02.04.2020

Лішнія грошы, няма куды дзець

Два сябры жылі ў адным правінцыйным горадзе: там нарадзіліся, там школу скончылі, туды пасля тэхналагічнага ўніверсітэта і арміі вярнуліся. З часам адзін выбіўся ў людзі — пераехаў у абласны цэнтр і стаў заграбаць грошы ў нейкай прыватнай шаразе па продажы сантэхнікі і воданагравальных катлоў, а іншы застаўся на малой радзіме інжынерам у дзяржаўным стратным аўтапарку.

Аднойчы, знаходзячыся ў абласным цэнтры ў камандзіроўцы працягласцю некалькі дзён, вечарам па дарозе ў гасцініцу інжынер сустрэў паспяховага земляка. Той узрадаваўся даўняму сябру і запрасіў у госці — спачатку дахаты, на кватэру, а пасля прапанаваў яшчэ і з'ездзіць паглядзець на дачу, якую пачаў будаваць. Ахвотна і эмацыйна, шматслоўна, з задавальненнем распавядаў пра сваё жыццё ў вялікім горадзе, дзяліўся радасцямі і турботамі, дасягненнямі і планамі: відаць, нягледзячы на рознае сацыяльнае становішча, не адрокся ад старога сяброўства, не заганарыўся (а можа, проста неўсвядомлена, не заўважаючы таго за сабою, выхваляўся і ціснуў саліднасцю).

Дача ўразіла правінцыяла велізарнасцю і грандыёзнасцю і збянтэжыла: навошта яна такая гіганцкая, і колькі ж грошай трэба, каб яе да канца давесці? Але аказалася, што якраз у лішку грошай і хаваецца галоўная прычына каласальных маштабаў будоўлі:

— Ай, ведаеш, падумаў неяк, усё ў мяне ёсць: кватэра, машына, жонка з дзецьмі апранутыя і накормленыя, а грошай свабодных шмат і ўсё прыбывае, і ні на што яны, у прынцыпе, не патрэбныя, няма на што ашчаджаць, няма да чаго імкнуцца, — растлумачыў сябар. — Ну, дык што яны будуць валяцца? Вырашыў будаваць, у дачу ўкладваць.

Вось і вер пасля гэтага прымаўцы, што грошай лішніх не бывае.

© Сяргей Абрамовіч, 2020