Змесціва бутэлек, пералітае з сябрамі пасля працы ў страўнік, працягвала насычаць кроў спіртам. Ішла тая стадыя засваення выпітага, на якой звычайна яму хацелася пакуль што не спаць, а бурліва дзейнічаць — грандыёзна пераўтвараць рэчаіснасць або як мінімум абвяшчаць усяму свету пра сваё існаванне.
Жонкі дома не было: пайшла ў начную змену (мясакамбінат, на якім ён рабіў у забойным цэху, а яна — у каўбасным, выпускаў прадукцыю кругласутачна). Зазірнуўшы ў пакой да сына-адзінаццацікласніка, заспеў таго за складваннем у школьную сумку падручнікаў і сшыткаў.
— Урокі зрабіў? — спытаў строгім, наколькі можна было ўдаць строгасць пры непаслухмяным языку і затуманенай свядомасці, тонам.
— Ай, — адмахнуўся хлопец, даўно прызвычаены да таго, што яго хатнімі заданнямі і ўсімі іншымі школьнымі справамі ніхто ў сям'і не цікавіцца (цяперашняя бацькава ўвага, несумненна, была выклікана збегам абставін: трапіў яму на вочы са сваімі вучнёўскімі прычындаламі ў такую хвіліну).
— Што за «ай»?! Ты як старэйшаму адказваеш?! — узмацніў бацька рашучасць тону. — Я пытаюся, зрабіў урокі ці не! Гэта твой непасрэдны абавязак — старанна вучыцца і шанаваць старэйшых!
— Зрабіў, зрабіў, — вымушаны быў сын адказаць, улавіўшы ў бацькавым голасе агрэсію, але агучыў адказ ледзь чутна, адрывіста-коратка і не гледзячы на суразмоўцу, дэманструючы такой манераю грэблівасць і пагарду.
— Паказвай!
— Што паказваць? — падлетак не адразу ўцяміў (бо такога патрабавання ні ад бацькі, ні ад маці не чуў ужо даўно), што трэба прад'явіць сшыткі з выкананымі практыкаваннямі.
Надаўшы твару ўдумлівасці, бацька пагартаў іх, пасля запатрабаваў дзённік, азнаёміўся з раскладам на заўтра.
— Верш вывучыў?
— Вывучыў, вывучыў.
— Расказвай.
— Ай.
— Зноў «ай»?! Што за распуста?! Зусім ад рук адбіўся! Хлусіш?! Не вывучыў на самай справе?!
— Ды не хлушу, вывучыў, адчапіся ты.
— Значыць, так! Давай кніжку і расказвай, а я буду сачыць!
Заліўшыся чырванню, сын дрыжачымі рукамі падаў хрэстаматыю і спешна прабубніў вывучаны на памяць твор, праглынуўшы добрую палову слоў.
— Інтанацыі няма, — вынес бацька вердыкт. — Яшчэ раз. І выразна. Вершы трэба выразна чытаць.
Сын прабубніў ізноў, цяпер зусім ужо штосьці незразумелае, працуючы галасавымі звязкамі і амаль не варушачы ні языком, ні вуснамі.
— Ну, вось, значна лепш, але ўсё роўна інтанацыя слабая. Ідзі павячэрай і пасля трэніруйся, я пазней праверу. Ніякіх сёння смартфонаў і тэлевізараў.
Сын ужо вячэраў — яшчэ калі маці была дома, але цяпер пайшоў на кухню, стаў рабіць гарбату, а бацька тым часам заснуў.
© Сяргей Абрамовіч, 2025