09.03.2026

Злавесны абмен шапкамі

Чалавек, якому выпала праходзіць тэрміновую службу ў Афганістане і пашчасціла не ўдзельнічаць там у баявых дзеяннях (суправаджаў транспарт, ахоўваў аб’екты, але нападаў не зведаў), назаўсёды запомніў апошнюю сустрэчу ў роднай вёсцы з на год старэйшым сябрам, чыё жыццё афганская вайна забрала. Пасля трагічнай весткі тая сустрэча атрымала містычную афарбоўку.

Яны пабачыліся, калі старэйшы мусіў назаўтра ехаць у ваенкамат з асабістымі рэчамі — на адпраўку да месца службы. Малодшы, на той момант навучэнец ПТВ, прыйшоў да яго ўвечары развітацца. У нейкі момант, калі абодва стаялі апранутыя ў сенцах, наважыўшыся пашпацыраваць па родных ваколіцах, маці навабранца звярнула ўвагу, што на госцю паношаная шапка, а ў яе сына новая, і ўласнаручна памяняла іх — пасцягвала з галоў і надзела ў супрацьлеглай адпаведнасці: сыну — сябраву, сябру — сынаву. Растлумачыла, што цывільная вопратка ўсё роўна ў войску два гады не спатрэбіцца, а за гэты час можа і прапасці, усё роўна вунь дэмбелі ў форме вяртаюцца, дык няхай новую свой чалавек носіць, а старую і страціць не шкада.

Калі ў вёсцы даведаліся пра гібель земляка на чужыне, адна старая зрабіла выснову: не варта было мацеры шапкі мяняць, памяняла разам з імі лёсы — чужое дзіця ўратавала, сваім ахвяраваўшы.

Вядома ж, калі б хлопец вярнуўся жывым, то нікому не прыйшла б думка пра звышнатуральнае значэнне абмену шапкамі. А памятаеце майго сябра з апавядання «У дзяцінстве я баяўся загінуць на вайне»? Тую сітуацыю, калі я экзальтавана даводзіў яму, што нас у арміі не заб’юць, містычна настроеная асоба накшталт вышэйзгаданай старой магла б праінтэрпрэтаваць як міжвольнае праграмаванне мною суразмоўцы на гібель або нават як перакладванне на яго трагедыі, першапачаткова наканаванай мне (нездарма ж я так пакутаваў ад страху перад магчымай вайною — нібыта прадчуваў гвалтоўную смерць).

© Сяргей Абрамовіч, 2026