Улетку заезджыя цыганы пасвілі калгасных кароў, а калі ўвосень паехалі, то пакінулі трох маладых беспародных сабак: ці то свядома пазбавіліся ад непатрэбных цяпер сезонных памочнікаў, ці то згубілі іх — у момант ад'езду не дагукаліся.
Сабакі прыжыліся на машынным двары. Відавочна з аднаго прыплоду: усе нейкай нязвыклай масці — нібыта карычневыя, але з лілова-бэжавым адлівам (можа, не такія ўжо і беспародныя?); з кароткім гладкім футрам; ростам па калена сярэдняму мужыку. Аднолькавыя характарам: заўзята брахлівыя на незнаёмых людзей, але не кусачыя і схільныя пасля непрацяглага шалёнага ляманту перайсці да заляцанняў — асцярожна наблізіцца да толькі што старанна аббраханага чужынца, падлашчыцца і пачаць дурэць.
Корміць іх шасцідзесяцішасцігадовы інжынер, які прыязджае на працу штодня ўласнай машынаю з іншай вёскі, за дзесяць кіламетраў: крыху пасядзеў на пенсіі, а пасля з прычыны недахопу кадраў папрасілі дапамагчы, вярнуцца ў родную гаспадарку.
— Да сябе забіраць не хачу, не трэба яны мне, але ж і шкада, яны ж нам пасвілі. Вось і вару ды важу кожны дзень. Летам ізноў пасвіць будуць.
© Сяргей Абрамовіч, 2025