Што ежа з чалавечага рацыёну шкодзіць птушкам, чулі, напэўна, усе, ці амаль усе, але ў той жа час шырокараспаўсюджанай забаваю з'яўляецца кіданне ўсялякіх хлебабулачных вырабаў лебедзям і качкам. А на мінулым тыдні я бычыў у лясной зоне адпачынку каля возера прыкормленага турыстамі бусла.
Ён прылятае сюды кожны дзень па некалькі разоў і шпацыруе сярод машын, палатак і альтанак, чакаючы пачастунку. Людзі прапаноўваюць яму што трапіць пад руку — шпурляюць у бок госця мясное, мучное, агародніну, садавіну, а ён каштуе і робіць выбар — або, раз-другі калупнуўшы кавалак дзюбаю, пакідае на зямлі, або прагна паглынае.
Блізка чалавека не падпускае, трымаецца на дыстанцыі каля двух метраў, але не выключаю, што з цягам часу стане больш даверлівым і пачне браць ежу з рук.
19 чэрвеня я назіраў, як работнік гэтай турбазы папярэджваў турыстаў аб верагоднасці ўзнікнення ў птушкі праблем са стрававальнай сістэмаю з-за нязвыклай ежы, а апаненты апраўдваліся тым, што кідаюць толькі сырое мяса.
Ад свайго традыцыйнага ладу жыцця бусел пакуль што не адмовіўся і паралельна з жабраваннем займаецца паляваннем — ловіць кагосьці ў возеры, аднойчы на маіх вачах з'еў нейкую змяю.
Дзе канкрэтна ўсё гэта адбываецца (на якім турыстычным аб'екце), замоўчваю: хто там быў, той ведае, а хто не быў, няхай і не спакушаецца прапанаваць буслу лішні кавалак. Тым болей што кліентаў тут хапае, у купальны сезон часам няма дзе шышцы ўпасці, а восенню ўлюбёнец публікі паляціць у вырай.
© Сяргей Абрамовіч, 2020






