10.10.2017

Вялікія непрыемнасці ад маленькай дзірачкі

У верасні, калі скончылася ўборка збожжа, вясковы дзядок, што жыве ўдваіх з бабулькаю, падмазаў калгаснага вартаўніка, з'явіўся ў прызначаны час з нейкім самаробным вазком на вяроўцы да зернясклада, пагрузілі яны ў гэты вазок тры мяхі новага ўраджаю, і пацягнуў здабытчык свой здабытак.

Адзін мех трапіўся дзіравы, але дзірачка была маленькая, дзядок ці то не заўважыў яе, ці то не надаў ёй значэння — і ад склада да яго дома пралёг рэдзенькі, перарывісты, але ўсё ж выразна бачны зерневы след: па два, па тры, па чатыры зярняткі на кожным кроку. У выніку старшыню, які своечасова даведаўся аб прапажы, засталося толькі, набраўшыся цярпення, пайсці па гэтай нітачцы, што ён і зрабіў — выкарыстаў шанц вярнуць сваё дабро і прыцягнуць зламысніка да адказнасці.

Калі завітаў да злодзея і папрасіў вярнуць крадзенае па-добраму, без лішняга шуму, той стаў аднеквацца: нічога не браў, нічога не ведаю. Дрыжаў, заікаўся, нёс усялякую лухту, спрабуючы перавесці размову на іншую тэму і разжаліць няпрошанага госця: скардзіўся на дрэннае надвор'е, на сапсаваны тэлевізар, на сырыя дровы, на маленькую пенсію, на тое, што дзеці даўно не прыязджалі, — і, напэўна, ужо сам не рады быў, шкадаваў, што спакусіўся чужым дабром. Але адступаць не збіраўся, наважыўся трымацца да апошняга, абараняць чысціню свайго імя: не браў я, і ўсё тут, памыляецеся вы, блытаеце штосьці!

Зацяўся і старшыня — выклікаў міліцыю. Стары, можа, працягваў бы ўпарціцца, ды вось жонка яго, убачыўшы людзей у пагонах, спалохалася і не вытрымала, чыстасардэчна ва ўсім прызналася і паказала, дзе мяхі схаваныя.

© Сяргей Абрамовіч, 2017