12.06.2026

Стаўце доўгі працяжнік, а не кароткі

У масы пайшла гуляць недарэчная ідэя: нібыта доўгі працяжнік (звычайны, класічны, правільны) сведчыць пра тое, што тэкст згенераваны штучным інтэлектам.

Мне няма розніцы, якія працяжнікі ставіць ШІ, я ўжываў, ужываю і буду ўжываць доўгі. З таго часу, як я ў 1986 годзе навучыўся пісаць, ні алфавіт, ні знакі прыпынку ў беларускай мове ніхто не змяняў.

Ідыёцкі кароткі працяжнік (задоўгі для працяжніка і закароткі для дэфіса, гэткі графічны гермафрадыт) увайшоў у нашае жыццё з камп'ютарызацыяй і развіццём інтэрнэту.

Некаторыя камп'ютарныя праграмы для набору тэксту аўтаматычна ставяць правільныя, доўгія працяжнікі, некаторыя падсоўваюць карыстальніку вычварэнскія, кароткія. Як філолаг, аматар і майстар слова, я кастрыраваныя працяжнікі падчас працы над сваімі творамі заўсёды мяняю на паўнавартасныя, гэта пытанне моўнага густу (валодаеш ім — ставіш доўгі працяжнік, пазбаўлены — кароткі) і прафесійнага гонару. Калі я паважаю сябе і сваіх чытачоў, то не апушчуся да таго, каб адрасаваць камусьці тэкст, пра які ведаю, што ён няякасны хоць у якім аспекце — стылёвым, граматычным, графічным.

Вядома ж, масы бяздумныя, легкаверныя і малапісьменныя, таму цалкам верагодна, што яны падхопяць, прымуць на веру глупства наконт прыналежнасці доўгага працяжніка выключна штучнаму інтэлекту — і тады мой голас здаровага сэнсу патоне ў ляманце натоўпу, але калі я маю рацыю, то дагаджаць яму не збіраюся, няхай лямантуе.

Доўгі працяжнік — адзнака пісьменнасці, культуры, павагі да адрасата, а не спараджэнне штучнага інтэлекту.

© Сяргей Абрамовіч, 2026