Гэта было дзесьці ў сярэдзіне 80-х, я тады хадзіў у дзіцячы сад.
Летам мы ўсёй сям'ёй прыехалі на пару тыдняў у вёску да маіх дзеда з бабаю. Прыехала туды пагасцяваць і мая цётка з двума сынамі-блізнятамі, маімі стрыечнымі братамі. Яны крыху старэйшыя за мяне, на той момант былі ўжо школьнікамі і таму апекаваліся мною — дапамагалі ва ўсім, клапаціліся, тлумачылі што-небудзь, — але часам, пад настрой, злоўжывалі сваёй узроставай перавагаю і самасцвярджаліся за мой кошт — смяяліся, калі я не ведаў чагосьці таго, што ведалі яны, выхваляліся ўменнем рабіць усялякія выкрутасы на ўсталяваным у агародзе турніку і дэманстравалі пагарду да мяне за няздольнасць паўтарыць гэтыя практыкаванні і г.д.
У зоне бачнасці ад нашага двара, праз дзве-тры хаты на супрацьлеглым баку вуліцы, таксама гасцявалі ў дзеда з бабаю некалькі дзяцей прыкладна майго ўзросту, хлопчыкі і дзяўчынкі. З імі я моцна варагаваў, мы не давалі адно аднаму праходу — пры сустрэчы абзываліся, штурхаліся, кідалі абы-чым і г.д. Часам здзяйснялі ваяўнічыя вылазкі — заўважыўшы, што праціўнік гуляе каля свайго двара, набліжаліся, хутка чынілі якую-небудзь шкоду (кідалі камень, плявалі, пагрозліва махалі перад тварам палкаю і г.д.) і ўцякалі да сябе.
Аднойчы пасля чарговага такога налёту на мяне, калі налётчыкі давалі драла, а я шпурляў ім услед каменне, адзін з маіх братоў, які выйшаў у той момант з двара, распытаў мяне, што да чаго, і паблажліва-павучальна-суцяшальным тонам сказаў:
— Я б іх зараз лёгка дагнаў і адтырыў бы, але нельга, бо ў іх бацька Ленін. Вунь, бачыш, сядзіць на лавачцы. Калі б ён не быў Леніным, я б не паглядзеў і прама ў яго на вачах уваліў бы ім. Але Леніна трэба паважаць.
Каля варожага дома ў цені вялізнай старой ліпы на лаве сядзеў мужык у белай кашулі з падкасанымі да локцяў рукавамі, цёмнавалосы, з лысінаю ленінскага тыпу і з барадой, толькі не ільічоўскай, а шырокай, хутчэй карламарксаўскай (на маю сутычку з прадстаўнікамі яго роду ён не адрэагаваў — ці то не жадаў умешвацца ў дзіцячыя справы, ці то здаля канфлікт падаўся яму неістотным).
— Дык гэта ён, Ленін, сапраўдны, той самы, які ўсюды на партрэтах і пра якога нам у садзе кніжкі чытаюць? — спытаў я штосьці такога кшталту, адчуваючы прыліў здзіўлення, захаплення і радасці.
— Так, — адказаў брат з удаванаю прыкрасцю. — Калі б не ён, я б ім зараз ого што зрабіў бы!
Але мне было ўжо не да варожасці і помсты. Мяне перапоўнілі іншыя думкі і пачуцці — сумесь захаплення, здзіўлення і гонару за тое, што я ўжывую сузіраю ўсеагульнага куміра, якога іншым дадзена бачыць толькі на малюнках і які, аказваецца, вось так проста прыязджае ў маю любімую вёску да суседзяў маіх любімых дзеда з бабаю.
— Мама, я Леніна бачыў! — узрушана зашаптаў я, убегшы ў хату і наблізіўшыся да мацеры. — Ён зараз на дварэ на лаўцы сядзіць!
© Сяргей Абрамовіч, 2021