Падчас службовай размовы з прадстаўніком Следчага камітэта я даведаўся гісторыю мужыка (імя, адрас, узрост суразмоўца не называў — проста ў агульных рысах: адзінокі, не стары, працуе і г.д.), якога двойчы запар абакралі сур'ёзна ўпадабаныя ім (з перспектываю сумеснага жыцця) жанчыны: прывёў да сябе, пажыла некаторы час і без папярэджання знікла, прыхапіўшы яго грошы і некаторыя рэчы; прывёў іншую — сюжэт паўтарыўся. Мужык не з высокіх слаёў грамадства, і сяброўкі яго вераломныя — таксама. Абедзвюх знайшлі.
У сувязі з гэтай гісторыяй мне прыгадаўся адзін цікавы, каларытны персанаж майго дзяцінства. У глухой, акружанай лесам вёсцы, куды я прыязджаў гасцяваць да бабулі і дзядулі (цяпер іх ужо няма, і вёска вымерла, толькі дачнікі засталіся), жыў адзінокі мужык ва ўзросце гадоў гэтак… у самых ранніх маіх успамінах пра яго яму дзесьці за сорак. Звалі яго ўсе Мішкам. Даволі высокі і моцны на выгляд, пануры і маўклівы, пітушчы, курэц (на прысядзібным участку вырошчваў толькі тытунь), з гулка-рыклівым голасам, злосны, нібы пакрыўджаны на ўвесь свет.
Летам ён штодня пасвіў вясковы статак кароў, за што атрымліваў ежу і грошы. Ён віртуозна страляў на ўсё наваколле пугаю, ці, кажучы мясцовай гаворкаю, ляскаў (менавіта так, адным словам, абазначалася ў той вёсцы гэтае дзеянне: ляскаць = страляць пугаю). Ніхто з мясцовых жыхароў так не ўмеў (часам замест яго ўсё ж пасвілі іншыя), а хлопцы, у тым ліку і я, марна практыкаваліся, марачы навучыцца «як Мішка». Ідзе вёскаю, валачэ за сабою прымацаваны да драўлянага пугаўя доўгі і тоўсты, важкі гумова-тканінавы клінавы (трапецыепадобны ў папярочным сячэнні) прыводны пас (ад нейкага, мабыць, сельскагаспадарчага механізму) з прывязанаю да яго канца коскаю, сплеценай з поліэтыленавых вяровачак для цюкоў, няспешна размахваецца, з-за пляча выкідвае гэтую сістэму ўперад, чакае секунду-другую, пакуль пас абгоніць яго і выструніцца перад ім на ўсю даўжыню, і, калі ўжо толькі косцы, усё яшчэ загнутай назад, застаецца выпрастацца, рэзка торгае пугаўё назад — і далёка-далёка расплываецца рэха магутнага звонкага стрэлу. Чуючы гэтыя гукі, вяскоўцы разумеюць, што трэба адчыняць вароты і выганяць (калі статак кіруецца на пашу) ці, наадварот, сустракаць (калі статак вяртаецца) сваю карову.
Акрамя пашы, ён наймаўся выконваць розную гаспадарчую працу (нарыхтоўка дроў, капанне бульбы, вываз гною). Трымаў карову і нават спрабаваў камусьці прадаваць малако (кровы тады былі шмат у каго, а ён яшчэ заўсёды меў неахайны знешні выгляд, у большасці людзей выклікаў грэблівасць, так што не ведаю, хто ў яго купляў, але дакладна памятаю, што размовы такія мімаходзь я чуў: Мішка малако прадае).
На маёй памяці карова ў яго была рыжая з невялікімі белымі плямамі і нетыпова звужанымі, конусападобна завостранымі смочкамі. Аднойчы, калі ён гнаў яе летнім вечарам у свой двор паўз кампанію гарадскіх абібокаў, што размясцілася з бутэлькаю каля сажалкі (сажалка была ўзбоч вясковай вуліцы), адзін з іх грубым, здзеклівым тонам зачапіў яго: «Мішка, навошта ты сваёй карове цыцкі напільнікам навастрыў?», але ён нічога не адказаў, і абібокі ад яго адчапіліся. Я ў той момант гуляў з кімсьці каля сажалкі і, назіраючы за гэтым эпізодам, меркаваў, што Мішка зараз кінецца на іх і адтаўчэ і раскідае ў розныя бакі, — такія асацыяцыі выклікаў у мяне яго брутальны вобраз, асабліва ў кантрасце з чысценькай, стракаценькай, дагледжанай гарадской кампаніяй.
Распавядалі, што ў маладыя гады ён быў звычайным чалавекам, жыў з нейкімі роднымі, меў добрыя стасункі з усімі аднавяскоўцамі і нават аднойчы ажаніўся. І акурат пасля вяселля, а менавіта ў першую ноч пасля застолля, пры загадкавых акалічнасцях раптоўна перамяніўся, зрабіўся такім вось дзівакаватым.
Ці то застаўшыся з нявестаю сам-насам каля шлюбнага ложка, ці то нават яшчэ дарогаю ад вясельнага стала да хаты, у якой іх чакала ўзыходжанне на гэты ложак, ён нібыта ненадоўга адышоў кудысьці, сказаўшы, што зараз вернецца, і знік. Знайшлі яго назаўтра раніцай за некалькі кіламетраў у лесе цэлым, але з няўцямным, бессэнсоўным выразам твару. Спыталі, як тут апынуўся, — а ён маўчыць.
Першым часам пасля здарэння зусім маўчаў, пазней стаў крыху гаварыць, але ў першапачатковы, дашлюбны свой псіхічны стан так і не вярнуўся. І як ён апынуўся той вясельнай ноччу далёка ад дому, ніхто не даведаўся (ва ўсялякім разе мне ніхто не распавядаў). Жонка ад яго ўцекла ў той самы дзень, калі яго прывялі з лесу, г.зн. назаўтра пасля вяселля.
Аднойчы, ужо маючы шматгадовую рэпутацыю прапашчага чалавека, ён зрабіў яшчэ адну спробу ўладкаваць сваё асабістае жыццё. Людзі звялі яго з нейкай жанчынаю з суседняй вёскі (некаторыя ставіліся да яго непрыязна, некаторыя абыякава, а некаторыя шкадавалі і стараліся чым маглі дапамагчы). Ішоў пашавы сезон, і яна прыходзіла да яго вечарамі, але начаваць не заставалася. Нарэшце абодва саспелі на тое, каб з'ехацца — проста пачаць жыць разам, без дакументальнага афармлення. Падзею вырашылі адзначыць — у яго хаце, вузкім колам асоб, з якімі гэтая пара мела стасункі.
Пасля застолля госці пайшлі, новаспечаная спадарожніца жыцця засталася. А назаўтра Мішка, сабраўшыся, як звычайна, на досвітку гнаць кароў, разбудзіў яе і сказаў: «Ну, падымайся, мне ісці трэба, буду хату замыкаць». Не, ён не клікаў яе з сабою на пашу, проста прасіў пакінуць жытло на час яго адсутнасці. На гэтым іх адносіны скончыліся.
Дажыўшы да пенсіі (мяркую, нейкай сацыяльнай, бо шмат гадоў не быў афіцыйна працаўладкаваны), ён кінуў пасвіць кароў і сваю збыў. Жыў па-ранейшаму адзін і абы-як. Мая бабуля распавядала, што неяк ішла па вёсцы, а ён ляжаў п'яны пад плотам і лаяў урад, фармулюючы прэтэнзіі да яго на аснове тэмы сваёй адзіноты — прыгаворваючы штосьці такога кшталту: «Я адзінокі, мяне падтрымліваць трэба, а ніякіх законаў, каб маё жыццё палепшыць, не робяць!», і тады яна спынілася каля яго і з'едліва прамовіла: «Слухай, трэба, каб табе дэпутаты маладзіцу з Мінска прывезлі ды ажанілі цябе, га?» — і ён змоўк.
Неяк зімовай ноччу ў яго згарэла хата, але ён паспеў выскачыць праз акно ў адных трусах. Аднавяскоўцы талакою пабудавалі яму новую. У ёй ён і памёр — сваёй смерцю, натуральнаю, але, вядома ж, заўчаснаю, праз нездаровы лад жыцця.
© Сяргей Абрамовіч, 2023