У гады майго дзяцінства існаваў усеагульны (у межах СССР) звычай сартавання юных пакаленняў на акцябрат, піянераў і камсамольцаў. Членства ў першай з вышэйзгаданых арганізацый, якая аб'ядноўвала малодшых школьнікаў, прайшло для мяне незаўважна: выдалі значок у выглядзе зорачкі з сілуэтам галоўкі хлопчыка Валодзі Ульянава ў цэнтры і сказалі добра вучыцца ды ўзорна сябе паводзіць. Камсамолу я не заспеў: адпаведнага ўзросту дасягнуў ці то пасля, ці то напярэдадні распаду СССР. А вось піянерыя прынесла ў маё жыццё пэўныя хваляванні і ўзрушэнні.
Прымалі наш клас паэтапна, за два разы (калі не памыляюся, так было ва ўсім Саюзе): выдатнікам у якасці заахвочвання павязвалі гальштукі раней, 7 лістапада (у Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі — здаецца, так называлася гэтае свята), астатнім — 22 красавіка (дзень нараджэння Леніна).
А аднаго адпетага двоечніка і парушальніка дысцыпліны ўвогуле не прынялі. Быў ён непапраўным шкоднікам і нястрымным, жудасным задзіракам (раз'юшана накідваўся з любой нагоды і цаляў у нос і сонечнае спляценне). Бясконца крыўдзіў дзяцей, не змоўчваў настаўнікам (гыркаў у адказ на заўвагі), вучыўся з двойкі на тройку. Мы ўсе яго баяліся, пакуль не перараслі (ён у нейкі момант спыніўся ў фізічным развіцці і застаўся дробным), педагогі не маглі даць яму рады, а бацька і маці бязлітасна, з размаху лупілі, не гледзячы, па чым, публічна, пры нас, калі зноў і зноў прыходзілі ў школу разбірацца ў сувязі з яго непрымальнымі паводзінамі.
У лістападаўскую партыю піянераў-неафітаў я не трапіў, хаця шанц меў і імкнуўся, намагаўся выйсці на ўсе пяцёркі. Але не здолеў.
Калі група выдатнікаў вярнулася з цырымоніі прыёму, якая адбывалася ў цэнтры вёскі каля брацкай магілы часоў Вялікай Айчыннай, мы сустрэлі іх варожа, пад'ялдычкамі і здзекамі.
— Гэй, вы навошта наш сцяг знішчылі? Як вы змаглі? Нам жа настаўніца тлумачыла, што гальштук — гэта часцінка чырвонага сцяга. Дык вы яго, значыць, на кавалкі парэзалі і сабе парасцягвалі, на шыі пазавязвалі?! — цвяліў піянераў адзін шалапут, вычварна абыгрываючы словы нашай класнай кіраўніцы, якая раней даводзіла нам сэнс піянерскай сімволікі.
— Пионеры юные, головы чугунные, [часткі цела, размешчаныя ніжэй за паясніцу] деревянные, черти окаянные! — падхопліваў эстафету выскаляння іншы.
— Дай высмаркацца, — цягнуў вышэйзгаданы задзірака і двоечнік кагосьці за ражок гальштука са спіны і імітаваў выкарыстанне яго ў якасці насавіка.
Але на самай справе мы ў тыя хвіліны выдатнікам зайздросцілі, кпіны былі маскіроўкаю нашых сапраўдных пачуццяў.
Напярэдадні доўгачаканага 22 красавіка класная кіраўніца паведаміла, што нашаму бандыту не будзе дадзена права стаць носьбітам часцінкі чырвонага сцяга, і мы адчулі сябе шчаслівымі: спасцігнула вылюдка суровая кара! А ён, нам на здзіўленне і абурэнне, у дзень урачыстасці прынёс з дому гальштук і значок, відаць, мяркуючы, што пагрозы не прыняць яго застануцца толькі пагрозамі. Настаўніца папярэдзіла нягодніка, што спадзявацца яму няма на што, і мы зноў узрадаваліся — асцярожна, каб ён не заўважыў і не саўгануў кулаком, абменьваліся злараднымі ўсмешкамі ў яго адрас: эх, як жа яму скрушна стане, калі пераканаецца, што няма даравання! («Вось абломіцца!» — сказалі б сённяшнія дзеці, а ў нашым лексіконе такога слова не было.)
І сапраўды, нас, як і выдатнікаў увосень, павялі ў цэнтр вёскі, а залітага слязьмі гіцля пакінулі галасіць у класе. Калі ж мы, натхнёныя, поўныя гонару і адчування ўласнай значнасці, вярнуліся, адрынуты ўжо быў спакойны, а ўбачыўшы нас, узяўся завязваць дрыготкімі рукамі гальштук сам сабе. Настаўніца паспрабавала спыніць блюзнерства, выратаваць святыню ад апаганьвання, але сустрэла адчайнае супраціўленне. Адбіваючыся, самазванец ізноў плакаў, вельмі гучна, літаральна выў. Твар яго стаў цёмна-чырвоным і, нібыта пасля мыцця, мокрым ад слёз.
У рэшце рэшт настаўніца пакінула марныя спробы выбавіць дарагі кожнаму піянеру сімвал з нячыстых рук. Дэталяў развязкі не памятаю. Ці то яна сказала нам штосьці кшталту «ну і няхай завязвае, а мы ж з вамі ведаем, што ніякі ён не піянер», ці то прапанавала дараваць яму апошні раз, узяўшы абяцанне аб добрых паводзінах. Карацей, як бы там ні было, гальштук тэрарыст усё ж такі павязаў і значок прышпіліў.
Што пры гэтым адбывалася ў душы кожнага з маіх аднакласнікаў, вядома ж, не скажу, памятаю толькі разгубленыя твары, збянтэжанае маўчанне. Я быў расчараваны, пакрыўджаны і абураны, у мяне на вачах за нейкіх пару хвілін дэвальвавалася найвялікшая каштоўнасць, былі ўтаптаныя ў бруд найвышэйшыя ідэалы, рухнула сістэма, якая здавалася непарушнай і беззаганнай. Нам укладвалі ў галовы ўяўленне пра прэстыжнасць піянерскага звання, пераконвалі нас у нашай абранасці, запэўнівалі, што недастойныя не ўвойдуць з намі ў наш рай, і раптам...
А з цягам часу пачуцці нашы да піянерыі астылі, насіць гальштукі большасць перастала. Гэта ж столькі лішніх клопатаў — мачыць і прасаваць яго штовечар (менавіта такая была тэхналогія догляду гальштука), і дурэць ён замінаў, біцца, дужацца, па кустах дзе-небудзь лазіць, а курцы рызыкавалі сваю часцінку сцяга прапаліць і быць у выніку выведзенымі на чыстую ваду. Ды і не рабілі ж мы нічога пад эгідаю піянерыі (ніякіх мерапрыемстваў, акцый не праводзілі), проста лічыліся ў яе шэрагах, вось і нядзіўна, што энтузіязм згас.
Хаця ўсё ж у глыбіні душы сваё членства мы ўспрымалі як нейкую каштоўнасць. Калі, напрыклад, хтосьці пачынаў адставаць у вучобе ці кепска сябе паводзіць, то настаўнік палохаў яго выключэннем — і абібок змяняўся з твару і ўмольным голасам абяцаў выправіцца. Я сам нейкі час разбэсціўся і выйшаў з-пад кантролю, нібыта чорт на мяне ўссеў, — бегаў і крычаў на перапынках, шкодзіў (розную брыдоту рабіў дзецям), на ўроках быў няўважлівым — і атрымаў ужо некалькі нездавальняючых адзнак за паводзіны па выніках тыдня. Аднойчы хтосьці з маіх сяброў мімаходам, між іншым, абмовіўся, што нібыта калі набярэцца пэўная колькасць тыднёвых нездавальняючых паводзін, то атрымаецца «незд.» за чвэрць, і тады адразу выганяць з піянераў. Пачуўшы пра такую перспектыву, я спалохаўся ганьбы, узяў сябе ў рукі, і па паводзінах у мяне сталі красавацца толькі «добра» і «прыкладна».
© Сяргей Абрамовіч, 2021