19.03.2020

Не сядайце на ўнітаз: ён б'ецца токам!

У жыллёва-камунальны аддзел гарадской адміністрацыі паступіла трывожнае тэлефанаванне: вядомая супрацоўнікам аддзела схільнасцю да беспадстаўных скаргаў, звадак і скандалаў пажылая грамадзянка заявіла, што ў яе кватэры б'ецца токам унітаз. Не марудзячы, на месца выехала міжведамасная група ў складзе начальніцы гэтага аддзела, спецыялісткі прадпрыемства ЖКГ, якое абслугоўвае гарадскі жылфонд, і работніка электрасетак з нейкімі кантрольна-вымяральнымі прычындаламі.

Ехалі кожны сваім ходам, папярэдне стэлефанаваўшыся, таму дабраліся не адначасова. Першымі ў кватэры апынуліся жанчыны і, каб не марнаваць час, накіраваліся ў прыбіральню. Пакраталі ўнітаз рукамі — нічога не адчулі. Але гаспадыня запэўнівала, што ён усё ж дае токам, ва ўсялякім разе калі яна на яго сядае. Паспрабавалі сесці: нічога з сябе не здымаючы, апусцілася на ўнітаз камунальніца, пасля яе — начальніца аддзела, аднак электрычнасць ізноў не выявіла сваёй прысутнасці. Дзеля чысціні эксперыменту знялі ўсё, што прынята здымаць, сядаючы на ўнітаз, і таксама ўдару токам не атрымалі.

Выказалі меркаванне, што гаспадыні проста штосьці здалося. Тая напялася, занервавалася, павысіла тон, бо на фоне агучаных афіцыйнымі асобамі сумненняў наконт электрыфікаванасці ўнітаза яна выглядала дзівачкаю, якая дарэмна падняла па трывозе адразу тры дзяржаўныя службы. Ведаючы характар апаненткі, спрачацца з ёю не сталі, каб лішні раз не цвяліць і тым самым не наэлектрызоўваць у дадатак да ўнітаза яшчэ і атмасферу, тым болей што з хвіліны на хвіліну павінен быў з'явіцца трацейскі суддзя з прыборамі, паказанні якіх стануць вырашальным аргументам.

Электрык правёў замеры і канстатаваў: электрычнасці тут, як і варта было чакаць, няма, не можа яе быць на керамічным прадмеце. Начальніца і спецыялістка святкавалі перамогу:

— Вось бачыце, — паблажліва-прымірэнчым тонам даводзілі гаспадыні, — як мы і меркавалі, здалося вам. Мы ж вам адразу сказалі. І мацалі, і садзіліся, і ў трусах, і без трусоў — і нічога.

Пачуўшы пра такія даследаванні, прадстаўнік электрычнага ведамства паўшчуваў жанчын:

— Што вы сабе думаеце? Як можна так рызыкаваць? А калі б тут сапраўды ток быў (хто яго ведае, раптам провад які-небудзь аголены незаўважна тырчыць аднекуль)? Вы ж павінны ведаць, што да прыбыцця спецыялістаў набліжацца да аб'ектаў, якія знаходзяцца (няхай сабе гэта толькі падазрэнне) пад токам, забаронена!

Эксперыментатаршы сумеліся:

— І сапраўды, вось дык нумар мы выкінулі! Да чаго дадумаліся, прыгод шукаць на сваю ... у прамым сэнсе!

© Сяргей Абрамовіч, 2020