Ішла першая палова 90-х. У маёй вялікай вёсцы з сямітысячным насельніцтвам квітнела злачыннасць (аднаго звязанага з крыміналам чалавека нават застрэлілі з аўтамата і спалілі ў машыне). Калі я вучыўся ў 9-10 класах, нашу школу тэрарызавалі былыя вучні з ліку праблемных — прыходзілі кампаніямі і здзекваліся з дзяцей, білі іх, адбіралі грошы і рэчы, а настаўнікі (і нават дырэктар) рабілі выгляд, што мярзотных прыхадняў не заўважаюць.
Норавы маіх равеснікаў былі сфарміраваныя бандыцкімі кінамі: часта здараліся бойкі; хлопцы выхваляліся адзін перад адным усялякімі кастэтамі, нунчакамі і іншымі вырабамі баявога прызначэння; мацнейшыя, загадзя ведаючы пра сваю фізічную перавагу над ахвяраю, збівалі слабейшых; былі ў нас і своеасаблівыя «аўтарытэты» (тыя, хто заваяваў павагу сілаю ды майстэрствам мардабою або знайшоў апеку ў вышэйзгаданай поскудзі — былых праблемных вучняў), і «апушчаныя» (іх на кожным кроку зневажалі і білі, прымушалі выконваць розныя даручэнні ў духу «прынясі-падай», а адзін такі нават пацярпеў палавы гвалт, справа дайшла да міліцыі, але чым усё скончылася, не ведаю).
Я вызначаўся сярод равеснікаў большым ростам і вагою, яны мяне паважалі і пабойваліся (крыўдзіць нікога не крыўдзіў, проста ўсе ведалі, што магу даць дастойны адпор, і не лезлі на ражон). Аднак такія габарыты і рэпутацыя служылі мне не толькі добрую службу: шпана, якая не давала школе жыцця, бачыла ўва мне годнага і ўсё ж слабейшага, а значыць бяспечнага праціўніка і не прапускала выпадку самасцвердзіцца за мой кошт.
Неяк хуліганы сталі занадта ўжо на мяне насядаць, і пасля чарговай няроўнай сутычкі я паклаў у сумку разам з кніжкамі і сшыткамі малаток і вырашыў, што калі яшчэ раз палезуць, то патрушчу галовы. Але не палезлі: ці то адчулі, што іх чакае, ці то страцілі цікаўнасць да маёй асобы, ці то лёс бярог мяне ад непапраўнага. Пасля я яшчэ некаторы час насіў з сабою то паўтаракілаграмовую гантэльку (купілі мне ў малодшашкольным узросце), то паляўнічы нож, аднак, на шчасце, пусціць іх у ход так і не давялося, бо поскудзь больш да мяне не чаплялася.
Пад выпускны клас паспакайнела: нашы крыўдзіцелі зніклі з поля зроку, прыходзіць у школу сталі нейкія прыстойныя, разумныя і сур'ёзныя юнакі, і не з мэтай тэрору, а да дзяўчат, і з намі, хлопцамі, яны мелі прыязныя, сяброўскія адносіны.
Тым не менш кашмарную атмасферу папярэдніх гадоў я не забываў і з ідэйных меркаванняў збіраўся пасля школы паступаць у Акадэмію МУС, каб бязлітасна караць злачынцаў. Аднак ад гэтага намеру давялося адмовіцца адразу пасля візіту ў РАУС з мэтай афармлення дакументаў на паступленне. Намеснік начальніка па кадрах паведаміў мне, акрамя ўсяго іншага, што давядзецца здаваць экзамен па матэматыцы і што конкурс у акадэмію вялікі, і ў выніку я не стаў нават спрабаваць, бо з матэматыкай зусім не сябраваў, у выпускным класе за апошнюю чвэрць мне ўляпілі двойку, за год і ў атэстат — тройку (ад выпускных экзаменаў быў вызвалены кардыёлагам — яшчэ адна перашкода на шляху да міліцэйскай кар'еры), і настаўніца, выстаўляючы мне выніковую адзнаку, выдала такі цалкам абгрунтаваны каментарый: «Тры пішам, нуль у галаве».
Падаўся я на філфак, скончыў яго з чырвоным дыпломам, адмовіўся ад прапанаванай мне аспірантуры, крыху панастаўнічаў у школе і ўцёк ад паказухі, фармалізму і аднастайнасці ў журналістыку, дзе застаюся да гэтага часу. Карацей, можна сказаць, выбіўся ў людзі. А мог жа і пайсці на дно: прыстукнуў бы тады, быўшы школьнікам, каго-небудзь — і сеў бы ў турму, або пазбегнуў бы яе, але дзякуючы такому свайму ўчынку стаў бы папулярным сярод мясцовых малалетніх крымінальных элементаў, і засмактала б мяне, як у песні, небяспечная дрыгва.
© Сяргей Абрамовіч, 2020