02.05.2021

Астралогія і царква, паміраныя спакуслівай гандляркай

Спякотным летнім днём ледзь не па-пляжнаму апранутая дзяўчына за прылаўкам на базары лічыць грошы. На шыі ў яе праваслаўны крыжык і знак задыяка Рак, кожны на асобным ланцужку.

Які-небудзь хрысціянскі святар ад выгляду такога мірнага царкоўна-астралагічнага суседства мог бы абурыцца і заўвагу зрабіць. Ды і свецкі зануда не прапусціў бы выпадку казырнуць інтэлектам — распавёў бы пра несумяшчальнасць гэтых ці то ўпрыгажэнняў, ці то абярэгаў (хто ведае, якое значэнне надае ім іх уладальніца?). А можа, і не, можа, ні той, ні другі не заўважылі б ніякай крамолы багахульскай, бо ўвага іх засяроджана была б на чымсьці больш цікавым і прыемным для вока. Напрыклад, на мільганні купюр у спрытных, напрактыкаваных руках сімпатычнай гандляркі, ці на грудзях спакусніцы, у вабную прастору паміж якімі крыжык з Ракам так і хочуць нырнуць, але — ланцугі!

© Сяргей Абрамовіч, 2021