16.08.2019

Бяскніжжа кнігарні

Узнікла жаданне пачытаць якую-небудзь тоўстую кнігу якога-небудзь сучаснага аўтара на якую-небудзь сучасную тэму. У пошуках жаданага я ўвайшоў, быўшы праездам у вялікім горадзе, у вялікую кніжную краму, зусім не сумняваючыся, што з раскладзенай і расстаўленай тут на паліцах і стэндах бязмежнай разнастайнасці абавязкова выберу 2-3 адзінкі тавару на свой густ.

Крутнуўся каля мастацкай літаратуры — ні за што вока не зачапілася. Увогуле, пакуль што ад тэкстаў такога кшталту мяне адвярнула, шкадую марнаваць час на чытанне прыдумак ці ўпрыгожаных, скажоных версій рэальных падзей, таму накіраваўся да гістарычнага аддзела. Але там аказалася ўсё пра старажытнасць — нудота, да таго ж таксама, хутчэй за ўсё, хлусня і фантазіі, бо нават адносна нядаўнія, учарашнія падзеі падносяцца ў розных варыянтах — дык што ўжо казаць пра тыя часы, якіх не бачылі ні мы, ні нашыя продкі да сёмага калена?

Не, мне, хутчэй за ўсё, патрэбна публіцыстыка. Падышоў да аддзела, названага неяк накшталт «Грамадства, палітыка, філасофія». Зацікавіўся кнігай пра чыюсьці няўдалую паездку на заробкі за мяжу — пра перажытыя там выпрабаванні і прывезеныя адтуль расчараванні. Прачытаў анатацыю, гартануў старонкі, выхапіў некалькі фрагментаў — і зразумеў, што сутнасць кнігі мне ўжо зразумелая: мы прывыклі лічыць жыццё людзей на Захадзе лепшым за нашае, а на самай справе хапае і там бардаку, бюракратызму, усялякіх парушэнняў ды злоўжыванняў і г.д. І калі так, калі гэтая кніга не стане для мяне адкрыццём, то навошта чытаць нешта прадказальнае? Я разумею, што хоча данесці аўтар да чытача, я веру яму (даводзілася чуць ад людзей, праўдзівасць якіх не стаўлю пад сумненне, аналагічныя расповеды), хвалю яго за працу... і не буду яго чытаць, у гэтым няма сэнсу.

Можа быць, падыдзе вось гэтае: Міхаіл Велер, «Отцы наш милостивцы», на вокладцы — выявы Пуціна і Мядзведзева. Так, гэтую рэч дакладна вазьму! Кніга не зусім свежая, выдадзеная некалькі гадоў таму, але аўтар мае рэпутацыю скандальнай асобы (крытычны, эмацыйны, у тэле- і радыёэфіры нястрымана сябе паводзіў, выхадкі розныя сабе там дазваляў), так што здабуду ў яго што-небудзь гэткае-разгэткае, погляд які-небудзь неардынарны, ці хаця б узбадзёруся, энергіяй ваяўнічаю падсілкуюся. Адкрываю, гартаю — і што бачу? Канстатацыя агульнавядомых відавочных фактаў (хтосьці выбары выйграў, кагосьці пасадзілі, нейкая краіна ў нейкую ўварвалася, тыя бедныя, гэтыя багатыя і г.д.), а таксама ацэнкі, ярлыкі, хто дрэнны, хто добры, хто злачынца, хто ахвяра. Вельмі раздражняльны, істэрычны, лаянкавы стыль: мноства зневажальных і непрыстойных слоў, смакаванне (бязмэтная дэманстрацыя) негатыўных эмоцый, нібыта аўтар не мае чаго сказаць (няма ў яго распараджэнні ніякіх значных эксклюзіўных фактаў), ці не здольны ён сфармуляваць прычыны саёй незадаволенасці жыццём і таму проста сварыцца ды брыдкасловіць. Дык ну яго, такога чытва, таксама ж проста часу марнаванне.

Так і выйшаў я з кнігарні без кнігі, давядзецца шукаць што-небудзь у электронным варыянце ў інтэрнэце.

© Сяргей Абрамовіч, 2019