01.06.2017

Чулі, што флэшмоб, ды не зразумелі, што за ён

Ужо другі раз я пачуў, як калектыўны танец з аднолькавымі і сінхроннымі для ўсіх удзельнікаў рухамі чамусьці назвалі флэшмобам. Калі б дзесьці ў грамадскім месцы нейкія людзі нечакана згрупаваліся, станцавалі (хоць такі самы танец, хоць падобны, хоць зусім іншы) і імгненна рассыпаліся, зніклі ў невядомым напрамку без тлумачэння сваіх дзеянняў, то гэта сапраўды быў бы флэшмоб — у чыстым выглядзе, класічны, які ўяўляе сабою бессэнсоўную, ні да чаго не прымеркаваную, не абцяжараную ніякай ідэалагічнай нагрузкаю вясёлую і/або дураслівую публічную акцыю, накіраваную на прыцягненне ўвагі выпадковых відавочцаў і бянтэжанне іх, здзіўленне, шакіраванне. Калі ж гледачам нейкага мерапрыемства абвяшчаюць: «А зараз мы станцуем для вас флэшмоб», то на самай справе ў гэтай сітуацыі ні пра які фшэшмоб не можа быць гаворкі.

Флэшмоб узнік як злёгку эпатажная забава моладзі, і праводзіцца ён не абавязкова ў форме танца, гэта можа быць нейкае менш працяглае дзеянне. Напрыклад, у верасні 2004 года ў Барысаве прайшоў флэшмоб з пераабуваннем: удзельнікі акцыі селі на прыступкі шырокай лесвіцы, якая вядзе ад аўтастаянкі да ўнівемрага «Веста», дасталі з заплечнікаў тапкі, надзелі іх, а абутак, у якім былі дагэтуль, паклалі ў заплечнікі і разышліся хто куды. Я тады кожны дзень прыязджаў у Барысаў, а незвычайная падзея каля ўнівермага атрымала рэзананс, пра яе пайшлі размовы — менавіта так я і даведаўся пра паняцце «флэшмоб». Дзесьці праз год у Мінску (на той момант я там, у сталіцы, жыў і працаваў) адбыўся флэшмоб з надзяваннем адгазнікаў: група моладзі ўвайшла ў тралейбус, надзела адгазнікі, праехала адзін прыпынак, выйшла, зняла адгазнікі і рассыпалася.

І вось цяпер я, відаць, станаўлюся сведкам такой з'явы, калі ўжыванне слова ў няправільным значэнні шырока распаўсюджваецца і можа так замацавацца ў моўнай практыцы, што стане нарматыўным і ўвойдзе ў слоўнікі. Сёлета мне давялося стаць сведкам наступных двух выпадкаў: 1) вядучая масавых гулянняў паведаміла, што зараз удзельнікі канцэртнай праграмы станцуюць флэшмоб, — і артысты проста станцавалі танец; 2) пасля іншага масавага мерапрыемства адзін чалавек, успамінаючы прадэманстраваныя на ім нумары самадзейнасці, сказаў, што яму спадабалася, як, цытую, «станцавалі флэшмоб». У абодвух выпадках танец складаўся з энергічных, рэзкіх рухаў, якія ўдзельнікі рабілі адначасова (адначасова ўсе паднялі рукі над галовамі, адначасова ўсе развялі рукі ўбакі, адначасова ўсе павярнуліся, нахіліліся, прыселі, пакружыліся і г.д.).

Думаю, гэтая аблуда (ужыванне слова «флэшмоб» у адносінах да танца) узнікла паводле вось якога прынцыпу: праходзіць флэшмоб у выглядзе танца (некалькі людзей на вачах прахожых нечакана групуюцца, танцуюць і разбягаюцца), хтосьці камусьці гаворыць, што гэта флэшмоб, і той другі хтосьці, не зразумеўшы, вырашае, што флэшмоб — гэта разнавіднасць харэаграфічнага выступлення, жанр танца. Карацей, вось вам яскравая ілюстрацыя да прымаўкі «чуў звон, ды не ведаў, дзе ён».

Назіраю я і яшчэ адну недарэчную (на мой філалагічны густ) тэндэнцыю: словам «флэшмоб» усё часцей абазначаюць без разбору любую кампанію, акцыю, напоўненую нейкім сэнсам, да чагосьці прымеркаваную — экалагічную, дабрачынную, палітычную і інш. А сам флэшмоб, дарэчы, нібыта знік, штосьці даўно не чуваць пра яго, ніхто нічога такога не праводзіць (магчыма, на змену яму прыйшоў чэлендж — выдурніванне індывідуальна на камеру анлайн, а не калектыўна на вачах у жывых людзей).