26.03.2020

Кулінарны сімвал раптоўнай непрыемнасці

Пра гэтае здарэнне мне распавёў галоўны інжынер дарожнага прадпрыемства. Неяк увесну ён прыехаў службовым легкавіком з шафёрам (г.зн. за рулём быў не сам) пракантраляваць укладванне новага асфальту на хуткаснай трасе. Стаяў з калегамі, абмяркоўваў вытворчыя пытанні, і тут каля іх спыніўся яшчэ адзін легкавік, нікому з прысутных не вядомы, з якога вылез нікому не знаёмы мужык.

— Гэтая дарога ваша? Вы яе абслугоўваеце? — намагаючыся быць спакойным, але зваўжана хвалюючыся, дрыжачым голасам спытаў незнаёмец адразу ва ўсіх (не ведаючы, хто тут галоўны, ён не звяртаўся ні да кога канкрэтна, ні на кім не затрымліваў позірк).

— Так, — адказалі яму.

— Дык вось кепска вы сваю справу робіце! — сарваўся мужык з нейтральнага тону на лаянкавы і стаў на чым свет стаіць сварыцца, вінавацячы дарожнікаў у пашкоджанні яго машыны. Аказваецца, за некалькі кіламетраў адсюль ён злавіў сустрэчны каменьчык, ад якога па лабавым шкле пабегла трэшчына.

Мужыку паспрабавалі растлумачыць, што варта было выклікаць ДАІ і аформіць ДТЗ, і што такія выпадкі застрахаваныя аблаўтадарам, таму кампенсацыя расходаў на рамонт была б гарантаваная, але ў таго пачалася істэрыка: ён не даваў нікому раскрыць рот, нікога не жадаў слухаць, толькі лямантаваў і лямантаваў.

Раптам змоўк, рынуўся да сваёй машыны, адчыніў заднія дзверцы, схіліўся ў салон, некалькі імгненняў пакорпаўся там і вярнуўся, адной рукою здымаючы дарожнікаў на смартфон, а іншую хаваючы за спінаю.

— Вось скажыце, — зноў уключыў лямантавалку, — вам прыемна было б, калі б вы ехалі сабе спакойна, а тут раптам — ра-а-аз! — з гэтымі словамі ён замахнуўся рукою, якую хаваў за спінаю, і шпурнуў на лабавік легкавіка дарожнікаў (таго самага, на якім прывезлі інжынера) нейкі невялікі прадмет няпэўнага колеру і формы, што на першы погляд падаўся ўсім каменем, а на самай справе аказаўся... беляшом. Пачастунак чмякнуўся і папоўз да капота, пакідаючы тлусты след.

Шафёр, які заўсёды дбайна сачыў за машынаю, добрасумленна рамантаваў і старанна мыў яе, памкнуўся да скандаліста з кулакамі, але быў перахоплены калегамі.

— Не звязвайся, не паддавайся на правакацыі, — сталі яго супакойваць. — Дурняў хапае на свеце, а цяпер якраз веснавое абвастрэнне ў некаторых, так што зразумей чалавека. Ён жа і скаргу паабяцаў напісаць за пашкоджанае шкло — вось няхай толькі пра яго і піша, а то калі яшчэ і пра морду разбітую дадасць, то праблем не абяромся.

Мужык яшчэ некаторы час пашалеў — пабрахаў і памахаў рукамі — і нарэшце, даволі надраўшы горла і адвёўшы душу, паехаў далей. А ў дарожнікаў пасля знаёмства з ім з'явіўся свой, зразумелы толькі ў іх калектыве, фразеалагізм: «Як беляшом па мордзе», — сталі яны казаць пра ўсялякія нечаканыя непрыемнасці ды непрыемныя нечаканасці.