Нямала ўсялякіх прысушак, адсушак і іншых магічных рэцэптаў псіхасексуальнага ўздзеяння на прадстаўнікоў супрацьлеглага полу можна знайсці ў фальклорнай і этнаграфічнай літаратуры, дапамогу ў вырашэнні сардэчных праблем некардыялагічнага профілю прапаноўваюць экстрасэнсы, але я стаўлю пытанне: якія-небудзь з гэтых сродкаў дзейсныя, ці гэта проста наіўныя фантазіі і шарлатанства?
У дзяцінстве (80-я гады мінулага стагоддзя) я пачуў, гасцюючы ў вёсцы ў родных, вось якую гісторыю, што адбылася ў той мясцовасці яшчэ да 1917 года (распавядала пажылая жанчына, якая нарадзілася ўжо ў савецкі час і даведалася пра гэты выпадак ад старэйшых).
Панскі ці то аканом, ці то нейкі іншы работнік аналагічнага рангу страціў розум па дзяўчыне з аддаленай вёскі. Ці быў ён жанаты і які сацыяльны статус займала дзяўчына, у расповедзе не ўдакладнялася, або я забыў. Кожны дзень гаротнік прагнуў зірнуць на аб'ект сваёй страсці і без задавальнення гэтай прагі нічога не здольны быў рабіць — журыўся, не мог засяродзіцца, жыць яму не хацелася. Ехаў верхам у тую вёску, набліжаўся да хаты, у якой жыла дзяўчына, не злазячы з каня пазіраў у акно і, калі шчасціла ўбачыць там выкрадальніцу яго сэрца, супакоены і пасвятлелы вяртаўся, да заўтра жыў звычайным жыццём.
Даведаўшыся пра ліха свайго работніка, пан звёў яго са знахаркай. Тая пашаптала, ці што там яшчэ зрабіла — і хваравітую закаханасць з мужыка бы рукой зняло.
Што гэта было — ці дзяўчына прываражыла яго, а знахарка чары зняла, ці аканом сам сабою страціў душэўную раўнавагу і дзякуючы знахарцы ачуняў, — сказаць не магу: не памятаю, як у показцы інтэрпрэтаваліся пакуты і выратаванне яе галоўнага героя.
Ачмурэнне такога кшталту не аднойчы ахоплівала і мяне — то кароткачасова аднаразова (прыступ знікаў назаўсёды пасля зносін з жаданай дзяўчынай ці жанчынай), то на месяцы (побач з ёй пакуты сунімаліся, а пасля развітання я зноў вар'яцеў). У моманты, калі неадольна хацелая бачыць яе, мяне ахопліваў адчай з той прычыны, што вось тут і цяпер задаволіць маё жаданне немагчыма, узнікала нейкая паніка і безнадзейнасць, адчуванне катастрофы, нібыта канец свету набліжаецца. Калі насланнё адступала, я ўздыхаў з палёгкаю і адчуваў сябе так, нібыта з нейкага іншага свету вярнуўся.
Два разы ў момант майго прыступу балеснай страсці дзяўчына (у адным выпадку адна, а другім іншая) знаходзілася недалёка, я ведаў дзе канкрэтна, прыходзіў і заспяваў яе за нейкімі маніпуляцыямі з люстэркам, яна адразу іх спыняла і хавала задаволеную хітрую ўсмешку. У адным з гэтых выпадкаў на ёй быў старадаўні пуховы шаль — зрэбны, некалі белы, а цяпер брудна-жоўты, з прычыны гэтай зрэбнасці і жаўцізны зусім яе не ўпрыгожваў, выглядаў на ёй недарэчна (ды і любую іншую дзяўчыну ён сапсаваў бы — надаў бы старэчасці, недагледжанасці, жалювартасці), — і пры маім з'яўленні гэты элемент вопраткі дзяўчына адразу зняла і схавала.
Аднойчы я раптоўна адчуў прыцягненне і пяшчоту да суразмоўніцы, з'еўшы цукерку, якою тая мяне пачаставала (адразу: узяў з рукі, разгарнуў, з'еў — і загарэўся), хаця да гэтага моманту без ніякіх эмоцый з ёю гутарыў, праўда, ведаючы, што яна даўно паглядае на мяне неабыякава.
І яшчэ адзін яскравы выпадак (іх было больш, але не буду стамляць). Без відавочнага знешняга стымулу (знаходзіўся адзін) раптоўна ўз'юрваюся, усё кідаю і кіруюся да жанчыны, адчуваючы, што наўрад ці стрымаюся, каб не абрынуць на яе шал, які ўва мне з кожным момантам разгараецца. Убачыўшы мяне, жанчына спешна надзявае верхнюю вопратку (была восень) і вінавата-спалоханым голасам і з такім самым выразам твару просіць прабачэння за тое, што не можа ўдзяліць мне ўвагі, паколькі вымушана тэрмінова ісці. Гледзячы на гэтую сітуацыю праз эзатэрычную прызму, можна было б вытлумачыць яе наступным чынам: ці то праз цікаўнасць, ці то жартам свавольніца прыцягнула мяне да сябе, а ўбачыўшы, што метад працуе, аказалася не гатоваю да такога развіцця падзей і ўключыла заднюю.
Калі такія прыступы здараліся ў юнацтве, я не задумваўся над імі, не бачыў у іх нічога незвычайнага. У больш сталым узросце стаў рэфлексаваць, асэнсоўваць гэтыя выпадкі маіх дзіўных паводзін — і вось тут прыгадаліся і пачуты ў дзяцінстве ў вёсцы расповед, і фальклор, і ўзнікла думка: а ці не маю я справу з дыстанцыйнымі псіхалагічнымі маніпуляцыямі? Развагі ў гэтым напрамку завялі мяне так далёка, што на працягу пэўнага часу я нават быў перакананы: жанчыны карыстаюцца чарадзействам на каханне масава і звыкла, у чарадзе штодзённых побытавых клопатаў, такім чынам круцячы намі, мужыкамі, як заўгодна.
Сёння, калі я ўжо не юны і нават, лічу, не малады, але яшчэ не стары (46), інтэрпрэтую прылівы хваравітай нястрымнай цягі да прадстаўніц супрацьлеглага полу як эмацыянальныя ўспышкі, імклівы напал страсці, выкід нейкіх гармонаў — словам, выключна як вынік працэсаў, што адбываюцца ў маім арганізме (сапраўды, яны адбываюцца яшчэ і сёння, хоць ужо не так часта і не такія магутныя), а ўсялякія люстэркі ды цукеркі бачацца супадзеннем. Але гэта толькі версія, падказаная мне інтуіцыяй, нічым не абгрунтаваная, не вытлумачаная — знешняе дыстанцыйнае таемнае ўздзеянне на мяне таксама нельга выключаць (і таксама не ведаю, як яго вытлумачыць).
Такім чынам, адказу на вынесенае ў загаловак пытанне не даю. Можаце прапаноўваць свае версіі і дзяліцца сваімі гісторыямі ў каментарыях (пішыце толькі па сутнасці: уключана прэмадэрацыя — усялякая лухта і рэклама знахарскіх паслуг не пройдуць).
© Сяргей Абрамовіч, 2026