30.12.2024

Мабільных «прыкладанняў» не існуе — толькі дадаткі

Рускамоўны тэрмін «мобильное приложение», якому ў беларускай мове адпавядае «мабільны дадатак», мае паходжанне ад англійскага «mobile application».

У маўленні і тэкстах слабых знаўцаў беларускай мовы сустракаецца недарэчнае, бязглуздае словазлучэнне «мабільнае прыкладанне». У дадзеным выпадку слова «прыкладанне» можна разглядаць альбо як бяздумны, механічны, без уліку кантэксту пераклад англійскага «application», альбо як кальку (фармальны пераклад кожнай часткі іншамоўнага слова) з рускай: «ложить» — «класці», «при-ложение» — «пры-кладанне». З эстэтычнага пункту гледжання калькаванне з'яўляецца непажаданым прыёмам, замест калькі лепей пастарацца падабраць самабытны эквівалент у роднай мове ці, калі такога не знайшлося, сканструяваць нешта паводле яе, роднай мовы, законаў.

Слова «прыкладанне» (тое самае, што і «прыкладванне») у беларускай мове абазначае працэс: прыкладанне кампрэса да хворага месца, прыкладанне тэлефона да вуха, прыкладанне банкаўскай карткі да бескантактнага тэрмінала і г.д. У рускай мове яму адпавядае слова «прикладывание». Такім чынам, словазлучэнне «мабільнае прыкладанне» — поўная бяссэнсіца, па-руску яно гучала б як «мобильное прикладывание». Дурню зразумела... зрэшты, дурню, можа, і не, але разумны павінен датумкаць, што ўсталяваная на смартфон ці планшэт праграма з'яўляецца ў пэўным сэнсе элементам камплектацыі гэтага прыстасавання, дадаткам да яго, аб'ектам, а не працэсам, не з'яваю, не дзеяннем.

У кастрычніку 2024 года я пачуў словазлучэнне «мабільнае прыкладанне» ў аўдыяабвестцы Беларускай чыгункі (дыктар прапаноўваў набываць білеты безнаяўна праз смартфон). Напісаў у гэтую кампанію — прапанаваў выправіць памылку. Мне адказалі, што звярталіся (раней, яшчэ да маёй прапановы) наконт словазлучэння «мабільны дадатак»/«мабільнае прыкладанне» ў філіял «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і атрымалі наступнае тлумачэнне: словазлучэнні «мабільны дадатак» і «мабільнае прыкладанне» з'яўляюцца недакладнымі (не на 100% адэкватнымі) адпаведнікамі англійскага «mobile application», а таму можна ўжываць любое з іх, але варта аддаваць перавагу «мабільнаму дадатку». Наступным разам (калі ўзнікне патрэба сфармуляваць новыя абвесткі) чыгунка мае намер, як паведамляецца ў адказе мне, улічыць рэкамендацыю Інстытута мовазнаўства.

Я ў дадзеным выпадку з інстытутам не згодзен: тэрміну «мабільнае прыкладанне» ў беларускай мове месца няма, «мабільны дадатак» трэба пазіцыянаваць не як больш прымальны, а як адзіна правільны.

© Сяргей Абрамовіч, 2024