Калі не абуральна, то па меншай меры камічна выглядае этыкетка піва «Авторське», на якой за подпісам Андрэя Мацолы — заснавальніка кампаніі, што выпускае гэтую прадукцыю, — размешчана сцверджанне «Я зробив усе, що міг. Хто зможе, нехай зробить краще». Відавочна, што гэта злёгку перайначанае, адрознае толькі адной лексічнай адзінкаю, лацінскае выслоўе «Feci quod potui, faciant meliora potentes» («Я зрабіў усё, што мог, няхай хто можа, зробіць больш», толькі на этыкетцы замест слова «больш» ужыта «лепш» — украінскае «краще»).
Інтэрнэт-крыніцы паведамляюць, што гэтай фразаю старажытнарымскія консулы завяршалі справаздачную прамову па заканчэнні тэрміну сваіх паўнамоцтваў. Друкаванае выданне «Словарь латинских крылатых слов» (Ширяева Т.А., Ростов-на-Дону, «Феникс», 2002) прапаноўвае больш дэталёвае тлумачэнне: выказванне з'яўляецца перапрацоўкай аналагічнага паводле зместу выказвання Цыцэрона (таксама быў консулам).
Зразумела, у плагіяце бізнесмена Мацолу не абвінаваціш, крылаты выраз на тое і крылаты, каб хто заўгодна ўжываў яго дзе, калі і як захоча, аднак з этычнага пункту гледжання на бутэльцы піва гэтаму консульскаму выслоўю, ды яшчэ з піваварскім подпісам, яўна не месца. Па-першае, у пакупніка, не абазнанага ў антычнай спадчыне, такая падача інфармацыі — выказванне і подпіс — можа выклікаць ілжывае ўяўленне пра тое, што асобе, якая падпісалася пад выказваннем, гэтае выказванне і належыць. Па-другое, сэнс выказвання — стваральны, і Цыцэрон, і іншыя консулы працавалі дзеля карысці народа, у той час як сёння агульнавядомая шкода піва для арганізма чалавека і шкода любога алкаголю для грамадства ў цэлым.
Зрэшты, шырокім масам спажыўцоў наўрад ці ёсць справа да ўсялякіх гістарычных асоб і этычных тонкасцей. Чалавека, які купляе бутэльку піва, цікавяць у першую чаргу смак гэтага напою і яго здольнасць выклікаць ап'яненне.
© Сяргей Абрамовіч, 2016

