09.04.2021

Пакараннем тырану — толькі гнеўны маналог яго ахвяры

(З успамінаў чалавека 1934 года нараджэння)

Дажджлівым асеннім днём старшыня калгаса падабраў сярод поля нейкага дзядка з кійком. Зрабіў гэта не толькі спагадаючы (мабыць, надзвычайная патрэба выцягнула чалавека з хаты ў такое надвор'е), а яшчэ і праз цікаўнасць: нарадзіўшыся ў гэтых мясцінах, правёўшы тут галоднае і трывожнае ваеннае дзяцінства і не менш складанае юнацтва, вярнуўшыся сюды пасля арміі і адпрацаваўшы ўжо два дзясяткі гадоў у калгасе, ён ведаў усіх людзей з навакольных вёсак, ва ўсялякім разе старажылаў — дакладна, а гэтага дзядка з першага погляду не змог прыгадаць, вось і вырашыў пацікавіцца па дарозе, хто, адкуль, куды і навошта.

Дзядок з прычыны старэчай слабасці ўжо больш сядзеў дома, чым куды выходзіў, таму быў рады любому новаму чалавеку, хапаўся за любую магчымасць пагутарыць — і цяпер на пытанне пра сябе ўзяўся адказваць ахвотна і грунтоўна: сказаў, з якой вёскі, як завуць, якога года нараджэння, хацеў гаварыць далей, але старшыня нецярпліва перабіў:

— Пачакайце, а вы не былі брыгадзірам у калгасе пасля вайны?

— Сапраўды, быў! — радасна пацвердзіў спадарожнік, задаволены тым, што яго пазналі. — Усё жыццё я тут адпрацаваў, брыгадзірам, а пасля старшынёю.

— А я, — павышаючы тон, назваў сваё прозвішча і сваю родную вёску цяперашні гаспадар навакольных палёў і фермаў. — Памятаеш мяне?! Памятаеш, як я хлапчуком ношку травы з лесу валок і табе на вочы трапіў?! Маці наскубла ўпотайкі для свінні і занесці даручыла, а ты выхапіў, па дарозе раскідаў, у пясок утаптаў і брычкай пераехаў. Прыгадваеш такі гераічны эпізод сваёй слаўнай працоўнай біяграфіі? Герой, збярог дабро калгаснае, абараніў ад раскрадальнікаў, карысці дзяржаве даў!

Старшыня ўзрушыўся і не мог спыніцца, крычаў і крычаў, перасыпаючы сваю прамову нецэнзурнымі выразамі і падносячы балючы для сябе ўспамін у розных аспектах, паказваючы яго з розных бакоў (з маральнага, палітычнага, эканамічнага пунктаў гледжання), прыводзячы новыя і новыя падрабязнасці таго эпізоду свайго дзяцінства. Стары маўчаў, твар яго быў нерухомы і нічога не выказваў, погляд накіраваўся ў нейкую няпэўную кропку на даляглядзе за лабавым шклом.

— Ну, дык што мне цяпер з табою зрабіць, га?! — працягваў старшыня. — Выкінуць цябе, паразіта, насцака даць, паўзі куды сабраўся! Дык страшна: здохнеш яшчэ, а я пасля вінаватым застануся. Тады нам жыццё труціў, не хапала і цяпер праблем праз цябе нажыць.

Так і даехаў стары да месца прызначэння, жывы і цэлы, але вымушаны слухаць гнеўны маналог. Пасля гэтак сама моўчкі, не гледзячы на старшыню, вылез з машыны і патэпаў сваім шляхам. Старшыня кінуў яму наўздагон яшчэ колькі зняваг і газануў далей.

Несправядлівасць перамагла. Чыніў крывасмок зло, псаваў бяздумны апантаны служака жыццё людзям, пакуль меў над імі ўладу, і заставаўся беспакараным. Не панёс адказнасці і цяпер, калі, бяссільны і безабаронны, апынуўся ў руках адной са сваіх даўніх ахвяр. А яна, ахвяра, атрымаўшы шанц адпомсціць, не толькі не скарысталася ім, а яшчэ і зноў пацярпела: аблайваючы старога, старшыня сыпаў соль сабе на рану, катаваў сваё сэрца не разраджаным праз жаданае дзеянне адрэналінам, прызнаваўся і сабе, і ненавіснаму спадарожніку ў сваім бяссіллі, у тым, што не здольны належным чынам адплаціць тырану.

© Сяргей Абрамовіч, 2021