02.02.2024

Лінгвістыцы няма патрэбы падладжвацца пад рэлігію

У двух нумарах «ЛіМа» — за 26.01.2024 (цэлая старонка) і за 02.02.2024 (палова старонкі) — літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, удзельнік Біблійнай камісіі Беларускага экзархата РПЦ (камісія займаецца перакладам рэлігійных тэкстаў на беларускую мову) Іван Чарота даводзіць правамернасць ужывання ў дзейнасці Беларускай праваслаўнай царквы слова «Ражджаство», абгрунтоўвае недапушчальнасць замены яго словам «Каляды» (артыкул мае загаловак «Ці можна «Ражджаство» замяніць «Калядамі»?») і выступае супраць ужывання словазлучэння «Божае нараджэнне», характарызуючы яго як «[...] выраз, уласцівы польскай мове (Boże Narodzenie), а праз яе замацаваны ў беларускім каталіцкім асяроддзі».

У акадэмічным руска-беларускім слоўніку пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы (у прыватнасці, у двухтомным варыянце 1982 года і трохтомным 1995 года выдання, гл. ніжэй фотаздымкі) «Рождество» перакладаецца як «Каляды», без варыянтаў, а ў акадэмічным «Граматычным слоўніку назоўніка» (2013 год) слова «Ражджаство» адсутнічае.

Руска-беларускі двухтомнік 1982 года.

Руска-беларускі трохтомнік 1995 года.

Наконт таго, што ўжыванне слова «Каляды» непрыдатнае для абазначэння хрысціянскага свята, з аўтарам артыкула не паспрачаешся, бо Каляды як народнае свята першапачаткова, у глыбіні стагоддзяў, не мелі адносін да нараджэння Ісуса Хрыста. Ды і ў нашу эпоху аматарам жыццярадасных і містычных шчадровак не па дарозе з тымі, хто сабраўся прастаяць ноч у царкве. Такім чынам, размежаваць на лінгвістычным узроўні народнае і царкоўнае святы (Каляды і Божае нараджэнне) — цудоўная ідэя, яе рэалізацыя паспрыяе захаванню нашай культурнай самабытнасці (праўда, Іван Чарота ў кантэксце свайго артыкула такую мэту не ставіць, а клапоціцца толькі пра інтарэсы Праваслаўнай царквы, абараняючы слова «Ражджаство» як сродак дакладнай, адназначнай і поўнай перадачы сэнсу хрысціянскага свята). А вось непрымальнасць словазлучэння «Божае нараджэнне» аўтар артыкула не абгрунтаваў: закід наконт польскасці-каталіцкасці выглядае не надта моцным аргументам, ёсць у беларускай мове слова «Бог», ёсць слова «нараджэнне», і тое, што складзеная з гэтых двух слоў назва свята супадае з польскаю, не з'яўляецца перашкодаю для яе ўжывання (супадзенне гэта ці запазычанне, калька — якая розніца?).

Дарэчы, сутнасць пазіцыі Івана Чароты, выкладзенай аж у двух нумарах газеты, на самай справе можна перадаць вельмі сцісла і проста — вось гэтымі трыма цытатамі з артыкула: «[...] для Беларускай біблійнай камісіі выключную каштоўнасць уяўляе той слоўнікавы запас, якім Праваслаўная царква карысталася ўжо больш за тысячагоддзе і на законных правах можа карыстацца далей», «Пры патрэбе выкарыстоўваць беларускую мову Праваслаўная царква спынілася на адаптаваным царкоўнаславянскім варыянце — Ражджаство, незалежна ад таго, наколькі ён падабаецца іншаверным суграмадзянам [...]», «[...] нам навязваюць словы (і, адпаведна, паняцці), запазычаныя з чужых моўных і веравызнаўчых сістэм». Карацей, слова «Ражджаство» аўтар разглядае як рэлігійны тэрмін, гэткі прафесіяналізм, уведзены ва ўжытак Беларускай праваслаўнай царквою дзеля ўласных патрэб, і просіць не ўмешвацца ў яе ўнутраныя (так бы мовіць, службовыя) справы (але калі ўжо вынес тэму на старонкі свецкай газеты, то няхай будзе гатовы да дыскусійных выпадаў з боку шырокага кола асоб, у тым ліку атэістаў, да ліку якіх адносіцца і аўтар гэтых радкоў). Выкладае ён сваё бачанне тэмы публіцыстычна, заглыбляючыся ў развагі рэлігійнага, грамадска-палітычнага характару і нават проста адцягненыя — накшталт «[...] у кожнай канкрэтнай справы ёсць тыя, хто яе задумвае, хто распачынае і хто непасрэдна здзяйсняе».

Артыкулу ўласцівы дух нейкай незразумела чым выкліканай праваслаўна-ўсходнеславянскай насцярожанасці, недаверу да навакольнага свету: Царква мае права карыстацца сваёй лексікай — не ўмешвайцеся ў яе справы, прапанаваны вамі выраз польскі — не навязвайце яго нам і г.д. Калі б артыкул такога кшталту адлюстроўваў рэаліі не Беларусі, а якой-небудзь незнаёмай беларускаму чытачу краіны, то можна было б падумаць, што аўтару давялося стаць ахвяраю рэлігійнай ці нацыянальнай дыскрымінацыі. Тым часам мы цудоўна ведаем, што ў Беларусі Праваслаўнай царкве гарантаваныя падтрымка і абарона дзяржавы, і ўвогуле пытанням міжканфесійнай і міжнацыянальнай згоды ўдзяляецца вялікая ўвага, таму крыўдаваць праваслаўным вернікам няма на што і баяцца няма каго. Чаму ж тады лінгвістычнае пытанне аўтар разглядае ў такім спецыфічным ракурсе — у антуражы міжканфесійнай барацьбы і грамадска-палітычнай напружанасці? Мабыць, пад уплывам міжнародных падзей, паддаўшыся атмасферы супрацьстаяння і чакання канфліктаў.

Вядома ж, калі царкоўным дзеячам патрэбен тэрмін «Ражджаство», то ніхто не забароніць ім карыстацца гэтым словам у сваім унутраным жыцці, у сваёй карпаратыўнай экасістэме. Тым болей што яно мае права на існаванне ў беларускай мове з пункту гледжання гістарычнай граматыкі (да гэтага факта Іван Чарота таксама апелюе, але мімаходзь, ускосна, здаля: «Дык чаму нельга захоўваць слова [«Ражджаство». — С. А.] у форме адаптаванай, а разам з тым і ў непасрэднай пераемнасці адносна мовы стара(царкоўна)славянскай?»). Але ў сённяшніх сацыялінгвістычных рэаліях Беларусі лексема «Ражджаство» мае трасяначны каларыт, успрымаецца як русізм, выглядае нязграбна, недарэчна, маргінальна, пра што, дарэчы, гаворыць і сам Іван Чарота, толькі больш мякка: «Згодзімся, што слова Ражджаство аказваецца не самым (блізка)адпаведным [так напісана ў газеце: (блізка)адпаведным. — С. А.] сістэме кадыфікацыі сучаснай беларускай мовы, асабліва яе фанетыкі».

Такім чынам, пагадзіцца з Іванам Чаротай можна толькі наконт таго, што дзень нараджэння хрысціянскага персанажа непажадана абазначаць язычніцкім словам. Што ж да слова «Ражджаство», то хоць яно і мае права на існаванне ў беларускай літаратурнай мове, больш гарманічна ўпісваецца ў яе сістэму словазлучэнне «Божае нараджэнне» (прыметнік «ражджэственскі» трэба перадаваць таксама словазлучэннямі: пост напярэдадні Божага нараджэння і г.д.). Спробы адпрэчыць гэтае словазлучэнне паводле нацыянальнага (польскасць) і канфесійнага (каталіцкасць) крытэрыяў недапушчальныя з пункту гледжання лінгвістыкі (на любой мове могуць гаварыць прадстаўнікі любых нацый і веравызнанняў) і неадназначныя з пункту гледжання этычнага і прававога (могуць быць праінтэрпрэтаваны як экстрэмісцкая праява, захады, накіраваныя на раскол грамадства).

Большасць людзей, якія ведаюць і любяць беларускую мову і не залежаць ад Царквы (не з'яўляюцца святарамі і шчырымі вернікамі — строгімі выканальнікамі прадпісанага Царквою ладу жыцця), наўрад ці ўвядуць у свой лексікон «Ражджаство». Не абавязана лінгвістыка падладжвацца пад рэлігію, і сваё адчуванне мовы, свой лінгвістычны густ ніхто з нас не абавязаны прыгнятаць дзеля дагаджэння таму ці іншаму веравызнанню.