06.04.2024

Сімвал моды — мачавы пузыр свінні

— Што ты на сябе ўсцягнуў?! На цябе ж гідка глядзець! Ты ж як п_рдун! Сам курдупель і яшчэ гэтае гідоцце ўздзеў — ну п_рдун п_рдуном! — гучна, так, што пачулі і заўсміхаліся ўсе, хто знаходзіўся паблізу, зачапіла бабулька маларослага падлетка старшакласніцкага ўзросту.

Той нічога не адказаў, няўцямна пазіраў на яе, не разумеючы, чым угнявіў. Ён яе не ведаў, яна яго — таксама, ніколі раней не бачыліся, сустрэліся цяпер, майскім вечарам, на пероне аўтавакзала ў райцэнтры: ён чакаў аўтобуса ў сваю вёску (можа, вучыўся ў ПТВ), яна — у сваю.

Калі б хлопец быў разняволеным і ўпэўненым у сабе гарадскім і калі б адбылася такая сустрэча ў нашы дні, бабулька, вядома ж, атрымала б сіметрычную рэакцыю на дэманстрацыю свайго гневу і агіды, але той нарадзіўся і жыў у глыбінцы, а каляндар паказваў пачатак дзевяностых — другі ці трэці год незабыўнай эпохі: у цэлым па краіне ўжо разгулялася маральнае і прававое бязладдзе, аднак шмат хто з простых смяротных, маленькіх людзей, асабліва ў глухой правінцыі, працягваў жыць традыцыйнымі ідэаламі і завядзёнкамі, таму ў эксцэсе на пероне малодшы старэйшаму адпору не даў, не запратэставаў супраць мудрагеліста і непераканаўча абгрунтаванай знявагі.

Базары тады ўражвалі нязвыклым для ўчора яшчэ савецкага чалавека асартыментам вопраткі — кідкай, яркіх колераў і дзіўных мадэляў, у тым ліку мелі распаўсюджанасць мешкаватыя, нібыта злёгку надзьмутыя, спартыўныя касцюмы. Якраз у такім, распухлым і светла-фіялетавым, стаяў гэты падлетак.

Першы чым прадэманстраваць сваю неабыякавасць да яго, бабулька гутарыла пра жыццё-быццё з іншымі чакальнікамі аўтобусаў, паводле ўзросту больш прыдатнымі ёй у суразмоўцы. Гаворка ішла пра сектантаў, накраманаў, экстрасэнсаў, палавую распусту і на іншыя тэмы, якія валодалі свядомасцю тагачаснага грамадства. Бабулька такія праявы надыходу новай эпохі ўспрымала непрымірыма і ваяўніча: некалькі разоў ад яе прагучала абуранае «няма на іх Сталіна!».

Відавочна, пэўная рэвалюцыйнасць тэндэнцый на рынку вопраткі і ахвотнае прыманне ўсёй гэтай экстравагантнасці моладдзю таксама нервавалі яе, таму і трапіў юны вясковы моднік пад удар: экзальтаваўшыся, наэлектрызаваўшыся гутаркаю пра далёкіх, недасяжных, не бачаных ужывую наркаманаў-сектантаў-экстрасэнсаў, пярун свайго абурэння бабулька абрынула на галаву канкрэтнага, прысутнага тут і зараз неафіта новай, варожай сістэмы ідэй і каштоўнасцей.

Але чаму п_рдун? Курдупель — зразумела, так абазначаюць з адценнем пагарды дробненькіх людзей, сінанімічна са словамі і выразамі накшталт «недаростак», «метр з шапкаю» і інш. А вось наконт п_рдуна хтосьці з чакальнікаў аўтобуса папрасіў у бабулькі тлумачэнняў, і тая на хвалі эмацыянальнага ўздыму, задаволеная ўвагаю да сябе і яўна аддаючыся настальгіі, ахвотна ўзялася распавядаць:

— Гэта ж мы як малымі былі, дык як хто кабана разбіраў, то сц_ль выкідвалі, а дзеці з ім дурэлі…

У гэты момант падышоў аўтобус «п_рдуна», і той разам з патокам пасажыраў рушыў у салон, так і не даведаўшыся, чаму яго зняважылі менавіта гэтым словам. А бабульчынага аўтобуса яшчэ не было, і яна працягвала расповед для тых, хто чакаў разам з ёй.

Аказалася, што пад сц_лём яна мела на ўвазе мачавы пузыр. Дзеці, апаражніўшы, надзімалі яго — ротам, як надзімаюць святочныя гумовыя шары. Расцягваўся ён да вялікіх памераў — рабіўся каму па калена, а каму і па пояс. У надзьмутым пузыры хады для паступлення мачы з нырак і для яе вываду неяк самі сабою перакрываліся (можа, там ёсць клапаны, ці проста адтуліны сціскаліся і заліпалі), і дзеці такім чынам атрымлівалі, кажучы сучаснай моваю, фітбол: пузыр вытрымліваў моцны ціск — па ім коўзаліся, на ім сядзелі і пагойдваліся, карацей, усяляк забаўляліся. А калі роблена падалі на пузыр (сядалі з падскоку, навальваліся грудзямі і г.д.), то паветра ад моцнага і раптоўнага сціскання ўсё ж вырывалася праз адтуліны, спараджаючы двухсэнсоўны, непрыстойны гук. За гэты гук дзеці называлі пузыр так, як бабулька цяпер тытулавала падлетка ў мешкаватым касцюме.

Атрымліваецца, у яе дзяцінстве склалася такая сітуацыя, што дарослыя абазначалі гэты ўнутраны орган прастамоўным, грубым словам у адпаведнасці з фізіялагічным прызначэннем, а дзеці — таксама зусім непаэтычнай лексемаю, але ў адпаведнасці з прызначэннем забаўляльным. Ну, а на стыку эпох зрабіўся «сц_ль-п_рдун» яшчэ і сімвалам моднай тэндэнцыі.

__________