10.12.2023

Імгненне рамантыкі і драма каля смеццевых кантэйнераў

Гадзін за сем да Новага года, калі горад ужо ў асноўным сядзеў па кватэрах і рыхтаваўся да застолля, а хтосьці і распачаў яго, мы з жонкай і дачкою заканчвалі пакаваць ды насіць у машыну сумкі — збіраліся ў вёску, святкаваць з маімі бацькамі.

Я пайшоў выкінуць смецце. Зямля была голая і мокрая, неба цяжкае і змрочнае. Прыгожа падаў густы і буйны, шматкамі ваты, снег, але, на жаль, адразу раставаў. Я накінуў капюшон.

Кантэйнерная пляцоўка размешчана метраў за дзвесце ад нашага дома, і на падыходзе да яе траекторыю майго руху перасекла спераду з правага боку ў левы маладая жаночая постаць, таксама ў капюшоне, таму я з-пад свайго, ды яшчэ і скрозь снегапад, не разгледзеў яе твару, адзначыў толькі, што дзякуючы кароткай куртцы і лёгкім штонікам спартыўнага кшталту частка цела ад паясніцы да абутку мужчынскія позіркі, мабыць, прыцягвае масава. У грудзях ускінуўся і адразу апаў безнадзейны, бесперспектыўны ўсплёск пажадлівасці: як прадстаўнік супрацьлеглага полу, я станоўча ацаніў спакуслівы фрагмент жаночага цела, але з прычыны свайго сямейнага становішча памкнуцца далей за гэтую ацэнку пачуццям і думкам не дазволіў, трэба было хутчэй выкінуць смецце ды выпраўляцца ў дарогу, цешыць родных і блізкіх.

Шпурнуўшы мяшок у кантэйнер, я рушыў у адваротным напрамку і зноў убачыў гэтую постаць: яна нерухома стаяла, заканамерна ўжо з правага боку, спінаю да мяне. Ёй перагарадзіў дарогу і пазіраў у твар, разявіўшы пашчу ды звесіўшы набок канец языка, даволі буйны, мне па калена, сабака. Ён не дэманстраваў агрэсіі, памахваў хвастом — можа, нават хацеў падурэць, або пачуў ад чалавека нейкі харчовы пах і чакаў пачастунку, але я перасцярогся і запаволіў крок, разважаючы, ці не спатрэбіцца тут мая дапамога. Хваляваўся не дарма — пачуў, як постаць нясмела, ціха і ўмольна прамаўляе:

— Ну, адыдзі, дай прайсці, я цябе баюся.

Разабраць, наколькі прыгожы ў яе голас, не дазволілі адлегласць і капюшон.

Я збочыў з маршруту — пайшоў да постаці, махаючы рукамі, пляскаючы далонямі і пакрыкваючы сабаку, каб уцякаў. Постаць азірнулася на мяне і з палёгкай і ўдзячнасцю, адчуваючы ратунак, даверліва і нават адмыслова па-жаночы пяшчотна (г.зн. з выразнай ноткаю той пяшчоты, што ўзнікае менавіта ў жанчыны менавіта да мужчыны), сказала:

— Дапамажыце мне, калі ласка. Я іх баюся, мяне адзін пакусаў нядаўна. Я не магу дадому прайсці, я там вунь жыву, — махнула рукою ў бок дома, што стаіць у зоне бачнасці ад майго.

У грудзях ізноў ускінулася і апала, але гэтым разам не прыцягненне да асобы супрацьлеглага полу, а прыкрасць, бо ў жанчыны аказаўся твар алкагалічкі, голас — хрыпата-пракураны, і патыхнула ад яе смуродам танных цыгарэт, нейкага пойла ды абы-якой закускі (можа, нейкі з кампанентаў гэтай брыды і зацікавіў сабаку?).

Нахабнік з разяўленай пашчаю, нягледзячы на мае пакрыкванні, упарта стаяў і толькі калі я параўняўся з жанчынаю, неахвотна адышоў на колькі крокаў. Яна памкнулася ісці сваёй дарогаю, я павярнуў у сваім напрамку, але праз імгненне пачуў:

— Ой, ён ізноў! Дапамажыце, калі ласка.

Азірнуўся — сапраўды, сабака зноў перагарадзіў ёй дарогу. Я зноў падышоў, пакрыкваючы і махаючы рукамі, і зноў ён неахвотна адступіў на некалькі крокаў. Толькі мы наважыліся разыходзіцца — сябар чалавека чарговы раз і ў той самай манеры прадэманстраваў, што мае да маёй падабароннай нейкую справу, і яна чарговы раз папрасіла ратунку.

Я пачуваўся вельмі няёмка, маючы суразмоўніцай такую несамавітую персону, хацеў хутчэй пазбавіцца ад яе, пакуль нас не ўбачылі мінакі, але калі ўжо ў рыцарскія даспехі прыбраўся, дык трэба выконваць ролю да канца: п'яніца — таксама чалавек і раўнапраўны член грамадства, а прадстаўніца слабага полу мае патрэбу ў абароне моцнага. І я прапанаваў крыху правесці грамадзянку: падоўжу свой шлях метраў на трыццаць, калі разыдземся не тут і зараз, а спачатку зробім колькі крокаў разам у напрамку яе дома.

Сабака павалокся за намі, але, відаць, нарэшце адчуўшы сябе трэцім лішнім, якраз у той момант, калі мне трэба было пакідаць спадарожніцу і паварочваць, адчапіўся і пабег кудысьці яўна без намеру вяртацца.

Жанчына сказала дзякуй і спытала, як мяне завуць. У яе голасе разам з вышэйзгаданымі пяшчотнымі ноткамі загучала і нешта накшталт какецтва. Знаёміцца з такой паненкаю я не меў жадання і моўчкі хуткім крокам пакіраваў дамоў.

— Як вас завуць? — спытала яна наўздагон, злёгку ўзмацніўшы голас, думаючы, напэўна, што я не пачуў пытання.

Калі ж і гэтым разам я не азірнуўся, зразумела, што пазбягаю кантакту, і тон яе стаў заўважна трывожным, жаласлівым, упрошвальным (жанчына шкадавала, што знаёмства, якое магло адбыцца, не адбудзецца):

— Пачакайце! Як вас завуць? А можа, вы правялі б мяне на ўсялякі выпадак да пад'езда? Тут недалёка. А вы сам дзе жывяце? — у голас падмяшаліся ўжо адчай і раздражненне: жанчына жадала маёй увагі, шкадавала з той прычыны, што не атрымае яе, і злавалася, што нечакана ўзніклы шанц цікавага знаёмства імкліва аддаляецца, знікае разам са мною.

Я не рэагаваў. У экстраным парадку змяніла стратэгію і паспрабавала прывабіць мяне прынцыпова іншым прыёмам — не просьбаю, а, наадварот, прапановаю:

— У мяне бутэлька ёсць — хочаце выпіць?!

А можа, не варта са мною трымацца так галантна і выказвацца літаратурна — трэба больш па-свойску? А я ўсё далей... Як тапелец хапаецца за саломіну, перайшла на «ты» і пераключыла тон на панібрацкі:

— Чуеш, выпіць хочаш?! Бухаць будзеш?!! — апошнія два словы роспачна прараўла на ўсё горла, бо я адышоў зусім далёка і вось-вось павінен быў павярнуць за рог свайго дома.

Так і адбылося — павярнуў, знік з яе вачэй, і ваколіцы перастаў напаўняць яе голас.