Натрапіў я ў бацькоўскай кватэры на кніжачку (тоненькі зборнік вершаў расійскіх паэтаў пра вясну), урачыста ўручаную мне ў школе 1 верасня 1986 года ў гонар майго прыходу першы раз у першы клас.
Мяркуючы па почырку, дарчы надпіс на ўнутраным баку вокладкі рабіла нейкае дзіця, што нядзіўна: было нас аж 9 паралеляў, вучыліся ў 2 змены, вучняў у маім 1 «І» — ці то 32, ці то 37, дакладна не памятаю, але ў любым выпадку відавочна, што падпісваць падарунак для кожнага з нас — занятак даволі працяглы і стамляльны, вось настаўнікі і дэлегавалі камусьці гэтыя паўнамоцтвы — можа, уласным дзецям, можа, школьнікам з ліку найбольш старанных і здольных разборліва пісаць. Аднак узор тэксту складзены, вядома ж, не дзіцёнкам, а педагогам. Педагогам, які не абцяжарыў сябе ўважлівым вывярэннем няшчасных некалькіх радкоў, прызначаных для віншавання першакласнікаў на парозе храма ведаў. А можа, ён і вывяраў, але проста не ўбачыў памылку, усё здавалася яму правільным? Нямала іх, бесталковых настаўнікаў, даводзілася мне сустракаць на працягу дзесяці гадоў вучобы і пазней на працягу трох гадоў працы ў школе.
Падказка. Каму незразумела, шо не так у дарчым надпісе, той, верагодна, і сам піша назвы святаў, знамянальных дат і перыядаў так, як зроблена гэта на вышэйпрыведзеным здымку: свята «Буквара», дзень «Перамогі», новы «Год», нараджэнне «Хрыстова» і г.д.
© Сяргей Абрамовіч, 2019

