26.04.2024

Блюзнерскае блазнаванне каля Вечнага агню — з'ява не новая

Не так часта, каб да іх прызвычаіцца, але і не так рэдка, каб бачыць у іх сенсацыю, мільгаюць навіны пра апаганьванне Вечнага агню: 2021-шы — у Падмаскоўі грамадзянка пенсійнага ўзросту гатуе на ім ежу; 2022-гі — у Мінску праз яго скача, бы праз купальскае вогнішча, 35-гадовы камандзіровачны расіянін; 2024-ты — у Гродне на агонь спраўляе малую патрэбу 21-гадовы мясцовы жыхар…

Былі б усе фігуранты гэтых інцыдэнтаў малалеткамі — узнікла б спакуса прызнаць такія выбрыкі заканамернымі для паводзін моладзі ў нашу легкадумную і безадказную эпоху, але з улікам дэмаграфічнага аспекту (вышэйзгаданыя штукары адносяцца да розных пакаленняў і сацыяльных слаёў) даводзіцца весці гаворку пра індывідуальныя разумовыя і маральныя асаблівасці кожнага асобна ўзятага персанажа скандальнага сюжэта (інтэлектуальна і маральна паўнавартасны дарослы, нават калі ў школьныя гады быў абібокам і ўсе выхавальныя мерапрыемствы не вельмі закранулі яго свядомасць, проста з кантэксту грамадска-палітычнага жыцця засвоіць, што ваенны мемарыял — гэта месца жалобы, роздуму і афіцыйных мерапрыемстваў).

Схільныя да такога кшталту блазнавання індывіды сустракаліся, бадай, ва ўсе часы. Аб'ектамі іх блюзнерства станавіліся і становяцца таксама магілы палеглых, помнікі, літаратурныя творы (напрыклад, існуюць дураслівыя перайначванні вершаў і песень пра вайну). Калі ж глядзець на праблему менавіта ў разрэзе Вечных агнёў, то яна была абазначана па меншай меры ўжо ў 1963-м — у творчасці паэта з франтавых пакаленняў Аляксея Пысіна. Верш «***Бачыў у Мінску...», прысвечаны Вечным агням, размешчаным у розных гарадах, ён завяршыў наступнымі радкамі:

Славы салдацкай
Полымя б'ецца.
Хто там з рукамі
Лезе пагрэцца?

(Цытата прыведзена паводле выдання: Аляксей Пысін. Выбраныя творы ў двух тамах. Том І: вершы, 1948 — 1966. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1980. Стар. 171.)

На фоне вышэйпрыведзеных учынкаў нашых сучаснікаў грэнне рук, можа, і выглядае даволі бяскрыўднаю маніпуляцыяй, але апраўданню, вядома ж, не падлягае, незалежна ад яе мэты — ці гэта сапраўды задавальненне фізіялагічнай патрэбы (дасягненне камфортнай тэмпературы цела) наіўным, малаадукаваным і недалёкім чалавекам, ці спроба эпатажу і прыцягванне ўвагі да сябе, ці ўскладнена-сімвалічная дэманстрацыя сваіх поглядаў на гісторыю.