Вясковы мужык, які пакутаваў на дыябет, кожны дзень ездзіў роварам у суседнюю вёску на фельчарска-акушэрскі пункт, каб фельчар укалоў яму інсуліну. З сабою ён заўсёды браў кавалак белага хлеба: пасля ўколу ехаў дахаты, даязджаў да аднаго скрыжавання, якраз на тым скрыжаванні яму рабілася блага, знікала сіла (інсулін пачынаў дзейнічаць — узровень глюкозы ў крыві зніжаўся), ён спыняўся, з'ядаў хлеб і, вярнуўшы сабе такім чынам нармальнае самаадчуванне (узровень глюкозы пасля ўжывання ежы аднаўляўся), ехаў далей.
Неяк фельчара адправілі на тры дні на курсы павышэння кваліфікацыі, а замяніць яго ў вёсцы не было каму. Калі мужык чарговы раз прыехаў на іньекцыю, адзіны на ўсю ваколіцу майстар абыходжання са шпрыцам сказаў:
— Мяне тры дні не будзе, на курсы еду, дык я табе сёння трайную дозу ўкалю, каб хапіла, пакуль вярнуся.
Сказана — зроблена. Атрымаў мужык дозу з запасам, сеў на ровар і паехаў. Не даехаў да скрыжавання, каля якога звычайна спыняўся, і ўпаў непрытомны.
На шчасце, яго своечасова знайшлі, выклікалі хуткую, а хуткая даставіла ў раённую бальніцу. Акрамя хлеба пры ім аказаліся яшчэ і нейкія медыцынскія паперы, паводле якіх урачы зразумелі, што маюць справу з дыябетыкам. І адразу ж разважылі: калі дыябетык ляжыць непрытомны, значыць, яму трэба, вядома ж, увесці інсулін.
Увялі, але чаканага эфекту не атрымалі і патэлефанавалі ў абласную бальніцу, спыталі, што рабіць. Там адказалі: калі інсулін не дапамог, значыць, малая доза, увядзіце яшчэ. Увялі яшчэ — усё роўна не дапамагло. З вобласці загадалі ўвесці яшчэ. Стан пагоршыўся, сталі знікаць дыханне і сэрцабіццё. Тут абласныя здагадаліся, што нешта ў гэтай сітуацыі нячыстае, і загадалі ўвесці глюкозу, каб нейтралізаваць лішні інсулін. Раённыя абурыліся: вы звар'яцелі, якая глюкоза, ён жа дыябетык, яму салодкага нельга! Але вобласць настойвала, і раёну нічога не засталося, як падпарадкавацца. Увялі глюкозу — цела стала вяртацца да жыцця, дыябетык быў выратаваны.
© Сяргей Абрамовіч, 2020