28.05.2026

Псіхалогія журналістыкі і самарэалізацыя ў медыясферы

26.05.2026 я абараніў у Белдзяржуніверсітэце дыпломную работу на тэму «Псіхалагічныя заканамернасці і стратэгіі самарэалізацыі ў журналісцкай дзейнасці». Адзнака — 9 балаў.

Медыясфера за апошняе дзесяцігоддзе кардынальна змянілася: з'явіліся новыя і лёгкадаступныя каналы распаўсюджвання масавай інфармацыі, канкурэнцыю журналістам склала так званая грамадзянская журналістыка (блогі, сацыяльныя сеткі), для генерацыі кантэнту выкарыстоўваецца штучны інтэлект. У такіх умовах журналіст адчувае сур'ёзную псіхалагічную нагрузку, імкнучыся даць рады інфармацыйнай плыні і знайсці сваё месца ў ёй — выбраць сапраўды важную інфармацыю, праверыць праўдзівасць фактаў, падрыхтаваць і апублікаваць матэрыял раней за калег з іншых СМІ. Не выключана і расчараванне прафесіяй, калі якасныя публікацыі на інтэрнэт-рэсурсе, у якія ўкладзена вялікая праца, застаюцца незаўважанымі, тонуць у інфармацыйным шуме. Сучасныя даследчыкі вядуць гаворку пра крызіс прафесійнай самаідэнтыфікацыі журналістаў і пра крызіс класічных мадэляў СМІ.

Як працаўніку медыясферы ў такіх рэаліях пазбегнуць прафесійнага выгарання і працягнуць паспяховае выкананне сваіх функцый? Іншымі словамі, як журналісту сфарміраваць эфектыўную стратэгію самарэалізацыі, г.зн. сістэму ўзаемаадносін з крыніцамі і спажыўцамі інфармацыі, калегамі, канкурэнтамі? Пошуку адказаў на гэтыя пытанні прысвечана мая дыпломная работа.

Да пастаўленых у ёй мэт я рухаўся ў тры этапы, кожны з якіх знайшоў адлюстраванне ў адпаведнай главе. Спачатку разабраўся з навуковымі падыходамі да феномена самарэалізацыі чалавека, г.зн. яго імкнення асэнсаваць і максімальна выкарыстоўваць свае схільнасці, здольнасці і патрэбы, у тым ліку праз прафесійную дзейнасць. Далей звярнуўся да такой галіны навукі, як псіхалогія журналістыкі, разгледзеў феномен самарэалізацыі чалавека ў вузкім сэнсе — як самарэалізацыю ў журналісцкай прафесіі. На трэцім этапе прааналізаваў прыклады самарэалізацыі сучасных беларускіх журналістаў і медыяфрылансераў і па выніках гэтага аналізу вылучыў тры стратэгіі самарэалізацыі, на аснове якіх іншыя журналісты і фрылансеры могуць фарміраваць уласныя.

Першыя два этапы ўяўляюць сабою галоўным чынам аналіз навуковай літаратуры. На трэцім этапе я правёў наступныя даледаванні: 1) анкетаванне журналістаў талачынскай раённай газеты «Наша Талачыншчына» на прафесійную дэфармацыю; 2) тры псіхалагічныя тэсціраванні гэтых журналістаў: на прафесійнае выгаранне, на выяўленне копінг-стратэгій, на вызначэнне ўзроўню і тыпу прафесійнай самарэалізацыі; 3) паўструктураванае інтэрв'ю з гэтымі журналістамі на тэму прафесійнай самарэалізацыі. Таксама на гэтым этапе правёў наступныя даследаванні сферы медыяфрылансу: 1) дыстанцыйнае структураванае інтэрв'ю з Віцебскім урачом і блогерам Андрэем Ягоравым; 2) дыстанцыйнае структураванае інтэрв'ю з дызайнерам партала горада Віцебска Вікторыяй Шэбека; 3) аналіз брэсцкага гарадскога партала (паспрабаваў дыстанцыйна праінтэрв'юіраваць яго ўладальніцу Тамару Цібароўскую, але не атрымаў адказу на электронны ліст, у выніку абмежаваўся аналізам звестак, размешчаных на гэтым партале); 4) аналіз расповедаў шасці беларускіх блогераў аб сабе, аб сваіх маральных і дзелавых прынцыпах і ўзаемаадносінах з рэкламадаўцамі (расповеды знойдзены ў інтэрнэце).

© Сяргей Абрамовіч, 2026