30.04.2019

Адрокся ад мітусні свету, але ад Нобелеўскай прэміі не адмовіцца

Даведаўся я, што ў адной глухой і амаль апусцелай вёсачцы пасяліўся прыезджы мастак, якісьці аўтарытэтны, ці то Заслужаны, ці то Народны ці то Рассіі, ці то СССР, і нібыта набіў ён цэлую камору сваімі карцінамі ды ўсялякімі цікавымі дакументамі савецкай эпохі. Праз колькі дзён мне выпала пабываць у тых мясцінах, і я, вядома ж, такім выпадкам скарыстаўся — скарэкціраваў план паездкі, увёўшы ў яго візіт да мастака.

Чалавек, дзякуючы якому я даведаўся пра гэтую адметную асобу, выказаў жаданне скласці мне кампанію: жыве ён недалёка ад той вёскі, але пра мастака толькі чуў, а таму таксама захацеў пазнаёміцца з ім. Мы сустрэліся з маім інфарматарам у дамоўленым месцы і працягнулі шлях удваіх. Зарослая па баках хмызняком і раскіслая, але ў цэлым нядрэнная, злёгку папсаваная ямкамі, прыдатная для язды на легкавіку веснавая палявая дарога без праблем (калі не лічыць заляпанай граззю машыны) прывяла нас у вёску, дзе, трымаючыся падказанага адным мясцовым жыхаром маршруту, мы падкацілі да буйнога і моцнага, але недагледжанага, абшарпанага і неабгароджанага, акружанага зараснікамі, кучамі дроў і ўсялякага хламу, аднапавярховага цаглянага будынка з двухсхілавым шыферным дахам, хутчэй за ўсё, калісьці казённага — ці то былога клуба, ці сельсавета, ці крамы.

Дзверы замкнёныя знутры, стукаем. Выходзіць хударлявы высокі стары ў сінім спартыўным касцюме, з рэдкімі белымі валасамі, з такой жа рэдкай белай бародкаю, з шэрымі вачамі, з дабрадушным і наіўным тварам, з двума зубамі-разцамі пасярод ніжняй сківіцы (у немаўлят звычайна гэтыя зубы першымі вырастаюць, а ў яго, відаць, апошнімі вываляцца, бо акрамя іх ужо нічога не засталося, голыя дзясны).

Гаворыць, што 73 гады. Трымаецца бадзёра, упэўнена — відавочна, здаровы і энергічны ў меру свайго ўзросту. Здзіўляецца і паціскае плячыма, калі пытаемся, ці даглядае яго сацыяльная служба:

— А навошта?

Пацвярджае, што мастак, але ўдакладняе, што цяпер ужо не малюе. Пытаемся, ці мае званне Заслужанага.

— Не, — адказвае, — Заслужанымі сталі тыя, хто абслугоўваў генеральную лінію Партыі, а я не з іх ліку. Абслугоўваючы генеральную лінію, трэба няўхільна яе прытрымлівацца. Найменшае адступленне, выказванне ўласнага погляду — і вылятаеш з абоймы.

Размова не вяжацца, узнікае невялікая паўза. Парушае маўчанне гаспадар экстравагантнага жытла — выбачаецца, што не запрашае ў хату, бо там, кажа, бы ў хляве, і запэўнівае, што заўсёды так не будзе, раней ці пазней ён навядзе ў сябе парадак:

— Вы не падумайце, гэта не жыццё, я пакуль што не жыву, гэта так сабе, часова, не зважайце, што тут такі развал, я пачну жыць — і тады ўсё стане як мае быць.

— І калі ж тое адбудзецца?! — нетактоўна, дзёрзка, з выклікам і нібыта нават з дакорам пытаецца мой спадарожнік.

— А вось атрымаю Нобелеўку і зажыву, — на поўным сур'ёзе адказвае мастак. — І жыллё іншае набуду, і ўсё астатняе.

Я ўсміхаюся жарту і зніякавела змаўкаю, спахапіўшыся, што смешачка тут, як і дзёрзкасць майго спадарожніка, таксама можа аказацца недарэчнаю, зняважліваю. Мастак пераводзіць погляд на мяне — і тым жа сур'ёзным тонам:

— А што вы смеяцеся? Яе ж вунь колькі разоў прысуджалі незаслужана, то памылкова, то за недарэчнасць, непатрэбшчыну якую-небудзь, так што ў мяне і пагатоў усе шанцы ёсць, бо я ж сапраўднаю творчасцю займаюся. Дакладней, займаўся, цяпер ад мастацтва я адышоў і прысвяціў сябе больш высокай, дасканалай, па-сапраўднаму цудоўнай форме творчасці — Натуры, Існасці, — пры гэтых словах ён з глыбокай пашанаю падняў вочы да неба. — Я займаюся сузіраннем і спасціжэннем Існасці, яна цудоўная, вечная і сапраўдная, у адрозненне ад мастацтва. Мастацтва асуджана быць служкам, абслугоўваць усялякія генеральныя лініі ці чыесьці прыхамаці. Гэта датычыцца не толькі жывапісу, а і літаратуры, і іншай усялякай прастытуцыі.

Размова ўсё ж такі не вяжацца, зноў узнікае няёмкая паўза...

Погляд мастака быў ясным, гаворка — паслядоўнаю, ніякіх непрыемных пахаў ад яго не сыходзіла, з чаго я зрабіў выснову, што перад намі не п'яніца і не вар'ят, а сапраўды разумны і таленавіты чалавек, які на схіле гадоў знайшоў у глушы спакой, уцёк сюды ад жыццёвай мітусні. Мне было няёмка, што мы сваім з'яўленнем без запрашэння нагадалі яму пра даўнія трывогі, надзеі і расчараванні. Я папрасіў прабачэння за турботы і развітаўся, нават не спытаўшы яго імя, не пацікавіўшыся хаця б павярхоўна біяграфічнымі звесткамі, каб лішні раз не вярэдзіць яму душу, не расхістваць яго эмацыянальную раўнавагу вобразамі мінулага. Няхай сабе сузірае Натуру, спасцігае Існасць і атрымлівае асалоду, яднаючыся з Сусветам, зліваючыся з ім, раствараючыся ў яго бясконцасці, адчуваючы сябе часцінкаю гэтай вечнай таямніцы.