18.06.2019

Бонус — паўкіло макулатуры

Разлічваючы мяне, прадаўшчыца кнігарні ўзрадавала:

— У вашым чэку ёсць кнігі выдавецтва «Харвест», а ў нас якраз праходзіць акцыя: купіўшы кнігі гэтага выдавецтва, вы можаце бясплатна ўзяць іншых яго кніг на такую самую суму. Жадаеце скарыстацца гэтай магчымасцю? Тады хадземце я пакажу вам акцыйную паліцу.

На жаль, паліца з халяваю была застаўлена пераважна тым, што мяне не зацікавіла: энцыклапедыя для дзяўчынак, даведнік па гінекалогіі, карысныя парады для дачнікаў, дапаможнік для самастойнага навучання маляванню — карацей, бясплатна раздавалася галоўным чынам даведачная, забаўляльная і дзіцячая літаратура. Але, пакорпаўшыся хвіліны тры, я ўсё ж знайшоў штосьці больш-менш адпаведнае маім інтарэсам і настрою на той момант — кнігу «вядомага гісторыка і даследчыка» (так сказана ў анатацыі) Юрыя Жука пра забойства расійскага цара Мікалая II і яго сям'і «Цареубийца. Маузер Ермакова» (Москва, ООО «Издательство АСТ» при участии ООО «Харвест»). Аб'ёмістая (больш за 400 старонак), гожа аформленая, з ілюстрацыямі, у цвёрдай гладкай вокладцы, на тугой белай паперы, важкая (узяў у рукі — здалося, што з паўкіло, а дома паклаў на бытавыя электронныя вагі — аказалася, амаль угадаў: 430 грамаў).

Книга на весах

Праўда, убачыла яна свет аж у 2013 годзе, але якая розніца, я ж яе не чытаў — значыць, для мяне яна новая, акунуся ў свет таямніц і загадак ды нараблю для сябе адкрыццяў!

Чытаў кнігі ў парадку чарговасці набыцця, пакідаючы гэтую, паўкілаграмовую, на дэсерт. І ў выніку застаўся без салодкага: адолеў толькі дзевяць старонак, а калі адмінусаваць тытульны ліст і сплюсаваць дзве напалову пустыя старонкі ў адну цэлую, то застанецца ўвогуле шэсць. Шматабяцальная знешнасць выдання аказалася бессаромна хлусліваю, зусім не апраўдала чаканняў, і пасля дзявятай-шостай старонкі я проста не стрываў — з агідай і прыкрасцю ляснуў кардонінаю вокладкі, закрываючы гэтую кнігу назаўсёды.

Каравы, раздражняльны, няўпэўнены стыль, нібыта выкліканы да дошкі слабы вучань пакутліва пераказвае з цяжкасцю вывучаны параграф, сам не вельмі разумеючы сэнс сваіх слоў. Непрыстойна вялікая колькасць пунктуацыйных памылак, чамусьці аднатыпных: натыркана косак там, дзе іх не павінна быць. З першых абзацаў аўтар паўстаў перада мною як пасрэдны рамеснік, здольны толькі механічна паўтарыць прачытанае ці пачутае ды апісаць убачанае — і ў выніку проста стаміць чытача. Ён нават не змог вызначыцца з назваю кніжкі: «Цареубийца. Маузер Ермакова» гучыць няцэласна і безгустоўна, эклектычна, нібыта назвы двух самастойных твораў (мяркую, што аўтар, бы пакутнік у Бурыданавай дылеме, вагаўся паміж двума варыянтамі — «Цареубийца» і «Маузер Ермакова» — і не знайшоў нічога лепшага, чым зляпіць іх у адзін недарэчны камяк). Прыводзіць іншыя хібы аўтара не стану, не хачу цытаваць тое, што цытавання не заслугоўвае і зневажае мой густ.

Юрый Жук варты пахвалы за стараннасць, ён пералапаціў мноства крыніц і нашкрэбаў на паперы ці надзёўб на камп'ютары рукапіс унушальнай таўшчыні — але не болей за тое: да творчай, захапляльнай падачы матэрыялу ён не ўзняўся, і ўжо з першых старонак мая чытацкая інтуіцыя падказала мне, што аўтару не хапіла майстэрства, каб пераплавіць мноства фактаў, сабраных пад вокладкаю кнігі, ці ў мастацкі, ці ў публіцыстычны твор, ці ў навуковую працу. Пісьменнага і патрабавальнага чытача з добрым літаратурным густам кніга «Цареубийца. Маузер Ермакова» не закране, не заварожыць і не панясе ўладна па плыні аповеду, як гэта бывае, калі, чытаючы твор сапраўднага майстра слова і глыбокага знаўцы тэмы, міжволі перамяшчаешся ў створаную ім рэальнасць. Той, хто возьмецца прачытаць «Цареубийцу. Маузер Ермакова» ад дошкі да дошкі, будзе бясконца спатыкацца аб граматычныя памылкі і стылёвыя недарэчнасці (зразумела, калі гэта пісьменны і патрабавальны чытач з бездакорным густам).

Маўленне/тэкст адлюстроўваюць унутраны свет таго, хто прамаўляе/піша, характарызуюць лад яго думак, паказваюць парадак ці бязладдзе ў яго галаве, раскрываюць яго як складаную, шматгранную і высокаразвітую асобу ці як прымітыўную, безасабовую шэрасць, прэзентуюць як разняволенага непаўторнага творцу ці як абмежаванага, павярхоўнага пераймальніка. Калі чалавек не можа жыва, выразна, пераканаўча падаць плён сваёй інтэлектуальнай працы і бездапаможна пыкае-мыкае, то я падазраю, што збор і аналіз матэрыялу ён, з прычыны асаблівасцей сваёй мысленчай дзейнасці, ажыццяўляў гэтак сама бязладна, блытана, непаслядоўна, і, значыць, зробленыя ім высновы і ацэнкі не могуць прэтэндаваць на мой давер.

Прагнучы якіх-небудзь сенсацыйных фактаў, я мог бы перасіліць сябе і насуперак свайму эстэтычнаму пачуццю, сабраўшы волю ў кулак, усё ж прачытаць кнігу пра гібель цара, нібыта прасеяць тоны пяску дзеля грама золата, але, на шчасце, аўтар пазбавіў мяне ад такога марнавання часу, прагаварыўшыся, што сенсацыйных фактаў у яго няма (а значыць, пакуты мае аказаліся б бессэнсоўнымі): «Даследаванне, якое дазволіла прыўзняць заслону над яшчэ адной, няхай сабе і невялікай, але ўсё ж таямніцаю», — так характарызуе ён сваю працу на стар. 8. Асуджаць сябе на самакатаванне шляхам спажывання чатырох соцень старонак нечытэльнай і бескарыснай пісаніны — дзеля чаго такі подзвіг? Дзеля сумніўнага задавальнення ўбачыць толькі прыўзнятую заслону, ды яшчэ і над нейкай маленькай таямніцаю? Не, выбачайце, калі ласка.

Восенню ў маёй дачкі ў школе звычайна аб'яўляюць спаборніцтва па зборы макулатуры, і падрыхтоўку да гэтай кампаніі мы ўжо распачалі: на сённяшні дзень у нас ёсць 430 грамаў знешне ого якой значнай, але ўсярэдзіне пустой папяровай масы, ад якой я з задавальненнем пазбаўлюся.