06.12.2022

Што за прэстыж быць рабыняю?

Упхнулася ў нашу мову (сустрэў спачатку ў рускай, а днямі і ў беларускай) яшчэ адно гідзенькае слоўца з разраду «"клінер" замест "прыбіральшчык"» — прызначанае для надання ўяўнай паважнасці нічым не адметнай і не заслужанай асобе ці для паказу банальнасці як чагосьці значнага. У мяне яно выклікае тры асацыяцыі — і ўсе адмоўныя: 1) дуля; 2) польскае абазначэнне пятай кропкі; 3) наша, беларускае прыслоўе «доле» (яно можа быць і нейтральным, але мне прыгадваецца, як да маёй, цяпер ужо нябожчыцы, бабулі, што жыла ў вёсцы, летам прыязджала з начоўкаю шмат гасцей, і яна, размяркоўваючы, каму дзе спаць, прапаноўвала «доле» ці ў пуні на сене як непрэстыжныя варыянты — пытаючыся, хто сам згодзен, і нібыта выбачаючыся за недахоп на ўсіх ложкаў, канап і печы). А яшчэ крыніцы ў інтэрнэце паведамляюць, што слова гэтае пайшло ад старажытнагрэцкага абазначэння рабыні. Ужо здагадаліся, пра што (дакладней — пра каго) гаворка? Можа, тыя, хто абазначае сябе гэтым тэрмінам, проста не ведаюць пра яго такі непрэстыжны і сумніўны — рабскі — радавод, іначай паспяшаліся б перакваліфікавацца з недарэчных доул у старых добрых і родных нашаму народу бабак, сядзелак ды нянек?