08.02.2018

Перапішыце на каго-небудзь мой грэх і ўладкуйце мяне ў рай

— Алё, рэдакцыя? Прашу вас, дапамажыце дабіцца справядлівасці, праўды знайсці. У нас каля дома столькі безнаглядных сабак бегае, што страшна з пад'езда выйсці, асабліва мне, жанчыне шаноўнага ўзросту. І гэта, звярніце ўвагу, цэнтральная вуліца горада, і нікому да яе справы няма. Я звярталася ў камунгас, дык там адказалі, што ў мінулым месяцы выпісвалі з абласнога цэнтра нейкую службу для адстрэлу і ў бліжэйшы час паўторна яе запрашаць не будуць. Не будуць — і не трэба, бачыла я тую службу і яе працу, аднаго сабаку застрэлілі, напаўжывога нейкага, уцекчы не здольнага, а астатнія разбегліся. І гэта яны называюць адстрэлам? Гэта ж здзек з нас, жыхароў.

— Дазвольце вас перабіць, сутнасць вашай праблемы мне зразумелая, так што не будзем марнаваць час. Перш за ўсё скажу, што вы яўна з ліку тых людзей, якія нашу газету не выпісваюць, але не грэбуюць звяртацца да яе па дапамогу, калі ўзнікае нейкая асабістая праблема і ўмяшанне журналістаў бачыцца дзейсным сродкам яе вырашэння. Калі б вы рэгулярна чыталі газету, то ведалі б, што пра безнаглядных сабак мы пісалі незлічоную колькасць разоў, зацягалі гэтую тэму так, што далей няма куды, разгледзелі з усіх бакоў і ва ўсіх ракурсах, з юрыдычнага, тэхнічнага, арганізацыйнага, этычнага пунктаў гледжання, вялі гаворку і пра адстрэл, і пра стварэнне прытулку, і пра адказнасць уладальнікаў катоў і сабак, бралі каментарыі ва ўсемагчымых службовых асоб, публікавалі лісты чытачоў і г.д. Карацей кажучы, раю вам чытаць газету, каб надалей узнікала менш пытанняў, і даю адмоўны адказ: мы не будзем на вашу просьбу чарговы раз пераліваць агульнавядомае з пустога ў парожняе, бо нічога новага на гэты конт ужо не скажам, ніякай больш дзейснай схемы работы з бясхатняй жывёлаю, чым тая, якой прытрымліваюцца нашы камунальныя службы ў цяперашні час, не прапануем.

— Э-э, не, пачакайце, так у вас не атрымаецца, вы не маеце права, вы абавязаны, я да вас афіцыйна звярнулася, як да раённай улады, так што будзьце ласкавыя прыняць меры, іначай я звярнуся ў Мінск, на тэлебачанне.

— Расчарую вас: па-першае, тэлефанаванне не з'яўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам нашай краіны афіцыйным зваротам, па-другое, раённая ўлада — гэта райвыканкам і райсавет дэпутатаў, вось да іх і звяртайцеся, яны — так, абавязаныя, мы — не. Мы сродак масавай інфармацыі, гэта значыць арганізацыя, якая займаецца вырабам інфармацыйнага прадукту ў выглядзе газеты і сайта, ніякіх іншых паўнамоцтваў і абавязкаў у нас няма, і навязаць нам сваю волю вы ніяк не можаце.

— Ну, гэта мы яшчэ пабачым. А што да дэпутатаў, то я ўжо звярталася да аднаго з нашай акругі. Ведаеце, што ён мне адказаў? Уявіце сабе, параіў купіць атруты, падмяшаць у мяса і патруціць гэтых сабак. Гэта што ж, я, пенсіянер, пажылы чалавек, якому ўжо трэба пра вечнае думаць, павінна грэх на душу браць? Ну, не, прабачце, я забіваць не хачу.

— Мне падабаецца ваша логіка: сама грашыць не хачу, але іншыя няхай паграшаць дзеля маёй карысці. На чужым карку ў рай заехаць збіраецеся?

— Што?! Ды як вы… Ды я… Ды вы… Ды што вы сабе дазваляеце?! Вы грубіян! Я зараз у Мінск, у Мінск патэлефаную і камісію выклічу, спецыяльную камісію, каб навялі тут парадак! Яны з вамі разбяруцца, з усімі, і з камунгасам, і з дэпутатам, і з газетай вашаю, і з вамі асабіста!

— І што ж гэта за такая спецыяльная камісія? Па размеркаванні грахоў паміж грамадзянамі і выдачы накіраванняў у пекла ці рай? З задавальненнем сустрэнуся. Значыць, дамовіліся, тэлефануйце ў Мінск, выклікайце, чакаю.

© Сяргей Абрамовіч, 2018