28.04.2024

Філосаф — не ляснік і не лінгвіст

Неяк гадоў дзесяць таму напісаў я на беларускай мове тэкст пра лясную гаспадарку для апублікавання ў газеце і адправіў электроннай поштай у наш раённы лясгас, каб на ўсялякі выпадак паглядзеў хто-небудзь кампетэнтны, бо тэма вузкаспецыяльная — можна што-небудзь наблытаць.

Праз некаторы час патэлефанавала мне адтуль юная супрацоўніца (цяпер ужо там не працуе) і сказала, што трэба ў фрагменце пра саджанцы з адкрытай каранёвай сістэмаю слова «адкрытая» замяніць на «адчыненая».

— Навошта? — спытаў я.

— Ну, як навошта... Так будзе па-беларуску, а «адкрытая» — гэта ў рускай мове, «открытая».

— Хто вам такое сказаў?

— Я паглядзела ў руска-беларускім слоўніку, там напісана «открывать — адчыняць», значыць, каранёвая сістэма адчыненая.

Давялося тлумачыць, што адчыняць і зачыняць можна толькі дзверы (канкрэтна, у літаральным сэнсе) і ўстановы (вобразна, у сэнсе пачынаць працу і заканчваць: раніцай крама адчыняецца — працуе, увечары зачыняецца — не працуе). Дзяўчына зніякавела і адчула сябе вінаватаю, маё тлумачэнне стала для яе адкрыццём (ці, як яна, мабыць, да таго моманту лічыла, «адчыненнем»?).

Пазней я даведаўся, што ў лясгас яна ўладкавалася пасля заканчэння філасофскага факультэта — на пасаду, не звязаную непасрэдна з вытворчасцю, а праз які год звольнілася і знайшла сябе ў іншай сферы (праўда, таксама не ў адпаведнасці з дыпломам і без неабходнасці лапаціць руска-беларускі слоўнік).

© Сяргей Абрамовіч, 2024