12.02.2024

Літаратар — не лінгвіст, пажарнік — не пагарэлец

Старая пажарная машына

Некаторыя супрацоўнікі сістэмы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, валюнтарыстычна экстрапалюючы нейкія свае ўнутраныя, карпаратыўныя каштоўнасці і забабоны на ўсё грамадства, настойваюць, каб усе называлі іх толькі пажарнымі, і спрабуюць даводзіць, што пажарнік — гэта пагарэлец. Прыхільнікі гэтай экстравагантнай ідэі сустракаюцца і па-за асяроддзем прафесійных ратаўнікоў, у прыватнасці сярод журналістаў, педагогаў, ды ўвогуле любы чалавек можа, пачуўшы ці прачытаўшы дзесьці гэты недарэчны міф, прыняць яго на веру.

Згарэлая хата

Чым жа ім не даспадобы слова «пажарнік»? Аргументаванне звычайна ажыццяўляецца адным з трох ніжэйпрыведзеных спосабаў.

1. Хтосьці проста сцвярджае, што вось, маўляў, трэба казаць так, а не гэтак.

2. Хтосьці апелюе да афіцыйнага наймення пасады, запісанага ў кантрактах супрацоўнікаў пажарнай службы і зафіксаванага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ў Адзіным кваліфікацыйным даведніку пасад службовых асоб. Тут ужо можна заўважыць пэўную логіку, але вельмі вузкалобую, канцылярскую. Кіруючыся ёю, мы павінны былі б называць флэшку здымным флэш-назапашвальнікам, асфальт на дарозе — асфальтабетонным пакрыццём і г.д. і ўсюды, заўсёды, з усімі размаўляць на афіцыйна-дзелавой мове: вярнуўшыся з працы дахаты, цікавіліся б у дзяцей, як у іх прайшоў дзень не ў школе, а ў якой-небудзь, умоўна кажучы, Дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя агульнаадукацыйная школа №13 горада Талачына Віцебскай вобласці», а калі б хтосьці шукаў у незнаёмай вёсцы калгасную кантору, то спытаў бы ў мясцовай бабулькі, дзе знаходзіцца адміністрацыйны будынак Філіяла «Унітарнае сельскагаспадарчае вытворчае прадпрыемства "Залессеаграальянс" Адкрытага акцыянернага таварыства "Горацкі райаграсэрвіс" Дзяржаўнага канцэрна "Магілёўаблмясамалпрам"» (таксама — умоўна, не існуе такога сельгаспрадпрыемства. Але поўныя афіцыйныя назвы такога кшталту, такой будовы, мае ці не большасць).

3. Некаторыя самадзейныя лінгвісты могуць спаслацца на расійскага пісьменніка Уладзіміра Гіляроўскага (1855 — 1935). У зборніку нарысаў мемуарна-краязнаўчага характару «Москва и москвичи» ён выказвае здзіўленне і прыкрасць з прычыны ўжывання іншымі людзьмі слова «пажарнік» у адносінах да пажарных і сцвярджае, што ў Маскве (звярніце ўвагу: менавіта ў Маскве, не ва ўсёй Расіі) для абазначэння прафесіі здаўна ўжывалася слова «пажарны», а пажарнікамі называлі жабракоў, якія збіралі міласціну пад выглядам пагарэльцаў (дарэчы, нарадзіўся Гіляроўскі на Валагодчыне, вучыўся ў гімназіі ў Волагдзе, а ў Маскве пасяліўся толькі ў 1881-м, так што наколькі адэкватнае ўяўленне ён меў пра эвалюцыю лексікі масквічоў і наколькі глыбока яе, гэтую лексіку, адчуваў, трэба яшчэ разабрацца). Пісьменнік любіў сталіцу сваёй краіны, любіў асаблівасці гаворкі насельніцтва гэтага горада і эмацыянальна выказаў сваё суб'ектыўнае ўспрыманне ў гэтым кантэксце слоў «пажарны» і «пажарнік» («Москва [...] с гордостью говорила: пожарные! И вдруг: пожарники! Что-то мелкое, убогое, обидное», — цытата паводле інтэрнэт-крыніцы). Увогуле, уся кніга напісана эмацыянальна, узнёсла, захоплена, праз прызму асабістага бачання, а значыць — хто дасць гарантыю, што, хаця б месцамі, не павярхоўна і не занадта суб'ектыўна? І хто растлумачыць, чаму ўвесь свет павінен дагадзіць У. Гіляроўскаму — палюбіць тое, што любіў ён, пераняць яго моўны густ і адмовіцца ад шырока распаўсюджанага сёння літаратурнага слова «пажарнік» на карысць казённага (афіцыйнага тэрміна) «пажарны»? Вось, напрыклад, таксама расійскі пісьменнік, лаўрэат міжнароднай прэміі імя Міхаіла Шолахава ў вобласці літаратуры і мастацтва Анатоль Жукаў (1931 — 2013) у аповесці «Вечерний благовест, или Реквием по Березовке», дзеянне якой адбываецца дзесьці ў расійскай вясковай глыбінцы, ужывае слова «пажарнік»: «[...] на колокольне с одним колоколом, оставленным с довоенных времен для пожарников [...]», «Это уж от пожарников, много лет занимавших церковь под свое депо» (цытаты паводле выдання: Анатолий Жуков. Судить Адама! Повесть, роман в четырех повестях. Москва, «Современник», 1989. Стар. 7, стар. 8 адпаведна).



Вышэйпрыведзены твор А. Жукава ўзяты ў якасці прыкладу выпадкова, наўздагад, на месцы гэтага аўтара мог апынуцца хтосьці з безлічы іншых знакамітых і шаноўных пісьменнікаў, якія цудоўна валодаюць родным словам і выкарыстоўваюць лексему «пажарнік» для абазначэння прафесіі, а для абазначэння чалавека, у якога згарэла хата, — «пагарэлец». Правільнасць такога словаўжывання пацвярджае лінгвістыка. Напрыклад (зноў жа, зусім выпадкова, наўздагад, першая крыніца з ліку аўтарытэтных, якая аказалася даступнаю аўтару гэтых радкоў), у акадэмічным «Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы» (Мінск, «Беларуская энцыклапедыя», 1996) слова «пажарнік» тлумачыцца так: «Тое, што і пажарны».


Вядома ж, пісьменныя людзі ніколі не сумняваліся, што «пажарнік» і «пажарны» — адно і тое ж, але калі ўжо такая праблема ўзнікла і абвастрылася (нехта свядома ці міжвольна пусціў у грамадства аблуднае сцверджанне — і шмат хто стаў задумвацца, разважаць ды спрачацца), то асвяціць яе, расставіць усё па сваіх месцах, аднавіць аб'ектыўнасць і здаровы сэнс (што і зроблена гэтым артыкульчыкам) будзе не лішнім.

Чытайце таксама: «Чулі, што флэшмоб, ды не зразумелі, што за ён» (пра няправільнае разуменне слова «флэшмоб»).