10.02.2024

Артыст, які і замінаў, і дапамагаў афіцэру міліцыі

У 2010 годзе трупу аматарскага тэатра Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці папоўніў, звольніўшыся з міліцыі па дасягненні пенсійнага ўзросту, Уладзімір Чаплянок (праўда, на заслужаны адпачынак ён не пайшоў, а ўладкаваўся кантралёрам у Дэпартамент аховы, але цяпер стаў вальнейшым, працуючы па цвёрдым графіку, і змог сабе дазволіць творчую самарэалізацыю на сцэне. Працуе ў ахоўным ведамстве і сёння).

Рознымі відамі мастацкай самадзейнасці Уладзімір Аляксандравіч захоплены з дзяцінства: гарманіст-самавук (інструмент яму купілі бацькі, калі вучыўся дзесьці ў чацвёртым класе); кладзе на музыку прыпеўкі ўласнага сачынення; дэкламуе свае вершаваныя творы (вершаваць таксама пачаў у школе — пясочыў у насценгазеце нядбайных вучняў), прычым такога кшталту нумары любіць касцюмаваць — выступаць у тым ці іншым вобразе (ваенны, партызан і інш.); шмат гадоў быў Дзедам Марозам у Талачынскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі; разам з унукамі, якія жывуць у Мінску, рыхтаваў для школьнага конкурсу сцэнку і сам удзельнічаў у ёй як акцёр.

Сярод закончаных Уладзімірам Чаплянком навучальных устаноў — не толькі школа міліцыі і юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, але і культасветвучылішча па спецыяльнасці «кіраўнік самадзейнага драматычнага калектыву». Прафесійны шлях у свой час вырашыў звязаць не з культурай, а з больш прыземленай і надзейнай у сэнсе заробку сфераю, каб трывала стаяць на нагах, а творчасцю, вырашыў, можна займацца ў вольны час дзеля ўласнага задавальнення.

Уладзімір Чаплянок у ролі генерала ў спектаклі «Сказ про Федота-стрельца, удалого молодца» паводле Леаніда Філатава, 2022 год.

Спяваў у хоры Аршанскага ГАУС, дзе пачынаў міліцэйскую службу, пасля — у калгасным хоры, калі быў пераведзены на пасаду ўчастковага інспектара ў гарпасёлак Копысь Аршанскага раёна, а калі нарэшце перайшоў у родны Талачынскі РАУС (Уладзімір Чаплянок — ураджэнец Талачынскага раёна), тут таксама стаў удзельнікам хору (пазней калектыў распаўся).

Штодня маючы справу са спецыфічным кантынгентам — хуліганамі, п'яніцамі, зладзеямі (у апошнія гады перад сыходам працаваў у крымінальна-выканаўчай інспекцыі), — Уладзіміру Чаплянку, як чалавеку творчаму і схільнаму да лірычнага погляду на свет, даводзілася пастаянна пераадольваць сябе, намаганнем волі актывізаваць патрэбныя афіцэру міліцыі псіхалагічныя якасці, каб не быць празмерна паблажлівым, мяккім, сентыментальным. І ў гэтым яму дапамагаў артыстычны кампанент яго асобы, акцёр, які заўсёды жыве ў ім:

— Працуючы з правапарушальнікамі, я выбіраў стыль узаемадзеяння з імі з улікам індывідуальнасці кожнага, напускаў на сябе патрэбны настрой, адпаведную сітуацыі танальнасць, і гэта давала эфект. Да прыкладу, якога-небудзь слабавольнага грамадзяніна, што здзейсніў правапарушэнне, я мог як чалавека зразумець, ён мог выклікаць у мяне спачуванне ці ўсмешку, але міліцыянер з такімі павінен быць непрадузятым і строгім, і я добрасумленна іграў сваю ролю — так, каб гэты чалавек болей не захацеў да мяне трапляць і прыклаў усе намаганні дзеля прадухілення чарговай сустрэчы. Вобразна кажучы, грукну кулаком па стале і загадаю ісці да святла ў канцы тунэля — і чалавек ідзе. Артыст на сцэне жыцця — так я самаідэнтыфікаваўся, такое вызначэнне сфармуляваў для характарыстыкі сваёй асобы, азірнуўшыся неяк на пройдзены ў прафесіі і творчасці шлях.

Больш поўны расповед пра Уладзіміра Чаплянка — у талачынскай раённай газеце «Наша Талачыншчына» за 10.02.2024 (мой артыкул «Артыст на сцэне тэатра і жыцця», стар. 4).