з'яву астралагічнымі паняццямі, і спасцігнуць усе іншыя дзівосы, якімі была напоўнена галава нашага мімалётнага, бы метэор мільгануў, настаўніка, а таму вельмі шкадаваў з прычыны такога кароткага веку гуртка. Заставалася мне толькі чытаць у газетах і часопісах матэрыялы на эзатэрычныя тэмы і разважаць, дадумваць, фантазіраваць.

Аднойчы падчас паездкі з бацькамі ў горад мне купілі тонкую, з паўагульны сшытак, у мяккай вокладцы, кніжачку Паўла Глобы «Популярная астрология». Уласна астралогіі ў строгім разуменні гэтага слова (складанне і інтэрпрэтаванне натальнай карты — схемы размяшчэння нябесных аб'ектаў адносна Зямлі з улікам даты, часу і месца нараджэння канкрэтнага чалавека) на старонках таго выдання не было. Былі раздзелы па хірамантыі, фізіягноміцы, было штосьці пра суадносіны частак цела чалавека са знакамі задыяка, пра інтэрпрэтацыю размяшчэння на ім радзімак і валасоў і інш.

Знаёмствам з гэтай кнігаю маё паглыбленне ведаў па астралогіі скончылася — энтузіязм згас, з'явіліся іншыя інтарэсы: тэхнічная творчасць (цягнуў з месцаў складзіравання металалому і прамысловых звалак усялякае ламачча і майстраваў з яго ўсемагчымыя самаробкі: нажы, бранзалеты, ліхтарыкі і г.д.), сачыняльніцтва (паэт ува мне прачнуўся — стаў ляпіць здзеклівыя вершыкі пра настаўнікаў і нялюбых мне равеснікаў, ды яшчэ і карыкатурамі іх ілюстраваць), проста біццё лындаў з сябрамі на ўскраіне вёскі ў зляпаным намі для сваіх сходак дашчатым будане.

Тым не менш зачэрпнутая з кнігі і двух заняткаў інфармацыя доўга яшчэ не пакідала маю свядомасць: лічбы цяпер асацыяваліся ў мяне з планетамі і адпаведнымі ім уласцівасцямі ў сэнсе ўплыву на нашае жыццё, убачыўшы выпадкова далонь чалавека, я міжволі пачынаў аналізаваць (у думках, сам сабе) малюнак на ёй — карацей, напэўна, былі падставы гаварыць пра нейкі сіндром навязлівасці.

На некалькі гадоў пра «Популярную астрологию» я забыў, правалялася яна дзесьці на антрэсолях ці ў канапе — і раптам спатрэбілася, калі я, скончыўшы ўніверсітэт, другі год працаваў настаўнікам у вясковай школе (не ў сваёй роднай, у іншай вёсцы). Мяне папрасілі паўдзельнічаць у раённым конкурсе «Настаўнік года». Паводле палажэння гэта было немагчыма, бо я не меў дастатковага стажу, з'яўляўся маладым спецыялістам, але ўсе настаўнікі адмаўляліся, і адміністрацыя ўсклала спадзяванні на мяне: прымі, маўляў, удзел дзеля адчапнога, каб нас не папракнулі ў ігнараванні раённага мерапрыемства, перамогу ўсё роўна не здабудзеш, ды і не трэба, галоўнае — засведчыць удзел школы. Я згадзіўся.

Конкурс праходзіў два дні. Адным з пунктаў яго праграмы была прэзентацыя ўдзельнікамі сваіх хобі. Я на тым этапе жыццёвага шляху нічым не захапляўся, але на падрыхтоўку да конкурсу адводзіўся месяц, так што за гэты час можна было паспець і калекцыю якую-небудзь сабраць, і з дрэва чаго-небудзь настругаць, і з гліны наляпіць — карацей, зымітаваць хобі і вынесці на суд журы фіктыўную прэзентацыю.

Падумаўшы, я ўспомніў пра эзатэрычную старонку свайго дзяцінства і пра купленую мне калісьці кніжачку Паўла Глобы. Перачытаў яе, купіў у райцэнтры і вывучыў яшчэ пару выданняў па хірамантыі (Адольфа Дэбароля і Рычарда Вебстэра) і вырашыў выставіць сябе на конкурсе хірамантам-пачаткоўцам (у прафесіяналы не набіваўся, бо, вядома ж, мог бы зганьбіцца, не прайшоўшы праверку практыкай). Дырэктар і завуч, якія трымалі на кантролі маю падрыхтоўку (распытвалі, раілі, прапаноўвалі на дапамогу іншых настаўнікаў), рашэнне ўхвалілі, а заадно і разнеслі сярод калег, што гэты малады спецыяліст, аказваецца, далоні чытае! У выніку да мяне пачалося паломніцтва з працягнутымі рукамі. А я на той момант, асвяжыўшы і папоўніўшы свае эзатэрычныя веды, сапраўды захапіўся тэмаю і таму ахвотна адгукаўся на просьбы паваражыць, асабліва калі прасіла якая-небудзь маладая і прывабная настаўніца.

Узіраўся ў далоні, пазнаваў на іх штосьці са згаданага ў кнігах, здзіўляўся, загараліся ў мяне вочы, ахопліваў мяне азарт і перарастаў у экзальтацыю — і, пры ўсёй сваёй інтарверсійнасці ды негаварлівасці, я гаварыў, гаварыў, гаварыў, маўленчая плынь лілася з мяне нібыта сама сабою, незалежна ад майго жадання, быццам я ўвайшоў у транс, а суразмоўца пад уплывам майго стану таксама наэлектрызоўваўся, здзіўляўся і захапляўся тым, як я нібыта дакладна распавёў пра некаторыя падрабязнасці яго жыцця. Па сутнасці гэта былі не падрабязнасці, а абцякальныя, абстрактныя апісанні нейкіх сітуацый, пад якія можна падагнаць што заўгодна, і людзі, відаць, бачылі ў гэтых слоўных збудаваннях рэаліі сваіх лёсаў, пра што сведчылі шчырымі здзіўлена-ўдзячнымі воклічамі накшталт «Нічога сабе! І сапраўды, я зараз, як ты кажаш, шляхам працяглага ўзаемадзеяння з дзяржаўнаю ўстановаю пераходжу на якасна новы ўзровень узаемаадносін з грамадствам — на вадзіцельскае пасведчанне ў ДТСААФ вучуся: паўгода вучобы — і атрымаю права кіраваць транспартнымі сродкамі».

Даведаліся пра мае «здольнасці» і дзеці, і таксама пацягнулі рукі, і я рады быў шчыраваць, досвед узбагачаць — набіваць вока, удасканальваць аратарскае майстэрства, развіваць інтуіцыю і пранікнёнасць. Маю падставы цешыць сябе надзеяй, што нават паўплываў на лёс адной дзяўчынкі. Неяк пасля ўрокаў да мяне зайшла вучаніца выпускнога класа, ціхая, незаўважная, паўнаватая, бледная, з няпэўнага колеру светлымі валасамі і ледзь чутным тонкім галасочкам. Я пра яе нічога не ведаў, бо ў іх класе не выкладаў. Дзяўчынка папрасіла прабачэння, спытала, ці магу я яе выслухаць, і сказала, што мае патрэбу ў дапамозе: яна, даведаўшыся пра школьны хірамантычны бум, зацікавілася гэтай тэмаю, здабыла нейкую кніжку, прачытала, але не можа зразумець значэнне адной з ліній на сваёй далоні і просіць мяне растлумачыць. Просьбу я выканаў (лінія сапраўды была рэдкая і сведчыла, калі верыць хірамантычнай літаратуры, пра вялікі патэнцыял асобы, пра здольнасць чалавека шмат чаго ў жыцці дабіцца), а заадно, натуральна, скарыстаўся выпадкам разгледзець і праінтэрпрэтаваць малюнкі на яе далонях цалкам. У выніку сказаў наведніцы, што яна цяпер стаіць перад сур'ёзным выбарам (а хто з выпускнікоў не стаіць перад ім?), і выбар гэты — паміж нечым творчым, дзівосным, узвышаным з аднаго боку і празаічным, будзённым, банальным — з другога. Сама яна, агучыў я сваю выснову, імкнецца да першага з вышэйназванага, але незалежныя ад яе абставіны цягнуць яе да другога. Прагноз быў вось які: маеш выбар, маеш сілы пайсці жаданым шляхам, і калі выбераш першае, то будзеш жыць яскрава і цікава, калі другое — то сумна і аднастайна. Дзяўчынка была прыемна ўражана і прыйшла ў захапленне, не магла стрымаць радасці і рассыпалася падзякамі мне. Яна, як высветлілася, надумала паступаць на кінарэжысёра, а бацькі настойвалі, каб ішла ці то на ветэрынара, ці то на эканаміста, ці то яшчэ на штосьці такое. «Я сказала ім, што ўсё роўна паступлю туды, куды хачу, а цяпер, пасля гутаркі з вамі, ужо тым больш нішто і ніхто мяне не спыніць!» — рэзюмавала акрыленая выпускніца.

На конкурс я прывёз доўгі, складзены гармонікам, прызначаны для дэманстрацыі шляхам выстаўлення ў раскладзеным выглядзе на стале, кардонны плакат з адбіткам сваёй пяцярні і тэкстам пра хірамантыю, пра мой шлях у яе і пра яшчэ не памятаю якую лухту. Ужо не скажу, колькі балаў прынесла мне прэзентацыя хобі, але ў цэлым я ўсіх сваіх канкурэнтаў пераскочыў — паводле сумы балаў заняў першае месца ў раёне, ледзь-ледзь апярэдзіўшы і такім чынам адсунуўшы на другое адну заслужаную настаўніцу з вялікім стажам. Пазней да мяне дайшлі чуткі, што раённаму аддзелу адукацыі мой трыумф прынёс пэўныя праблемы: пераможцу трэба было адпраўляць на абласны этап, а як адправіць, калі я, выскачка, нават на раённым апынуўся нелегальна? Не ведаю, як там выйшлі са становішча, але я на вобласць не ездзіў, мне нават не прапаноўвалі. Адзін звадлівы і каварны чалавек пад'юджваў мяне з гэтай нагоды, намагаўся настроіць супраць раённага начальства, пераконваючы, што мяне абышлі-абдзялілі, прапіхнулі замест мяне кагосьці «свайго», але я не стаў прыслухоўвацца і браць блізка да сэрца, бо, па-першае, ведаў рэпутацыю той асобы, і, па-другое, славалюбства мне хутчэй чужое, чым уласцівае, а слова «кар'ерыст» я прывык лічыць лаянкавым.

Дарэчы, пасля конкурсу слава пра мяне як хіраманта разнеслася сярод усёй педагагічнай грамадскасці раёна, да мяне сталі звяртацца з просьбаю паваражыць настаўнікі розных школ, і нават адна раённая чыноўніца неяк падышла (і таксама штосьці падтаквала, здзіўляючыся дакладнасці маіх здагадак).

Пакінуў я хірамантыю, развітаўшыся са школаю (увогуле з педагогікай). Нават пасля конкурсу, калі варажыльную авантуру можна было згортваць, не мог спыніцца — працягваў купляць кнігі на гэтую тэму (хацеў пабіць рэкорд Вебстэра, які піша, што прачытаў іх 400 штук), уважліва вывучаў і рабіў выпіскі на выдраныя са сшыткаў і пакладзеныя вертыкальна (імітацыя фармату А4) двайныя аркушы, падшываў іх у папку — і ў выніку ў мяне сабраўся паважнага аб'ёму канспект, у якім быў абагульнены, сістэматызаваны, кампактна пададзены даволі вялікі аб'ём звестак па хірамантыі. Адна мая калега, маладая настаўніца, убачыўшы гэты містычны рукапіс, папрасіла яго сабе на некаторы час. Сімпатыі і даверу да той дзяўчыны я не адчуваў (непрывабная знешне, халерычная і скандальная), але канспектам падзяліўся, а ў хуткім часе, не дачакаўшыся яго вяртання, праз раптоўны збег абставін звольніўся і паехаў у сталіцу працаваць у газеце. Пэўны час успамінаў свой манускрыпт і шкадаваў пра яго страту, ды нарэшце махнуў рукою і забыў.

У новым асяроддзі як хірамант я не быў вядомы, таму ніхто не спакушаў мяне сваімі далонямі, і сам я страціў цікаўнасць да гэтай забавы.