05.11.2016

Трактарысту не патрэбна жонка-чыноўніца

Маладой вясковай настаўніцы прапанавалі перайсці метадыстам у раённы аддзел адукацыі. Яна згадзілася, але мужык, трактарыст мясцовага калгаса, яе рашэнне ануляваў, сказаўшы, што жонка павінна быць у яго на вачах, а не чорт ведае дзе з усялякімі начальнікамі шуры-муры круціць.

Угаворвалі яго і цешча з цесцем, і бацькі, але марна — сказаў сваё важкае слова і назад не ўзяў:

— Тут яна, — тлумачыў, — урокі адвяла, і я забраў яе і дадому прывёз, і ведаю, дзе яна і што яна, а там будзе невядома з кім невядома чым займацца, не патрэбна мне такая жонка!

Так і адрабіла да пенсіі настаўніцаю, нібыта крыж пранесла, адчуваючы сябе пазбаўленаю магчымасці рэалізаваць свой патэнцыял, прайсці прапанаваны лёсам больш цікавы і перспектыўны шлях. А мужык трактарыстам адбыў. Выпіць любіў. Выпіўшы — жонку паганяць. І ў турму схадзіў, на п'яную галаву да кагосьці ў хату ўварваўшыся і гаспадара пабіўшы.

© Сяргей Абрамовіч, 2016