Шмат людзей няправільна ставяць націск у назвах першага і другога веснавых месяцаў — кажуць «сака́вік» і «краса́вік». Такое недарэчнае вымаўленне за апошніх пару гадоў я чуў (ужывую, не па тэлевізары ці радыё) ад трох асоб, якія маюць вышэйшую адукацыю розных профіляў, атрыманую ў ВНУ Мінска і Віцебска. З улікам таго, што беларуская мова ў сучасным грамадстве па-за медыясфераю ўжываецца нячаста (ды і ў СМІ таксама не надта), тры выпадкі за такі адрэзак часу я схільны разглядаць як тэндэнцыю, масавую распаўсюджанасць памылкі.
Двое з вышэйзгаданых людзей — ураджэнцы Талачына і Талачынскага раёна (Віцебская вобл.), адзін родам аднекуль з Гомельшчыны. У такім лінгвагеаграфічным кантэксце вытлумачыць аблудную пастаноўку націску ўплывам дыялектаў наўрад ці магчыма, бо Віцебшчына з Гомельшчынай нават не мяжуюць і супадаюць з рознымі групамі народных гаворак. А прымаючы да ўвагі той факт, што «сака́вік» ды «краса́вік» гэтыя асобы вымаўлялі не ў вольнай гутарцы, а зачытваючы з паперы тэксты ў афіцыйных абставінах (і аўтарамі гэтых тэкстаў самі не з'яўляліся, і зачытвалі вельмі марудна і няўпэўнена, бы слабы школьнік на ўроку), можна адназначна зрабіць выснову, што прычына такога вымаўлення — у няведанні мовы.
Хутчэй за ўсё, у школе па мове ім выставілі шляхам завышэння патрэбныя балы, а ў ВНУ гэты прадмет на іх спецыялізацыях калі і быў прадугледжаны праграмаю, то ва ўсялякім разе профільным не з'яўляўся — мільгануў другарадна, можа, на працягу якога семестра.
© Сяргей Абрамовіч, 2024