20.04.2021

Як мяне ратавалі пастух і два электрыкі

Быў я тады ўжо не юнаком, але яшчэ даволі імпульсіўным і палкім, схільным захапляцца і рызыкаваць, не заўсёды здольным кантраляваць сябе. Нежанатым. Не зусім пэўным у кар'ерных памкненнях: пасля года з паловаю безвыніковых высілкаў замацавацца ў сталіцы, дзе здымаў то пакой, то кватэру і працаваў у адной рэспубліканскай, але нікчэмнай, малавядомай і зусім неаўтарытэтнай газеце (пазней яе ліквідавалі як стратную і незапатрабаваную), вярнуўся, стомлены і расчараваны, у правінцыю і ўжо трэці год быў журналістам раёнкі, але ўсё яшчэ не мог пагадзіцца з такім паваротам лёсу, усё здавалася мне, што гэта часова, што гэта не параза, а тактычнае адступленне і што раней ці пазней я адсюль вырвуся і спаганю з жыцця тое, чым яно незаслужана мяне абдзяліла, — карацей кажучы, не бачыў выразна сваёй прафесійнай будучыні, мітусіўся, марыў, корпаўся ў сабе. Часта наведваў сайты па пошуку працы (размяшчаў рэзюмэ і адгукаўся на вакансіі), а яшчэ адсылаў свае матэрыялы ў розныя рэспубліканскія выданні з мэтай дадатковага заробку і з надзеяй, што мяне належным чынам ацэняць і запросяць на працу — і зноў я паеду ў Мінск туляцца па чужых кутах (з вышыні сённяшняга дня канстатую, што хоць часам тыя мае матэрыялы і публікавалі, журналістам я тады ўсё ж быў слабаватым і ў плане майстэрства рос марудна, а значыць, выгнаннем са сталіцы жыццё не дыскрымінавала мяне, а паставіла на месца).

Неяк летам адзін (цяпер яго ўжо няма) недзяржаўны вузкатэматычны часопіс з нядобрасумленным кіраўніцтвам (на жаль, пра нядобрасумленнасць я даведаўся позна) замовіў мне артыкул. Па факты для яго напісання трэба было выехаць з горада, і я, супаставіўшы выдаткі на паліва з абяцаным мне ганарарам, вырашыў, што не шмат страчу, з'ездзіўшы на сваёй машыне, паколькі была яна вельмі эканамічная — лёгкі японскі седанчык «Сузукі Свіфт» са спажываннем 4,5 л бензіну на 100 км. Мог бы паспрабаваць нахапаць неабходных фактаў за адным разам, паехаўшы на рэдакцыйнай машыне дзеля патрэб газеты, але гэта, па-першае, цяжкавата і не зусім надзейна, ганяцца адразу за двума зайцамі, а па-другое, неяк нядобрасумленна, нейкая карупцыйная праява — выкарыстанне службовых магчымасцей з мэтай задавальнення ўласных інтарэсаў.

З'ездзіў, патрэбнай інфармацыі накапаў у поўным аб'ёме і акрылены ўдачаю спяшаўся дадому. Настрой быў прыўзняты не толькі дзякуючы прадчуванню прыбытку, а яшчэ і таму, што на заключным этапе збору інфармацыі я меў справу з сімпатычнай незамужняй дзяўчынаю (эх, не атрымала гэтая гісторыя працягу...).

Частка майго маршруту пралягала па гравійнай дарозе, і якраз на гэтым адрэзку шляху я дагнаў трактар электрасетак, абсталяваны вышкаю і пад'ёмным кранам. Крыху прапоўз за ім і рызыкнуў пайсці на абгон. Адчуваў, што небяспечна: гравій рыхлы і вязкі, з вялікай колькасцю пяску, насыпаны тоўстым слоем, трактар едзе даволі хутка (а значыць, мне давядзецца сур'ёзна паскорыцца), але не хацелася глытаць пыл (ужо некалькі дзён было горача і суха) — і я прыняў фатальнае рашэнне.

Абышоў трактар на хуткасці 90 км/г і, адарваўшыся на дастатковую адлегласць, пачаў перастройвацца ўправа. Тут якраз аказалася яшчэ больш пяску, да таго ж нядаўна пакінулі некалькі глыбокіх каляін нейкія буйнагабарытныя транспартныя сродкі, мая машына на такой паверхні пры такой хуткасці слаба слухалася руля, але працягваць рух па левым баку я баяўся, бо наперадзе быў пад'ём, з-за якога хто-небудзь мог выскачыць.

Калі спрабаваў перастроіцца, мяне занесла, машына пару разоў каўзанула задам убакі і саскочыла пад адхон налева, у зараснікі лазняку. Дарожнае палатно ў тым месцы высокае, метры два, і пераадольваў я адхон у тры этапы: спачатку, толькі сарваўшыся з праезнай часткі, ехаў па ім у нахіленым становішчы ў ранейшым напрамку, г.зн. паралельна дарозе, пасля ўпаў на левы бок, працягваючы па інерцыі несціся ўперад і адначасова спаўзаючы ніжэй, і нарэшце, дасягнуўшы гарызантальнай паверхні, перавярнуўся на дах і яшчэ некалькі метраў праслізгаў на ім, па-ранейшаму паралельна дарозе, падмінаючы кусты. З моманту заносу да спынення дагары нагамі мільганулі думкі наступнага зместу: зараз будзе балюча, пасля, магчыма, выключуся, а пасля, калі апрытомнею, стане сорамна за хібу і прыкра ад таго, што яна непапраўная.

Яшчэ, калі трашчала лабавое шкло, падумалася, што зараз ускрые яно мне сцёгны з унутраных бакоў (чамусьці менавіта гэтая частка цела здалася ў той сітуацыі найбольш уразлівай), разрэжа артэрыі, і праз некалькі секундаў я сканаю. Але абышлося без крыві і пераломаў.

Дарэчы, маё цела ў гэтай прыгодзе ўратаваў рэмень бяспекі, пра які я заўсёды дбаю: пасля перакульвання машыны я павіс на ім, толькі злёгку стукнуўшыся галавой аб дах. Калі б не быў прышпілены, то не выключана, што чэрап раскалоўся б, да таго ж і дах у нейкі момант рушыў насустрач галаве: жалеза ўвагнулася ўсярэдзіну (ці то калі машына абярнулася, ці то калі абернутая слізгала і, магчыма, наскочыла на нейкі камень або корч), і менавіта аб гэтую ўмяціну я даўся, пасля на цемі быў гуз.

Спыніўшыся ў перавернутым становішчы, машына некаторы час працягвала гусці. Я, на імгненне знерухомеўшы ад разгубленасці, слухаў роўны гук матора, здзіўляўся, што ён яшчэ не заглох, і адчуваў прыліў віны і шкадавання: такое добрае аўто, надзейнае, ніколі не падводзіла, нават цяпер да апошняга моманту стараецца, працуе, а я з ім так няўдзячна абышоўся, не збярог. Абароты ўпалі, рухавік здрыгануўся, чмыхнуў і змоўк. Віна і шкадаванне нахлынулі з большай сілаю, але адразу былі выціснутыя спалохам: у салон стала зацякаць брудная вада, паколькі мясцовасць тут была балоцістая.

Адшпіліўшыся, я кінуўся ўлева-ўправа, убачыў, што па абодва бакі машыну шчыльна аблягаюць зараснікі, і вырашыў, што праз бакавое шкло наўрад ці выбаўлюся. Шляху праз пярэдняе таксама не было: шкло патрэскалася і страціла форму, але, змацаванае плёнкаю, заставалася на сваім месцы. Спалох падганяў, і я перапоўз у заднюю частку машыны. Спінкі задніх сядзенняў аказаліся адкінутымі, з багажніка ў салон выкаціўся металічны вогнетушыцель. Я стукнуў ім па заднім шкле, і яно, у адрозненне ад пярэдняга, рассыпалася на кавалачкі, вызваліўшы мяне з пасткі.

Панікаваў я дарма: багны ў гэтым месцы не было, вады ў салон нацекла зусім няшмат, лужынка.

Ледзь толькі я ўскараскаўся на дарогу, каля мяне спыніўся той самы трактар, які я абагнаў, і якраз паспеў дабегчы задыханы пастух: на супрацьлеглым баку дарогі раскінулася калгасная паша, і адзін з даглядчыкаў статку, убачыўшы, што са мною здарылася, паспяшаўся мне на дапамогу. У трактары сядзелі два чалавекі (хоць разлічана кабіна на аднаго). Яны, як толькі я сарваўся пад адхон, паддалі газу — таксама каб ратаваць мяне. Пад'ёмным кранам электрыкі выцягнулі маю машыну, пасля спыталі, ці патрэбная мне аптэчка, і далі нумар тэлефона мясцовага прадпрымальніка, які аказвае паслугі эвакуатара. З тэхнічнага пункту гледжання можна было абысціся і без яго: рухавік завёўся, памятае пярэдняе шкло я высек рыдлёўкаю, так што пры жаданні паехаў бы сваім ходам (хіба што пад прымятым дахам давялося б крукам гнуцца), але калі б мяне на такім транспарце заўважыла ДАІ, то, думаю, абыякаваю да мяне не засталася б.

Заробку па выніках той паездкі не атрымалася. Артыкул надрукавалі, але ганарар не прыслалі. І не аднаго мяне абула тая кантора: пазней я знайшоў яе на нейкім сайце ў чорным спісе кліентаў тыпаграфій (рэдакцыя не разлічвалася за друкаванне часопіса) і на іншым сайце — у чорным спісе працадаўцаў (некалькі журналістаў скардзіліся, што засталіся без ганарару). Болей за тое, збег абставін звёў мяне з былой супрацоўніцай часопіса, і яна распавяла, што галоўны рэдактар падмануў, як і мяне, шмат аўтараў, і некаторыя судзіліся з ім і выйгралі працэсы, але пастановы суда наконт выплаты нявыплачаных ганарараў рэдактар так і не выканаў.

А яшчэ пазней, дзесьці праз год, мне патэлефанавалі з той шарагі і прапанавалі... яшчэ адну замову. З нядоўгай тэлефоннай размовы (сядзеў я тады ў крэсле цырульніка, і высвятляць адносіны не было як) мне стала зразумела, што гэта новы супрацоўнік, які яшчэ не ведае, куды ўляпаўся, наіўна абзвоньвае пазаштатнікаў з рэдакцыйнай базы. Паведамленне пра нявыплату мне ганарару здзівіла суразмоўцу, ён сказаў, што зараз усё высветліць і ператэлефануе. І больш я яго не чуў.

© Сяргей Абрамовіч, 2021