13.08.2022

Людзі, якім хочацца выглядаць лепш, чым патрэбна

Дзесьці ў падлеткавым узросце ў некаторых людзей абуджаецца празмерная разборлівасць, хваравітая ўважлівасць і патрабавальнасць, прыдзірлівасць да свайго гардэробу: і ў школу, і на танцы, і на сельгаспрацу дзеці імкнуцца прыбрацца калі не святочна, дык хаця б у найвышэйшай ступені прэзентабельна, назаляюць бацькам просьбамі купіць новыя рэчы, не хочуць апранаць элемент адзення, на якім заўважылі найдрабнейшую плямку/дзірачку/зморшчынку, пакуль яна не будзе адмытая/зашытая/адпрасаваная, засохлую кропельку бруду выціраюць з абутку насліненымі пальцамі і г.д. Навязлівая засяроджанасць на адзенні звычайна спалучаецца з абвостранай увагаю да іншых аспектаў свайго знешняга выгляду: прычоска, целасклад, паходка і інш. Паводле маіх назіранняў, гэты сіндром (не ведаю, як дакладна яго назваць: Нарцыса, метрасэксуала, дысмарфафоба, шопаголіка — усяго пакрыху) у некаторых асоб застаецца назаўсёды.

Вось некалькі замалёвак на гэтую тэму — з натуры і са слоў суразмоўцаў, якім я давяраю.

* * *

Гарадскі хлопец (студэнт-завочнік, які працуе сістэмным адміністратарам на прамысловым прадпрыемстве ў абласным цэнтры) прыехаў летам на некалькі дзён у госці да родных па мацярынскай лініі ў вёску. Бываў ён тут рэдка, бо сялянскі лад жыцця прыгнятаў яго адсутнасцю некаторых побытавых выгод, і нават агіда, пагарда заўважаліся ў яго адносінах да вёскі і вясковых жыхароў, раздражнялі яго манеры, жыццёвыя інтарэсы вяскоўцаў, тэмы іх размоў, паглядаў ён на іх звышыні, гутарыў неахвотна, перасільваючы сябе.

Аднойчы госцю прапанавалі схадзіць у грыбы (менавіта схадзіць, ад вёскі да лесу было недалёка, кіламетры тры). Без асаблівага жадання, але згадзіўся. Апрануўся ў дзелавы касцюм, у якім прыехаў (штаны, белая кашуля, гальштук, пінжак), абуўся ў начышчаныя да бляску чаравікі, а на грыбы ўзяў у кішэню акуратна складзены ў некалькі столак поліэтыленавы пакет. Родныя здзівіліся такой экіпіроўцы, але малады чалавек раздражнёна і безапеляцыйна дэклараваў:

— Выглядаць трэба прыстойна ўсюды!

Ведаючы нораў свайго госця, спрачацца з ім не сталі.

Падчас збору грыбоў лінуў моцны дождж, і хавацца ўсе палезлі ў малады, нізкі і густы, яшчэ не прарэджаны, ельнік (г.зн. з таго часу, як дрэвы былі пасаджаныя лясгасам шчыльнымі шэрагамі, час высякаць лішнія не прыйшоў, і елачкі раслі цесна адна да другой, утвараючы своеасаблівыя калідоры, накрытыя шатамі шчыльна збітых галін).

Вяртаўся грыбнік-франт дахаты мокры і брудны, ва ўсялякай лясной трусе і павуцінні, штокрок прыгадваючы чорта і кленучы вёску.

* * *

Падчас службовай паездкі па глыбінцы я заўважыў сярод жыхароў глухой і малалюднай вёсачкі, якія сабраліся да прыезду аўталаўкі, урачыста апранутага дзядка — у касцюме з гальштукам. Ён жвава, усміхаючыся і жэстыкулюючы, гутарыў з аднавяскоўцамі, а ўбачыўшы мяне, госця з райцэнтра, падышоў, пашанотна, цырымонна, з адчуваннем значнасці моманту, павітаўся за руку і вярнуўся да суразмоўцаў. Пазней мне растлумачылі, што гэта былы старшыня мясцовага калгаса, і апранаецца ён так да прыезду аўталаўкі заўсёды, для яго гэта масавае мерапрыемства, выхад у свет. Як, зрэшты, і для астатніх вяскоўцаў, хаця да фарміравання гардэробу ў такой сітуацыі яны падыходзяць менш прынцыпова і апранаюцца па-будзённаму.

* * *

У іншай такой самай аддаленай вёсцы з такой самай дэмаграфічнай сітуацыяй я звярнуў увагу на дзяўчынку малодшашкольнага ўзросту. У яе былі ярка нафарбаваныя вусны і шчокі. Мяркуючы па гаворцы, нясмелых паводзінах і немудрагелістай вопратцы, яна тут жыве (у аграгарадку за пару кіламетраў ёсць школа, у якой, мабыць, вучыцца). На заезджых афіцыйна-дзелавых дзядзькоў (нас, візітоўцаў, было трое) глядзела цікаўна і чакальна — ці то на пачастунак які спадзявалася, ці то відовішча ўбачыць меркавала. Макіяж на дзіцячым твары выглядаў ненатуральна і недарэчна, хаця дарослых, якія яго накладалі, можна зразумець: імкнуцца ў адпаведнасці са сваімі уяўленнямі пра прыгажосць і этыкет прэзентаваць сябе незнаёмым людзям найлепшым чынам — нават дзіця падрыхтавалі да сустрэчы як маглі.

* * *

Вясковая пенсіянерка распавяла, як яе цяпер ужо нябожчыца маці злавала на бацьку, ветэрана вайны, за яго любоў пафарсіць у пінжаку з ордэнамі і медалямі. Выязджаючы па справах у горад, ён апранаў касцюм, на пінжаку якога вісела з дзясятак узнагарод, а вярнуўшыся, не спяшаўся яго здымаць, туляўся па хаце і па двары, удаючы, што толькі што прыйшоў: я, маўляў, толькі-толькі з дарогі, зараз вось сумку раскладу, вады вып'ю, дакументы з кішэні ў шафу вярну, распавяду, што бачыў, у хатняе пераапрануся... Але сумка ўжо раскладзена, і вады выпіта, і распаведзена ўсё, а пераапранацца не хочацца, а час не чакае, вясковаму чалавеку расседжвацца няма калі, па гаспадарцы завіхацца трэба практычна бясконца. І ў нейкі момант жонка прасіла яго, напрыклад, занесці карове ў хлеў вядро пойла, ён браўся выконваць даручэнне, а яна злосна вяртала яго на зямлю:

— Ты што, так тваю разгэтак, карова тваіх бразготак не бачыла, ёй пахваліцца хочаш?! А мне пасля твой касцюм ад гною чысціць?!

Бацька адмахваўся, працягваючы іграць прыбыццё з дарогі, заносіў карове ежу, але пасля ўжо ўсё ж такі пераапранаўся.

(Маці маёй суразмоўніцы перажыла акупацыю ў юным узросце і да вайсковых заслуг мужа адносілася паважліва, а да акупантаў — з нянавісцю, але гэтай вось параднасці, дэманстрацыйнасці не любіла.)

* * *

І на развітанне малюнак з майго постсавецкага дзяцінства, з першай паловы 90-х. У нашай вёсцы ў тыя часы прадпрыемствы і арганізацыі ладзілі для сваіх работнікаў калектыўную пасадку і капанне бульбы на асабістыя патрэбы — па ўзгадненні з мясцовымі ўладамі і па дамоўленасці з прадпрыемствамі, якія валодалі сельгастэхнікаю і транспартам, давалі зямлю і трактары, саджалкі, капалкі, грузавікі.

Аднойчы мне і майму аднакласніку бацькі даручылі ажыццявіць пасадку (самі не маглі, былі занятыя на працы): да гаража, дзе захоўваецца бульба, пад'едзе КамАЗ з кузавам, у якім будуць сядзець на сваіх мяшках з насеннем іншыя людзі, мы загрузім у кузаў два нашыя мяшкі і разам з усімі паедзем на поле, там выгрузім, засыплем у саджалку і тым самым КамАЗам вернемся дахаты.

Я, збіраючыся на такое заданне, апрануў плямістую ваенную форму (штаны і куртка з мноствам кішэняў), падараваную мне дзядзькам пасля вяртання з тэрміновай службы ў адной цэнтральнаазіяцкай рэспубліцы Савецкага Саюза (спачатку форма была мне вялікая і праляжала пару гадоў, дачакаўшыся распаду СССР). А аднакласнік з'явіўся ў штанах са стрэлкамі, кашулі і вятроўцы (у гэтай вопратцы ён хадзіў у школу) і штохвіліны абтрасаўся ад пылу, з прыкрасцю прыгаворваючы, што вось, маўляў, разгільдзяем выглядаю праз пясок бульбяны. Я заўважыў яму, што варта было апрануцца па-працоўнаму, на што ён запярэчыў амаль слова ў слова як вышэйзгаданы грыбнік у дзелавым касцюме:

— Не, чалавек павінен выглядаць годна ўсюды.

— Але ты ж не на танцы ідзеш, а бульбу садзіць, — парыраваў я.

Аднакласнік здзівіўся:

— Ё-маё, і бацькі мне пастаянна тое самае кажуць, ты, маўляў, не на танцы сабраўся, а на агарод ці яшчэ там куды. Але чаму я павінен ганьбіцца, каб на мяне пальцам паказвалі? Я хачу выглядаць як нармальны чалавек і адчуваць сябе ўпэўнена.