Гасцюючы ў вёсцы ў цесця з цешчай, гарадскі зяць падчас абеду знайшоў у толькі што прынесеным з крамы батоне дохлага прусака. Дакладней, не ў самім батоне, а дадаткам да яго — пад поліэтыленам, у які выраб быў герметычна ўпакаваны.
Абвясціўшы пра знаходку, перачакаўшы хвалю здзіўленых, абураных, грэблівых выказванняў і жэстаў, зяць рашуча падняўся з-за стала:
— Зараз заводжу машыну, еду на хлебазавод, да дырэктара, прад'яўлю гэта і запатрабую кампенсацыю. Батонаў цэлы груд няхай дае, і хлеба, і булачак — усяго набяру, свежага, з печы, поўны багажнік. Самі не з'ядзім, затое свіней накорміце на халяву, курэй карміць будзеце. Няхай раскашэльваецца, калі непрыемнасцей не хоча, а то ў санстанцыю звярнуся ці яшчэ куды-небудзь — паляцяць галовы!
Пачуўшы пра намер зяця, цесць і цешча накінуліся на яго так раз'юшана, як, напэўна, не накінуўся б нават ён сам на дырэктара хлебазавода ці на ўпакоўшчыка, праз якога ледзь не пакаштаваў бутэрброда з прусяцінай:
— Не ўздумай! Не ўздумай ганьбіцца і нас ганьбіць! Ёсць у нас каму гэты батон скарміць, не прападзе дабро. Сабаку дадзім кавалак, свінням дадзім, і не трэба вэрхал усчынаць! Мала ці што здарылася, шмат што ў жыцці здараецца. І хлеб бывае няякасны, і іншыя прадукты. Вунь колькі разоў і камяні ў хлебе мы знаходзілі, і шкло — і нічога, ніколі не скардзіліся. Няма чаго дурнотаю займацца, сорамна!
Давялося зяцю суняць свой запал і застацца дома, шантажу не атрымалася, дзелавая ўчэпістасць маладога прагматыка адступіла перад кансерватыўным бяссрэбніцтвам і аскетызмам старога пакалення.
© Сяргей Абрамовіч, 2020