05.09.2022

З тэлефонам — шкодна, без яго — страшна

Маці пагражае з акна на трэцім паверсе васьмігадовай дачцэ:

— Яшчэ раз убачу, што сядзіш у тэлефоне, — заганю дахаты.

— Я не сяджу, я толькі зазірнула, — апраўдваецца дзіця.

— Вось яшчэ раз зірнеш, — і заганю.

— Добра, я болей не буду.

Прасцей было б забраць у дзяўчынкі забаронены плод, выпраўляючы яе на двор, але тут, відаць, паўстае дылема: або здаровае баўленне часу дзіцёнкам на свежым паветры, або эфектыўны бацькоўскі кантроль з магчымасцю патэлефанаваць, калі дачка раптам знікне з поля зроку.

Вядома ж, калі дзяўчынка паддасца спакусе і чарговы раз будзе заўважана з вышыні кватэры за псаваннем уласных вачэй, то па прымусовым вяртанні дахаты ёй таксама не дадуць сысці ў віртуальны свет, вось і выбірае яна меншае ліха: лепш устрымлівацца ад заглядвання ў тэлефон, гуляючы на дварэ, чым седзячы сярод чатырох сцен.