21.01.2024

Кропля космасу ў кішэні селяніна

Машына ў гэтай пары — стары (такія выпускалі ў васьмідзясятых), але бязмежна надзейны ў эксплуатацыі і просты ў рамонце, серабрысты (а знутры паліўнага бака часам зеленаваты — калі ўдаецца разжыцца калгаснай саляркай за паўкошту), доўгі і расплывата-прысадзісты, са звонка-ляскатлівым і трактарна аглушальным маторам «Фальксваген Пасат Б2», за форму званы ў народзе кракадзілам.

Паразвозіўшы гарадскім кліентам яйкі, малако, смятану і тварог, на выездзе з райцэнтра яны часта наведваюць адзін і той жа гастраном. У роднай вёсцы іх чакаюць двое сыноў-малодшакласнікаў, жывыя ў яго і яе і яшчэ добра жвавыя бацькі-пенсіянеры і шмат хатняй жыўнасці.

Твары светлыя, не прапітыя, толькі шурпатыя-абветраныя: кормяцца людзі сялянскай працаю на вольных хлябах (робяць выключна на сябе, з мясцовым калгасам маюць толькі тыя стасункі, што часам купляюць у аднавяскоўцаў, акрамя вышэйзгаданага паліва, украдзенае там збожжа ды сена), плюс маюць сваю цыркулярку, плюс гатовыя ўпрэгчыся ў любую будоўлю ў родных ваколіцах. Галасы чыстыя, не пракураныя, але нізкавата-грубаватыя: сэрцы і лёгкія прызвычаіліся функцыянаваць у рэжыме амаль пастаяннай павышанай нагрузкі, загартаваныя вулічным паветрам галасавыя звязкі заўсёды напятыя, струмень паветра праз іх імкнецца густы і моцны.

Вопратка часцей за ўсё працоўная, нібыта толькі што ад статка ці з сенажаці адвярнуліся на хвіліну (ён, да прыкладу, любіць ваеннага колеру камбінезон, яна — сінія штаны з курткаю, якіх шмат навезла ёй са сталіцы, дзе прыжылася, упадабаўшы лёс гарадской дворнічыхі, родная сястра). Але ўсё на іх падчас аб'езду кліентуры чыстае, ні сіласам, ні гноем, ні яшчэ чым не патыхае.

У гастраноме плаціць заўсёды ён. Спачатку дастае з правай кішэні штаноў кашалёк і кладзе на латок купюры, пасля апускае кашалёк назад і вымае калі з бакавой кішэні верхняй вопраткі, калі яшчэ адкуль вялікую, дыяметрам са сваю далонь і таўшчынёю з кулак, бляшаную, пафарбаваную ў цёмна-фіялетавы колер і размаляваную мноствам жоўтых зорачак пушку ў форме, зноў жа, зоркі — карацей, часцінка космасу. У ёй бразгочуць манеты: прадавец можа папрасіць капеек, а можа сам даць драбязы ў рэшту, якую трэба будзе сюды закінуць.

Хутчэй за ўсё, у гэтай пушцы прадаваліся цукеркі, ці халва, ці яшчэ які ласунак, а цяпер вось скрыначка вельмі ўдала служыць для захоўвання грошай. Капеек у ёй, на першы погляд, не надта шмат, толькі дно схаванае, але ўражанне амаль пустаты ўзнікае не з прычыны малой колькасці драбязы, а праз вялікі памер пушкі. Калі ж гэтыя грошы пакласці ў якую-небудзь драбнейшую пасудзіну, напрыклад, у пушку ад абутковага крэму, то ім зробіцца цесна: усадзіш пальцы, шукаючы патрэбную манету, — сыпануць праз берагі, так што гэтая грувасткая і дзіцячая з выгляду імправізаваная манетніца — аптымальны варыянт для раз'язнога гандлю з перацяканнем у шопінг.

З'яўленне кавалачка космасу ў напрацаваных сялянскіх руках заўсёды выглядае не зусім натуральна, як штосьці вымушана-выпадковае, выклікае ўражанне кантрасту, несумяшчальнасці і крыху камізму, нібыта дарослы дурэе-дзяцініцца, нібыта хтосьці брутальны і аскетычны вырашыў далучыцца да чагосьці вытанчанага і далікатнага. Але на твары ўладальніка зорнай манетніцы — ні знаку ніякаватасці: яму так зручна і надзейна, яго ўсё задавальняе, ён такім чынам усё кантралюе, упэўнена стаіць на трывалым грунце і эфектыўна кіруе сваімі фінансамі.

Мог бы, вядома ж, перайсці на разлікі з кліентамі праз мабільны банкінг, няхай бы кідалі яму безнаяўна на картку (па нумары рахунку можна рабіць гэта без працэнтаў, незалежна ад таго, хто кліентам якога банка з'яўляецца), але ў гэтым сэнсе ёсць людзі кансерватыўныя, ёсць падазроныя (асабліва ў святле пастаянных навін пра поспехі кібермахляроў), ды і падатковым органам лішні раз дэманстраваць нейкую актыўнасць на сваім банкаўскім рахунку прадпрымальная асоба гэткага рангу не зацікаўлена. Няхай лепш усё застаецца як ёсць, і цешыць вока персанальны лапік зорнага неба, а рукі — важкасць жыццядайнага металу, а вушы — музыка дабрабыту.