18.11.2023

Юрыспрудэнцыя — монстр, выгадаваны старажытнай субкультурай

Галоўным прызначэннем прававой сістэмы любой краіны пазіцыянуецца забеспячэнне законнасці і справядлівасці. Праваахоўныя органы і суды самаідэнтыфікуюцца як служыцелі закону. У канстытуцыях і іншых нарматыўна-прававых актах дзяржаў дэкларуецца роўнасць усіх грамадзян перад законам, аднолькавыя правы і магчымасці для ўсіх.

Чаму ж тады без адваката можна прайграць судовы працэс, а з адвакатам — выйграць? Чаму адвакат можа змякчыць адказнасць за адміністрацыйнае правапарушэнне ці крымінальнае злачынства або нават дапамагчы пазбегнуць яе? Раскашэліўся на абаронцу — адстаяў свае інтарэсы, нават незаконныя (у выпадку, калі адвакат абараняе злачынцу), не маеш неабходнай сумы — церпіш паразу. Што гэта, як не апасродкаваная, вытанчаная, шматхадовая прадажнасць закону?

Не, атрымлівае грошы ад зацікаўленай асобы не ахоўнік закону (міліцыя/паліцыя, суд), але галоўнае тое, што зацікаўленая асоба дзякуючы грашам дасягае сваёй сумніўнай мэты. І ў аднолькавых сітуацыях у залежнасці ад наяўнасці або адсутнасці ў зацікаўленай асобы грошай развязкі сітуацый могуць аказацца цалкам супрацьлеглымі!

Хочаш жыць — умей судзіцца

У 2018 годзе аўтар гэтых радкоў прысутнічаў пры разглядзе скаргі простага чалавека, шафёра, на банк, акі адмовіўся ажыццявіць для яго адну працэдуру, прычым у дадзенай сітуацыі прынцыпова важна, што гэтая працэдура не патрабавала ад банка ніякіх выдаткаў і нікому ад яе не было б ніякай шкоды (падрабязнасці тут і далей апушчаны, каб прадухіліць ідэнтыфікацыю асобы, пра якую ідзе гаворка). Прысутнічалі пры разглядзе скаргі і сам яе падаўца, і прадстаўнік банка.

Раней грамадзянін, змагаючыся за свае інтарэсы, двойчы судзіўся з банкам, але прайграў абодва працэсы — на раённым і абласным узроўнях. Важная дэталь: на судах ён не карыстаўся паслугамі адваката, а інтарэсы банка абараняў штатны юрыст гэтай установы. Пасля пройгрышу ў абласным судзе грамадзянін, не губляючы ўпэўненасці ў сваёй рацыі, пайшоў на прыём у абласную пракуратуру, і там яму паведамілі вось што: закон сапраўды на яго баку, яго інтарэсы ў спрэчцы з банкам павінны быць задаволены ў поўным аб'ёме, толькі пракуратура ў гэтай сітуацыі не мае прававых механізмаў, каб задаволіць яго інтарэсы, а суды ён прайграў таму, што сітуацыя складаная і дзейнічаць правільна, з улікам усіх яе юрыдычных тонкасцей, сам ён, неюрыст, не змог і не зможа, таму калі хоча дабіцца свайго, то цяпер няхай смела (не баючыся змарнаваць грошы) наймае адваката і мае 100-працэнтную ўпэўненасць, што, даверыўшы справу прафесіяналу, лёгка яе выйграе.

Прысутны на разборы прадстаўнік банка прымірэнчым тонам тлумачыў, што банку было без розніцы, на чыю карысць прыме рашэнне суд, бо банк у дадзеным выпадку нічога не губляе ні так, ні гэтак, але проста акалічнасці сышліся менавіта такім чынам: у выніку ўступлення ў сілу новага рэспубліканскага нарматыўна-прававога акта грамадзянін страціў пэўныя правы, атрыманыя ім яшчэ ў 2005 годзе і праз недагляд своечасова належным чынам не аформленыя, а на момант яго звароту ў банк тэрмін, адведзены на афармленне гэтых правоў, скончыўся, і банк вымушаны быў заняць менавіта такую пазіцыю — не ажыццяўляць працэдуру, якую, тым не менш, як цяпер высветлілася, ажыццявіць было можна, калі б грамадзянін праз суд пацвердзіў атрыманыя ім 13 гадоў таму правы (што ён і спрабаваў зрабіць, ды без адваката — беспаспяхова).

На закон для людзей, а людзі для закону

Прававая сістэма любой дзяржавы (хто не згодзен, няхай прывядзе прыклады выключэнняў) — гэта асобны штучна створаны неверагодны свет, у якім яго думкаблудныя стваральнікі жывуць паводле сваіх правілаў, нярэдка далёкіх ад сапраўднай справядлівасці і здаровага сэнсу, і прымушаюць жыць паводле гэтых правілаў усё грамадства ў межах і па-за межамі свайго недарэчнага свету, г.зн. навязваюць іх усім разумным, псіхічна і маральна здаровым людзям.

Гэтыя правілы, як у вышэйпрыведзеным прыкладзе з банкам, грунтуюцца на прынцыпе «Не закон для людзей, а людзі для закону» (толькі самі думкаблуды ў гэтым не прызнаюцца).

Гэтыя правілы вучаць знаходзіць крайняга, а не сапраўды вінаватага: дазволіў знаёмаму скарыстацца сваёй машынаю, а ён учыніў на ёй ДТЗ і кагосьці скалечыў — плаціць скалечанаму пажыццёвую рэнту будзеш ты.

Гэтыя правілы слепа нацягваюць сітуацыю на шаблон, накладваюць яе на літару закону, пакідаючы за рамкамі пачуцці, агульнапрынятыя ўяўленні пра мараль і чалавечую годнасць: цябе б'юць — не думай даваць адпор, можаш толькі ўхіляцца ад удараў, і цярпі, спадзявайся, што застанешся жывым і зможаш паскардзіцца; калі ж хопіш лішку з самаабаронай, дапоўніўшы яе двума-трыма маніпуляцыямі выхаваўчага прызначэння, то можаш сам застацца вінаватым.

Гэтыя правілы схаластычныя, крывадушныя, ілжывыя і бесчалавечныя. І яны былі такімі ад самага пачатку, у зародышы, у перыяд іх фармавання ў глыбокай старажытнасці. «Dura lex, sed lex» («Суровы закон, але ён закон»), — казалі старажытныя рымляне, тым самым ускосна даючы зразумець, што нешта тут нячыста, што створаныя імі законы супярэчаць прыродзе чалавека, але адступаць ужо няма куды: законы прыдуманы, уведзены ва ўжытак і, нягледзячы на іх сумніўнасць і неадназначнасць, мусяць выконвацца — монстр нарадзіўся, вырас, увабраўся ў шалёную сілу, усіх перамог і падпарадкаваў, зрабіў сваімі рабамі, бяспраўнымі рабамі права.

Монстрагадоўля

Першыя, дагістарычныя законы, напэўна, былі простыя і справядлівыя, як старазапаветнае «Вока за вока, зуб за зуб», — і зразумела, і пярэчанняў у разумнага і сумленнага чалавека не ўзнікне. Але з цягам часу яны разрасталіся, ускладняліся, нагрувашчваліся, разумець іх атрымлівалася ўсё цяжэй, трэба было прыводзіць іх да адпаведнасці адзін аднаму, здымаць супярэчнасці паміж імі. Знайшліся людзі, якія з задавальненнем корпаліся ў гэтай галаваломнай сістэме ведаў, нібыта даводзячы яе да ладу. «Нібыта» — таму, што на самай справе яна ў выніку заставалася не менш хаатычнай і блытанай, толькі рабілася зразумелаю для таго, хто ў ёй калупаецца і фармуе яе. І болей за тое, нарматыўна-прававыя акты, скарэкціраваныя дзеля зняцця супярэчнасцей паміж імі, пачыналі супярэчыць рэальнаму жыццю, здароваму сэнсу, маральным нормам, агульнапрызнаным і бясспрэчным уяўленням аб справядлівасці. Стварэнне ўсёабдымнай і зладжанай, выразна структураванай, раскладзенай па палічках прававой сістэмы стала самамэтаю, дзеля дасягнення якой стваральнікі сістэмы не зважалі на інтарэсы людзей, падмянялі каштоўнасці, ігнаравалі законы логікі, — карацей, у запале азарту заканадаўцы-думкаблуды прыносілі ў ахвяру свайму жудаснаму спараджэнню справядлівасць і здаровы сэнс.

Монстр рос. Па меры росту ў яго станавілася ўсё больш абслуговага персаналу — юрыстаў. Склалася юрыспрудэнцыя ва ўсіх сэнсах гэтага тэрміна. Служкі права мелі асалоду ад усведамлення сваёй прыналежнасці да гэтай магутнай сістэмы ўсеагульнага прыгнёту, цешыліся сваёй далучанасцю да касты абраных, смакавалі сваю магутнасць. Напэўна, неяк аналагічна адчувае сябе ў моманты пэцкання паперы прыдумляка якога-небудзь брыдкага жудзіка: разумее, што лепіць нешта агіднае і шкоднае, але прага пацешыць амбіцыі перамагае, і ён з задавальненнем уяўляе, як у гэты смуродны выкід яго хворай фантазіі будуць таропіцца мільёны — і дрыжаць, і начамі пасля не спаць, і цемры баяцца. Можна параўнаць псіхалогію стваральнікаў права і з псхіалогіяй падлеткаў, паяднаных сваім слэнгам, стылем вопраткі і ўсялякімі завядзёнкамі, норавамі: мы не такія, як усе, мы прагрэсіўныя, мы найкруцейшыя, іншым нас не зразумець, яны адсталыя, не дараслі да нашага ўзроўню, няхай малеча нам зайздросціць і імкнецца быць падобнаю да нас, а бацькі з настаўнікамі няхай пад нас падладжваюцца і ідуць на кампрамісы.

Толькі, у адрозненне ад падлеткаў, чые мова, мода і норавы так і застануцца субкультураю, старажытным думкаблудам і іх паслядоўнікам удалося ўзвесці сваю «субкультуру» ў ранг абавязковага для ўсіх ладу жыцця, за адхіленне ад якога пагражае пакаранне.

Адвакаты не вінаватыя. Яны — толькі індыкатары

Як зрэдку праз цікаўнасць узнікае жаданне паглядзець жудзік, як даводзіцца міжволі далучыцца да асяроддзя ўпэўненых у сваёй выключнасці ды абранасці смаркачоў (напрыклад, сустрэўшыся з іх статкам у сваім пад'ездзе), так выпадае часам і зрабіцца зацікаўленым, актыўным суб'ектам прававых адносін — удзельнікам адміністрацыйнага ці судовага працэсу, заяўнікам, аўтарам прапановы па карэкціроўцы заканадаўства. І гэтая роля ў нейкі момант можа нават спадабацца.

Калупацца ў заканадаўчых актах, складаючы скаргу ці водгук на прад'яўлены табе судовы іск (і тое, і другое аўтару гэтых радкоў даводзілася рабіць не аднойчы), — занятак захапляльны. У нейкі момант пачынаеш адчуваць сябе ці то фокуснікам, ці то чарадзеем, ці то вырашальнікам лёсаў: сядзіш з кубкам гарбаты, барабаніш клавішамі, дэманструеш сваю глыбакадумнасць і прадчуваеш, як з улікам гэтых тваіх практыкаванняў упаўнаважаным органам будзе прынята абавязковае да выканання рашэнне. Вырастаеш ва ўласных вачах, бачыш сябе значным, магутным (хаця яшчэ невядома, чым для цябе справа скончыцца). А як, напэўна, кайфуюць у такія хвіліны адвакаты! Для іх жа вынікам цяганіны стане ганарар!

Адвакаты на сваіх асабістых інтэрнэт-старонках і на форумах падказваюць, інструктуюць, што ў працэсе складання скаргі неабходна паведамляць, якія нарматыўна-прававыя акты, якія артыкулы якіх кодэксаў парушыла службовая асоба — аб'ект гэтай скаргі. Складаючы заяву, таксама абгрунтуй артыкуламі кодэксаў ды законаў, чаму выкладзеную табою ў заяве просьбу павінны выканаць. Не ведаеш, на што спасылацца, — шукай, чытай, заглыбляйся. А лепш заплаці таму, хто ведае, — і ён забяспечыць выкананне тваіх, увага, правоў і законных інтарэсаў! Твае правы і законныя інтарэсы — гэта тое, што ў адпаведнасці з законам павінна выконвацца, але чамусьці каб яны гарантавана былі выкананы, ты павінен заплаціць.

Не, вядома ж, можаш і не плаціць, а дзейнічаць самастойна. Але памылішся, не на той артыкул спашлешся ці праз няведанне прапусціш тэрмін падачы скаргі — і наракай тады сам на сябе. А тое, што ты не валодаеш гэтымі тонкасцямі, не ты мудрагеліў выкладзеныя тарабарскай моваю бясконцыя законы, не ты нараджаў і гадаваў гэтага монстра, нікога не хвалюе.

Нікога не хвалюе, а кагосьці і радуе: для адвакатаў кожны такі непасвечаны — патэнцыяльны кліент, дойная карова.

Магчыма, у кагосьці ўзнікне ўражанне, што аўтар гэтых радкоў за штосьці злуецца на адвакатаў, лічыць іх сквапнымі, аматарамі пажывіцца на чужым горы. Зусім не. Проста яны некалькі разоў згаданыя ў гэтым тэксце, бо наяўнасць такой катэгорыі юрыстаў, існаванне гэтага інстытуту з'яўляецца сведчаннем жудаснай несправядлівасці прававой сістэмы краіны, у якой такі інстытут існуе (а ў якіх, скажыце, дзяржавах яго няма?). Зірнём праўдзе ў вочы: прававую сістэму можна было б назваць зразумелай (празрыстай) і справядліваю толькі ў тым выпадку, калі б грамадзяне не мелі патрэбы ў платнай абароне сваіх правоў і законных інтарэсаў. Запярэчыць на гэты конт можна толькі крывадушна і сафістычна.

© Сяргей Абрамовіч, 2023